Далей забароняць гуляць па вуліцы? “Эталонная дармаедка” з Гомеля ідзе ў суд

Далей забароняць гуляць па вуліцы? “Эталонная дармаедка” з Гомеля ідзе ў суд

Марыя Тарасенка з Гомеля займаецца хатняй гаспадаркай. Грошы ў сям’і зарабляе муж, яго даходу цалкам хапае. На жанчыну аформленая іх двухпакёвая кватэра.

У сярэдзіне студзеня чыноўнікі паведамілі Марыі, што для яе як для “дармаедкі” з 1 студзеня павышаецца камуналка. Ніякіх змякчаючых абставін, якія прадугледжвае дэкрэт, у жанчыны няма. З гледзішча беларускага ўраду Марыя — эталонная дармаедка.

Гамяльчанка не пагаджаецца з тым, што не ўдзельнічае ў фінансаванні дзяржаўных выдаткаў. Яна збіраецца дабіцца выключэння з “базы дармаедаў” нават праз суд.

Павысілі плату за ваду. Што далей?

Сваім прыкладам жанчына хоча паказаць іншым, што свае правы трэба бараніць.  

“Выключэнне з “базы дармаедаў” — не адзіная мэта, — распавядае Марыя Еўрарадыё. — Я хачу натхниць людзей, якія атрымліваюць “лісты шчасця”. Каб яны не ўпадалі ў дэпрэсію, не адчувалі свябе непаўнавартасными. Людзі могуць патрабаваць абароны сваіх правоў.

Мне страшна, які можа быць працяг. У гэтым годзе павышэнне тарыфаў на ваду і ацяпленне. Якое апавяшчэнне ад уладаў як непрацоўны чалавек я магу атрымаць пазней? Мне забароняць выходзіць на вуліцу? Ці за тое, каб зайсці ў парк, трэба будзе заплаціць? Гэта ж бяздонная тэма”.  

Дэкрэт №3 давёў да дэпрэсіі

Марыя Тарасенка каля дзесяці гадоў адпрацавала на швейных прадпрыемствах. Потым у сям’і вырашылі, што на жыццё будзе зарабляць муж. Але ў сярэдзіне студзеня жанчыне патэлефанавалі з цэнтральнага ЖЭУ Гомеля і паведамілі, што з 1 студзеня 2019 года для беспрацоўных уласнікаў кватэр павышаюцца цэны на гарачую ваду.

Далей забароняць гуляць па вуліцы? “Эталонная дармаедка” з Гомеля ідзе ў суд
"Лісты шчасця" для беларусаў

Марыя распавядае Еўрарадыё, што пытанні наконт яе “дармаедства” з’яўляліся ў чыноўнікаў і раней.

“Усё пачалося з Дэкрэта №3, які дакаціўся да мяне ў снежні 2016-га года, — кажа Марыя Тарасенка.  — Тады я атрымала апавяшчэнне, што не ўдзельнічаю ў фінансаванні дзяржаўных выдаткаў. Мне трэба заплаціць ці то даніну, ці то аброк, але чамусьці называлася гэта падаткам. Мяне гэта вельмі абурыла, але я нічога не змагла зрабіць. У мяне пачалася дэпрэсія”.

Пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка адправіў дэкрэт на перагляд, чыноўнікі быццам бы забыліся пра Марыю. Але ненадоўга. Сёлета яе запрасілі патлумачыць, чаму яна “не занятая ў эканоміцы”. Але ў сям’і вырашылі, што не павінны нічога нікому тлумачыць.

“Мне патэлефанавалі з домакіраўніцтва па просьбе адміністрацыі Чыгуначнага раёна Гомеля,  — працягвае жанчына. — Мне, як уладальніцы кватэры, пагражае павышэнне платы за гарачую ваду ў 4-5 разоў. У канцы года мяне таксама чакае павышэнне тарыфаў за ацяпленне. Усё праз тое, што я не працую”.

Жанчына называе Дэкрэт №3 абсурдам, які выходзіць за межы разумення.

Любы жывы чалавек заняты ў эканоміцы

Каб абараніць свае правы, жыхарка Гомеля звярнулася ў рэгіянальную суполку прафсаюза РЭП. Скаргі аб парушэнні правоў Марыі Тарасенка ўжо адпраўленыя ў Гомельскі абылвыканкам і адміністрацыю Чыгуначнага раёна горада.    

Сябра Савета прафсаюза РЭП Андрэй Стрыжак называе фармуліроўку “не заняты ў эканоміцы” дзіўнай, а ў выпадку з Марыяй Тарасенка, па яго словах, шанцы на паспяховы вынік ёсць.

“Любы жывы чалавек заняты ў эканоміцы,  — распавёў Еўрарадыё Андрэй Стрыжак. — Карыстанне грамадскім транспартам і сувяззю, пакупкі ў крамах  — гэта ў любым выпадку занятасць у эканоміцы. Нават калі чалавек поўны ўтрыманец, бо яго забяспечвае той, хто ўтрымлівае. Таму словазлучэнне “не заняты ў эканоміцы” эканамічна непісьменнае. І гэта добра дэманструе ўзровень нашых чыноўнікаў, якія прымалі дэкрэт”.

У выпадку Марыі Тарасенка будуць сабраныя дакументы, якія пацвярджаюць, што жанчына пражывае ў Беларусі і ўдзельнічае ў эканоміцы.

Далей забароняць гуляць па вуліцы? “Эталонная дармаедка” з Гомеля ідзе ў суд
Скарга Марыі Тарасенка да гарадской адміністрацыі

“Наша мэта больш стратэгічная, — дадае гомельскі праваабаронца. — Будзем апрацоўваць алгарытм, па якім кожны чалавек, які трапіў у “базу дармаедаў”, мог бы абараніць свае правы. Практыка паказвае, што, калі пачынаецца сур’ёзнае разбіральніцтва, улада вызваляе людзей ад таўра, якое паставіла”.

Вызваленне Марыі Тарасенка з “базы дармаедаў” беларускія праваабаронцы пачнуць праз судовыя пасяджэнні. Калі гэта не дапаможа, юрысты прафсаюза РЭП і праваабарончага цэнтра “Вясна” звернуцца ў Камітэт па правах чалавека ААН.

Далей забароняць гуляць па вуліцы? “Эталонная дармаедка” з Гомеля ідзе ў суд
Падчас вулічных пратэстаў

Дэкрэт №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” Аляксандр Лукашэнка падпісаў 2 красавіка 2015-га года. Дакумент абавязаў грамадзянін Беларусі, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі краіны, але не маюць афіцыйных даходаў, плаціць збор на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў. Пры гэтым дзяржава на падставе сваіх звестак запісвала чалавека ў сацыяльныя ўтрыманцы аўтаматычна. Чалавек, нязгодны з сітуацыяй, мусіў даказваць, што не з’яўляецца “дармаедам”.

Дэкрэт выклікаў абурэнне ў грамадстве і прывёў да вулічных пратэстаў вясной 2017-га года. Улады тэрмінова прыпынілі дзейнасць Дэкрэта № 3, каб яго дапрацаваць. Абноўлены дакумент з назвай “Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва” пачаў дзейнічаць 1 студзеня 2019-га года. Згодна з ім, беларусы, якія не маюць афіцыйнай працы, павінны аплачваць камунальныя паслугі па поўным кошце.  

Больш важных і цікавых навінаў у праграме "Петарда" 30.01:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі