Заяц: Ачаг афрыканскай чумы свіней ў Іўеўскім раёне лакалізаваны! (відэа)

Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц паведаміў, што ўспышка захворвання адбылася 21 чэрвеня на тэрыторыі вёскі Чапунь Іўеўскага раёна. "Быў аб'яўлены каранцін, праведзены абмежавальныя каранцінныя мерапрыемствы. На сёння можна сказаць, што ачаг лакалізаваны", — цытуе словы міністра БЕЛТА.



Паводле слоў Леаніда Зайца, Беларусь упершыню сутыкнулася з праблемай афрыканскай чумы свіней, таму актыўна выкарыстоўваецца досвед іншых еўрапейскіх краін. У нашай краіне створаны рэспубліканскі штаб на чале з віцэ-прэм'ерам Міхаілам Русым, які "аператыўна рэагуе на сітуацыю і прымае неабходныя рашэнні".



Паведамляецца, што ў Беларусі наладжаны кантроль за вытворчасцю камбікорма і за яго ўвозам у нашу краіну. Уведзеныя спецыяльныя меры бяспекі на свінакомплексах, якія найперш датычаць іх працаўнікоў.

Нагадаем, як паведамляла Еўрарадыё, у распаўсюдзе афрыканскай чумы свінняў абвінавацілі камбікорм. У ім знайшлі ўзбуджальнікаў хваробы. Вядома, што камбікорм прывёз з-за мяжы прыватны прадпрымальнік. 

 

Афрыканская чума свіней — віруснае захворванне хатніх і дзікіх свіней. Яно перадаецца пры прамым кантакце здаровых і хворых жывёл, праз прадукты з свініны, кляшчамі і механічна (транспартнымі сродкамі, пры перамяшчэнні жывёл). Вакцыны няма. Амаль усе пагалоўе хворых свіней гіне. Жывёлы з падазроным захворваннем знішчаюцца. Для чалавека афрыканская чума свіней бяспечная.

 

Пад Стоўбцамі масава знішчаюць свіней і забіраюць мяса з халадзільнікаў

Дзяржава абяцае кампенсацыю беларусам за знішчаных свіней

 

Фота — bymedia.net