Жыхары вёскі Дзеркаўшчына некалькі гадоў не могуць дамагчыся рамонту дарогі

Пры гэтай дарозе размешчаны свінатаварны комплекс. I ў сувязі з леташняй эпідэміяй афрыканскай чумы шлях перакрылі. Цяпер, каб патрапіць у Дзеркаўшчыну, даводзіцца рабіць кола ў некалькі кіламетраў па дарозе ў вельмі дрэнным стане. На яе рамонт сродкаў няма, распавядае мясцовы жыхар Уладзімір Тупека:

“Я званіў нядаўна дырэктару, а ён гаворыць, што рабіць нічога не будзе”.

Не рамантуецца дарога і праз саму вёску Дзеркаўшчына, дзе на асфальце таксама шмат ям. Працягвае Уладзімір Тупека:

“У гэтым годзе яны ніводнай ямы ў Дзеркаўшчыне асфальтам не залаталі. Ямачны рамонт праведзены не быў”.

Жонка Уладзіміра Марыя дадае, што з-за дрэннай дарогі затрачваецца шмат паліва:

“І эканамічная бяспека краіны тут церпіць. Колькі лішняга бензіну і саляркі паліцца! Не толькі на асабістым транспарце, а і ўсе аўтобусы, і пошта, і ў краму тавары, і калгасны транспарт таўчэцца па гэтай дарозе і кругі прыходзіцца рабіць”.

Дырэктар дарожнай службы Глыбокага Аляксандр Васілец адзначае, што дарога закрыта паводле рашэння райвыканкама, а на які тэрмін, ён не ведае. А вось на пытанне, ці плануецца адрамантаваць аб’язны ўчастак дарогі, адказвае катэгарычным “не”:

“Не, не, не. Гэта дакладна не плануецца. Там гравейка, цяпер там падмерзла. Адпусціць, грэйдэр пусцім, будзе роўная. А так нічога іншага мы не прыдумаем”.

Праўда, калі ў Глыбокае прыязджаў Уладзімір Андрэйчанка, які з’яўляецца дэпутатам Палаты прадстаўнікоў ад гэтай акругі, дарогу прагрэйдавалі і сродкі на гэта адразу знайшліся. Але дарога зноў разбілася.

Былы супрацоўнік дарожнай службы Аляксандр Асіпенка раіць мясцовым жыхарам звярнуцца ў абласную дзяржаўтаінспекцыю.

“Трэба зрабіць запыт на абласную ДАІ: дайце паперку, на якой падставе закрылі дарогу. І паглядзець, што яны адкажуць. Таму што закрыць могуць толькі з дазволу абласной ДАІ, і калі закрылі незаконна, то абласная ДАІ адразу прыйдзе і аштрафуе”.

На днях гэты запыт будзе адпраўлены. Дадаткова спадар Тупека збіраецца сабраць подпісы жыхароў вёскі, каб зноў паставіць пытанне рамонту дарогі перад вышэйшым кіраўніцтвам. Пакуль жа жыхарам застаецца спадзявацца толькі на зіму, калі яна будзе снежнай, то ямы зараўняюцца і да вясны дарога будзе добрай.

Фота: pin-mix.spb.ru

Спецыяльна для праграмы Кардыяграма 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі