Вы тут

Жыхарцы Гомеля забаранілі 5 з 25 акцый супраць дэкрэта аб “дармаедах”

Марыя Тарасенка і яе прадстаўнік у судзе Леанід Судаленка / Андрэй Стрыжак, gomelspring.org

Жыхарка Гомеля Марыя Тарасенка, вядомая паспяховай спробай праз суд аспрэчыць прылічэнне да “дармаедаў”, хацела правесці ў розных гарадах 25 акцый супраць “дармаедскага” дэкрэта. На гэты момант Тарасенка ўжо атрымала пяць адмоваў: з Добруша, Рэчыцы, Мазыра, Рагачова і Гомеля. 

У абласным цэнтры забароненыя адразу чатыры акцыі, заяўленыя ў кожным раёне горада. Нагодай стала тое, што заяўніца не пазначыла маршрут вулічных шэсцяў. Хаця Тарасенка сцвярджае, што ў кожнай заяўцы ўказала канкрэтную вуліцу, па якой меркавала прайсці з аднадумцамі.

gomelspring.org

З дапамогай праваабаронцаў Марыя збіраецца аспрэчыць у судзе кожную забарону.

“Гэтая смелая жанчына паказвае ўсім нам, як трэба адстойваць свае правы. І па адмове ў правасуддзі, і па адмове ў пазове пра маральную шкоду, і зараз па ўсіх гэтых адмовах у пратэстных акцыях мы вычарпаем усе ўнутраныя сродкі прававой абароны. Калі пасля гэтых мер нас не пачуе Канстытуцыйны суд — перададзім кейс на міжнародны ўзровень”, — кажа праваабаронца Леанід Судаленка. І дадае, што “Марыя Тарасенка супраць “дармаедскага” дэкрэта” абавязкова ўвойдзе ў падручнікі па гісторыі Беларусі.

Судаленка таксама дадаў, правядзенне несанкцыянаванай акцыі пагражае яе арганізатарам і ўдзельнікам сур'ёзнымі адміністратыўнымі санкцыямі — да 50 базавых велічынь штрафу (1275 рублёў) ці нават да 15 сутак арышту.