Аднаго з затрыманых збілі нагамі ў прыбіральні — падрабязнасці хапуна ў Расонскім раёне
Летнік у Расонскім раёне / МУС
Затрыманыя ўдзельнікі турзлёту ў Расонскім раёне не ладзілі ніякіх рэлігійных абрадаў, а проста сабраліся сумесна бавіць час. Пра гэта адзін з іх расказаў праваабаронцам, піша "Віцебская Вясна".
Удзельнік таксама абверг словы міліцыі, быццам па летніку хадзілі голыя — хіба толькі ў лазні або падчас купання пасля яе. За намётавым гарадком, на думку ўдзельніка, маглі назіраць удзень з квадракоптара, які некалькі разоў пралятаў над тэрыторыяй.
Масавае затрыманне ў летніку, як паведамлялася раней, адбылося ўначы 29 ліпеня. Міліцыя паведаміла пра больш як 300 затрыманых, сярод якіх былі замежнікі (расіяне) і непаўналетнія. Нібыта, у міліцыю затэлефанавалі са скаргай на шумную музыку з летніка.
Відавочца кажа, што перад затрыманнем сілавікі шукалі ў летніку алкаголь і наркотыкі. Пасля гэтага ў людзей зніклі некаторыя асабістыя рэчы.
Паведамляецца, што сілавікі зняважліва ставіліся да ўдзельнікаў злёту, называлі іх "петушарамі" ("Видимо, проведя "глубокий" анализ названия "Радуга"). Пры складанні пратаколаў міліцыянты адмаўляліся даваць людзям копіі, стараліся пакінуць пустыя месцы ў пратаколах, не давалі закрэсліць пустыя радкі ці ўвогуле рвалі дакументы, калі людзі дадавалі ў іх нешта апрача афіцыйнай версіі падзей. Тых, хто адмаўляўся падпісаць пратакол без ўласных правак, пагражалі адправіць у віцебскі СІЗА. Чалавека, які выказваў заўвагі падчас правядзення допыту, збілі нагамі ў прыбіральні.
Затрыманы ўдзельнік турзлёту кажа, што людзі сядзелі ў цяжкіх умовах. Ежу і пітво далі толькі дзецям, а дарослых ніхто не карміў і не даваў вады: "Яе можна было набраць толькі ў кране ў прыбіральні Дома культуры, куды нас прывезлі". Спаць можна было толькі на падлозе. Бацькоў з децьмі перамясцілі ў фізкультурна-аздараўленчы комплекс: дзецям далі гімнастычныя маты, а дарослыя маглі легчы толькі на падлогу.
Дарэчы, хапун у летніку адбыўся напярэдадні таго, як у Расонскі раён прыехала старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. Там яна праводзіла нараду, прысвечаную турызму.