Вы тут

КДБ не пацвярджае затрыманне Ізраілевіча, МУС правярае інфармацыю

Фота: kgb.by

КДБ не пацвярджае затрыманне бізнесмена Аркадзя Ізраілевіча.

"Камітэт не затрымліваў гэтага бізнесмена. Мы не маем дачынення да гэтага затрымання", — заявіў Еўрарадыё прэс-сакратар ведамства Андрэй Яраш.

У МУС Еўрарадыё паведамілі, што правяраюць інфармацыю пра чарговае гучнае затрыманне ў беларускім бізнесе.

Чуткі пра затрыманне бізнесоўца з'явілася ў СМІ ўвечары 31 кастрычніка. Сайт “Наша Ніва”, не называючы крыніц, заявіў, што Ізраілевіч быў затрыманы яшчэ напярэдадні, 30 кастрычніка, падчас спробы даць хабар з мэтай ўрэгулявання будаўнічых пытанняў. Адвакатка бізнесмена Алена Калазаева не стала ні пацвярджаць, ні абвяргаць гэтую інфармацыю, бо "пакуль не гатовая пра гэта казаць".

Аркадзь Ізраілевіч займае 98 месца ў спісе самых паспяховых і ўплывовых бізнесоўцаў краіны па версіі "Ежедневника". Публічную вядомасць ён атрымаў з-за сувязі з рэстаранам "Поедем Поедим" ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам. Забаўляльны комплекс пабудаваны побач з месцам масавых расстрэлаў 1937-1941 гадоў. Адразу пасля яго адкрыцця ў чэрвені 2018 года там пачалі пратэставаць грамадзянскія актывісты.