Затрыманне Ізраілевіча дагэтуль не пацвярджае ніводнае сілавое ведамства

Затрыманне Ізраілевіча дагэтуль не пацвярджае ніводнае сілавое ведамства

Цягам трох дзён затрыманне бізнэсмена Аркадзя Ізраілевіча не пацвярджае ніводнае з беларускіх сілавых ведамстваў. 72 гадзіны, на якія чалавека можна затрымаць без выстаўлення абвінавачанняў, мінулі. Тым не менш, ніхто не ведае, дзе цяпер знаходзіцца Ізраілевіч, а ведамствы перакладваюць адказнасць адно на адно. 

Як піша TUT.by, спасылаючыся на інфармаваныя крыніцы з атачэння прадпрымальніка, яго няма дома і "гэта факт". Крыніца не выключае, што няма фактаў, якія дазваляюць затрымаць бізнэсмена, таму справа супраць яго можа ўзнікнуць заднім чыслом.

Інфармацыя пра тое, што бізнесмена "ўзялі" сілавікі, з’явілася ў СМІ позна ўвечары 31 кастрычніка. “Наша Ніва” паведаміла, што гаворка ідзе пра дачу хабару. Пры гэтым неназваная крыніца выдання была перакананая, што гэта “чыстая правакацыя”.

Цягам трох дзён КДБ і Дэпартамент фінансавых расследаванняў заяўлялі, што ў іх няма справы Ізраілевіча. Следчы камітэт учора, 2 лістапада, размясціў у сацыяльных сетках жартаўлівы верш, у якім даў зразумець, што таксама не займаецца справай, “дзе фігурант Ізраілевіч”. МУС не адпрэчваў, але і не пацвярджаў інфармацыю пра затрыманне прадпрымальніка.

Аркадзь Ізраілевіч з’яўляецца саўладальнікам групы кампаніяў "ІВ", якая будавала шэраг бізнэс-цэнтраў і жылых дамоў, таксама ён займаўся нафтапрадуктамі, мае долю ў асфальтавабетонным заводзе ў Мінску. Колькі гадоў таму ён меў канфлікт са сталічнымі чыноўнікамі, якія не дапусцілі будаўніцтва двух аб’ектаў у цэнтры горада, у тым ліку культурна-забаўляльнага цэнтра на беразе Свіслачы на вуліцы Пуліхава.

Сёлета ён стаў асабліва вядомым, калі абараняў уладальнікаў рэстарана “Паедзем паядзім” у Курапатах. Ізраілевіч падаў у суд на газету “Новы час”, якая сцвярджала, быццам ён з’яўляецца канцавым бенефіцыярам установы. Працэс ён прайграў. Затым пракуратура Савецкага раёна Мінска накіравала апеляцыйны пратэст на рашэння суда, але даволі хутка яго адклікала.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі