Жыхар Шаркаўшчыны дамогся ад райвыканкама рамонту дарогі

Прыватная фірма з Віцебска праклала на гэтай вуліцы водаправод, а вось адрамантаваць дарогу пасля прац “забылася”. Ды і да якасці працы ў жыхароў ёсць прэтэнзіі — на водаправодзе ўжо былі два прарывы.

Кіраўніцтва раёна кажа, што гэта фірма выйграла тэндар, але жыхар Шаркаўшчыны Аляксандр Асіпенка лічыць, што ў чыноўнікаў быў свой інтарэс:

“Гэта прыватная фірма вяла ваду, яны кажуць, яны выйгралі тэндар па рэспубліцы. Калі я прыйшоў, убачыў, што чалавек уяўлення не мае, як складаецца выканаўчая дакументацыя. Пра што далей я буду гаварыць, як ён мог выйграць тэндар, калі ён нават размаўляць не можа са мной, адпраўляе толькі мацернымі словамі. Адным словам, мы бедныя таму, што бяруцца людзі, каб толькі вырваць грошы, зрабіць выгляд, што яны рабілі, а на самай справе, якасці няма”.

Пасля дажджоў якасць дарогі стала такой, што нават хуткая дапамога сумнявалася, ці ехаць па ёй. Аляксандр некалькі разоў хадзіў да раённых чыноўнікаў, але справа не рухалася з месца. Толькі пасля таго, як актывіст нарэшце трапіў на прыём да кіраўніка раёна, дарогу выраўнялі, працягвае Аляксандр Асіпенка:

“Ну, зрабілі, ва ўсякім выпадку, адзін праезд зрабілі, яшчэ ў мяне застаўся Дзісненскі завулак”.

Напярэдадні мясцовых выбараў варта задумацца, каго выбіраць, лічыць актывіст, і навошта прызначаць мясцовых дэпутатаў, калі яны не могуць вырашыць нават пытання пра добраўпарадкаванне пасёлка. Тым не менш, Аляксандр Асіпенка вынікамі візіту да кіраўніка раёна застаўся задаволены. Ён спадзяецца, што ў хуткім часе атрымаецца адрамантаваць і той кавалак дарогі, які знаходзіцца на Дзісненскім завулку.

Рубрыка “Ты можаш” спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі