"Запіс прыпынены". Датэлефанаваліся да беларускай амбасады наконт пашпарта

Паспорт Беларуси

Паспорт Беларуси / коллаж Влада Рубанова, Еврорадио

Беларускія дыпмісіі пакуль прымаюць дакументы ў беларусаў, якія хочуць памяняць пашпарт, не вяртаючыся ў Беларусь. То-бок калі падыходзіць вашая чарга на візіт у консульства, вы яшчэ можаце паспець атрымаць дакумент. А вось запісацца ў гэтую чаргу ўжо не можаце — прынамсі, у некаторых краінах.

Гэта вынікае з размовы карэспандэнткі Еўрарадыё з прадстаўніком адной з беларускіх амбасад. Мы датэлефанаваліся да супрацоўніка і прадставіліся занепакоеным беларусам, у якога хутка заканчваецца тэрмін дзеяння пашпарта.

Змены ў працэдуру абмену пашпартоў беларусам, якія жывуць за мяжой, прадугледжаны ўказам "Аб парадку выдачы дакументаў і ажыццяўлення дзеянняў". Яго тэкст з'явіўся на сайце Аляксандра Лукашэнкі.

Прыводзім нашую размову з супрацоўнікам беларускай амбасады.

— Добрага дня! Чытаю навіны і не да канца разумею: у мяне хутка заканчваецца пашпарт, я яшчэ магу яго памяняць у амбасадзе?
— У нас запіс на лістапад толькі.
— А, то-бок калі я запішуся на лістапад…
— У нас запіс прыпынены цяпер.
— Прыпынены. Добра. Так, я зусім заблыталася. Што цяпер рабіць, каб памяняць пашпарт? Ляцець з Мілана ў Беларусь? Ці магу я, як усе нармальныя людзі, памяняць пашпарт у консульстве?
— Які ў вас пашпарт?
— Ды звычайны, беларускі.
— З беларускай прапіскай?
— Так.
— На сённяшні дзень вы можаце памяняць яго ў консульстве [калі вы паспелі запісацца на падачу раней і падыходзіць вашая чарга на падачу дакументаў — Еўрарадыё].
— А заўтра?
— Я не ведаю.
— Дык а вы самі разумееце гэты дакумент? Бо я не вельмі.
— Афіцыйна яшчэ ніякі дакумент не апублікаваны. Усе прававыя акты ў Рэспубліцы Беларусь публікуюцца на pravo.by. І калі ён будзе апублікаваны, уступіць у сілу на наступны дзень. На сённяшні дзень мы дакументы прымаем у звычайным рэжыме.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі