Жоўты ўзровень — сіноптыкі папярэдзілі пра спёку ў Беларусі ў аўторак
Спёка, ілюстрацыйнае фота / Еўрарадыё
У аўторак, 5 траўня, у Беларусі чакаецца пераменная воблачнасць, паведамляе Белгідрамет.
Уначы месцамі па паўночным захадзе, удзень на большай частцы тэрыторыі прагназуюцца кароткачасовыя дажджы, у асобных раёнах прагрымяць навальніцы. Вецер уначы будзе няўстойлівы слабы, удзень — паўднёва-заходні, заходні ўмераны, пры навальніцах парывісты.
Тэрмометры ўначы пакажуць 7-13 градусаў вышэй за нуль. Удзень чакаецца 21-27 градусаў цяпла, па поўдні краіны паветра прагрэецца да +30 градусаў. У сувязі са спёкай сіноптыкі абвясцілі жоўты ўзровень небяспекі.
6 траўня будзе воблачна з праясненнямі. Месцамі па Беларусі пройдуць кароткачасовыя дажджы, прагрымяць навальніцы. Вецер будзе пераменных кірункаў парывісты, удзень пераважна ў заходняй палове — моцны парывісты. Уначы тэрмометры пакажуць 8-15 градусаў са знакам "плюс". Удзень чакаецца 22-29 цяпла, па поўначы месцамі будзе 16-21 градус вышэй за нуль.