Квір-беларуска расказала пра пагрозы сілавікоў і вымушаны ад'езд з краіны
Гера (справа) і яе сяброўка Аліна / Фото из личного архива
19 чэрвеня 2026 года ў Беларусі ўступіў у сілу артыкул 19.16 КаАП, які ўстанаўлівае адказнасць за так званую "ЛГБТК+-прапаганду". Ініцыятыва TG House расказвае гісторыю 23-гадовай квір-беларускі па імені Гера, якая ў ліпені 2026 года разам са сваёй дзяўчынай была вымушана экстранна пакінуць Беларусь і звярнуцца за прытулкам у Іспаніі.
Паводле слоў Геры, падставай для ад'езду сталі дзеянні супрацоўнікаў міліцыі, якія сачылі за яе акаўнтамі ў сацыяльных сетках і патрабавалі выдаліць кантэнт, звязаны з ЛГБТК+.
Фармальнай падставай для першага допыту ў пачатку 2024 года стала справа аб крадзяжы ў знаёмага, аднак у аддзяленні сілавікі распытвалі Геру пра яе асабістае жыццё і адносіны з дзяўчынай.
Як расказала Гера, следчы заявіў ёй, што за яе акаўнтам "даўно сочаць", і патрабаваў выдаліць усю інфармацыю, звязаную з прыналежнасцю да квір-супольнасці.
25 чэрвеня 2026 года, паводле слоў Геры, ёй патэлефанаваў чалавек, які прадставіўся ўчастковым Завадскога РУУС, і патрабаваў з'явіцца "на допыт" з-за скаргі за "прапаганду нетрадыцыйных каштоўнасцей".
Каля аддзялення міліцыі сілавік без дакументаў і пратакола выемкі забраў яе тэлефон, спаслаўшыся ў тым ліку на актыўнасць у TikTok яе дзяўчыны Аліны.
Пасля гэтага Гера з партнеркай звярнуліся па дапамогу ў арганізацыю TG House, якая займаецца эвакуацыяй з Беларусі, і выехалі з краіны ў Іспанію.
Ужо пасля ад'езду на адрас рэгістрацыі Геры ў Беларусі прыйшла судовая павестка на яе імя.
У каментары для Еўрарадыё дырэктар TG House Аліса Сармант адзначае, што яны ў Беларусі ў апошні час "часта сталі фіксаваць запалохванне людзей артыкулам 343 Крымінальнага кодэкса, калі яны не стануць супрацоўнічаць і не будуць перадаваць інфармацыю пра сваіх знаёмых з квір-супольнасці".
Ініцыятыва TG House заклікае адразу паведамляць пра такое праследаванне праваабарончым арганізацыям.
— Я не разумею, навошта сілавікам квір-людзі. Яны не ўяўляюць ніякай пагрозы — яны проста хочуць жыць сваім жыццём. Публічную прастору ўжо амаль цалкам зачысцілі, а цяпер яшчэ людзям не даюць свабодна існаваць.
З боку можа здавацца, што рэпрэсіі закранаюць толькі дзесяткі людзей. На самай справе большасць пацярпелых маўчыць. Людзей запалохваюць, яны баяцца адкрыта гаварыць, а часам не ведаюць, куды звярнуцца, — кажа Аліса Сармант.