Вы тут

Заўзятары разбурылі "Берлінскую сцяну" паміж "Гертай" і "Лейпцыгам"

Футбольныя заўзятары сімвалічна разбураюць сцяну паміж "Гертай" і "Лейпцыгам"

Прыгожы перфоманс з нагоды 30-годдзя падзення Берлінскай сцяны зладзілі футбольныя заўзятары на матчы "Герты" і "РБ Лейпцыг". У цэнтры стадыёна паміж камандамі была пабудаваная "Берлінская сцяна". Справа ў тым, што 30 гадоў таму, калі сапраўдная сцяна яшчэ стаяла, "Герта" і "РБ Лейпцыг" не змаглі б сустрэцца, бо гулялі ў аддзеленых адна ад адной частках Германіі, ФРГ і ГДР. 

У пэўны момант сцяну прабіў старэнькі аўтамабіль "Трабант" — на адным з участкаў Берлінскай сцяны было графіці з такім сюжэтам, яго паўтарылі і на гэтым макеце сцяны. А пасля футбольныя заўзятары наваліліся на "Берлінскую сцяну" і абрынулі яе — да радасці ўсіх прысутных.

"Берлінская сцяна" яшчэ стаіць / www.goal.com
Перфоманс пачынаецца... / www.starherald.com
...вось і ўсё! / www.starherald.com

Берлінскую сцяну пабудавалі ў 1961 годзе. Яна падзяліла Берлін на заходні, дзе вялікі ўплыў мела ЗША, і ўсходні, падкантрольны СССР. Сцяна была вышынёй больш за 3,6 метра і працягласцю каля 160 кіламетраў.

За няпоўныя 30 гадоў яе існавання больш за 100 чалавек былі забітыя пры спробе яе пераадолець. Берлінская сцяна стала адным з галоўных сімвалаў камуністычнай дыктатуры і ізаляцыі. 9 лістапада 1989 года яна была разбурана за адзін дзень.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.