Лукашэнка папярэдзіў віцэ-прэм'ера і сказаў, што яго выратавала ад катастрофы

Лукашэнка папярэдзіў віцэ-прэм'ера і сказаў, што яго выратавала ад катастрофы

У пятніцу падчас нарады ў Оршы, прысвечанай развіццю льняной галіны і перапрацоўцы лёну, Аляксандр Лукашэнка патлумачыў, чаму віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы дагэтуль знаходзіцца на пасадзе. "Апазіцыя, не апазіцыя пісалі: вось усіх віцэ-прэм'ераў павыганяў, а Русага пакінуў, — цытуе словы кіраўніка дзяржавы БЕЛТА. — Пасля адзін нейкі паўапазіцыйны сайт, даклалі мне, напісаў: напэўна, з Русым разбяруцца па выніках года. Абсалютна правільна".

Падчас нарады Міхаіл Русы казаў, што сёлета ў планы наконт лёну ўмяшаліся неспрыяльныя ўмовы надвор'я. Лукашэнка лічыць, што справа не ў надвор'і, проста "быў не лепшы год". І гэты факт выратаваў віцэ-прэм'ера, інакш яго чакала б адстаўка. Таксама Аляксандр Лукашэнка заявіў, што кіраўнікі абласцей мала займаліся льняной галіной, інакш вынікі былі б лепшымі.

"Так, кепска, але ўсё ж такі, як кіраўнік нашага прадпрыемства тут сказаў, у яго ёсць добрая дынаміка, — гаварыў Лукашэнка. — Гэта ратуе Русага ад той катастрофы, якую пацярпелі яго калегі на чале з [ужо экс-прэм'ерам Андрэем] Кабяковым".

Лукашэнка папярэдзіў Русага, як і міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леаніда Зайца, што ў 2019 годзе праблему трэба вырашыць. Інакш праблемы будуць ужо ў іх.

Міхаілу Русаму тыдзень таму споўнілася 64 гады. Ён прайшоў шлях ад галоўнага агранома калгаса ў Жыткавіцкім раёне да аднаго з кіраўнікоў Саўміна. Русы быў міністрам сельскай гаспадаркі ў 2001-2003 і ў 2010-2012 гадах. Намеснікам прэм'ера стаў вясной 2012-га. Аляксандр Лукашэнка не першы раз яму пагражае. Чатыры гады таму, калі стаяла пытанне пра аднаўленне пагалоўя свіней у краіне, Лукашэнка так апісаў перспектыву Русаму: "Гэта турма, Міхаіл Іванавіч...".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі