Беларусы змогуць атрымліваць часовы дакумент замежніка ў Балгарыі
Балгарыя, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Беларускія ўцекачы ў Балгарыі змогуць атрымліваць часовы дакумент замежніка. Пра гэта стала вядома ад Народнай амбасады Беларусі ў гэтай краіне.
"Згодна з лістом кіраўніка Дырэкцыі "Міграцыя", асобы, якія маюць дазвол на пастаяннае або на доўгатэрміновае пражыванне (паводле Дырэктывы Савета ЕС 2003/109/EC), змогуць пры жаданнi атрымаць часовы дакумент замежнiка", — пішуць прадстаўнікі Народнай амбасады.
У Балгарыі няма паўнавартаснага аналага пашпарта замежніка, таму выдадзены дакумент "будзе мець вельмі абмежаваны функцыянал". Аднак у народнай амбасадзе спадзяюцца, што ён стане важным крокам наперад i дапаможа часова вырашыць праблемы — прынамсi, для дзяцей. Адмысловая група пры МУС Балгарыi працягне працаваць над пошукам больш зручнага рашэння.
Пасля ўказу Лукашэнкі, выдадзенага ў верасні 2023 года, беларусы не могуць абмяняць састарэлыя пашпарты ў консульствах за мяжой. Між тым для многіх з іх вяртацца на радзіму небяспечна, бо ім пагражае пераслед.