Забіты мэр Гданьска не афішаваў свае беларускія карані

Забіты мэр Гданьска не афішаваў свае беларускія карані

Мэр польскага Гданьска Павел Адамовіч, які пасля шматгадзіннага змагання за сваё жыццё памёр у шпіталі пасля нападу на дабрачынным канцэрце, меў непасрэднае дачыненне да Беларусі. Пра гэта Еўрарадыё распавяла старшыня таварыства беларусаў у Гданьску “Хатка” Алена Глагоўская:

"Я вычытала ў тэксце яго дачкі, што бацька Паўла Адамовіча падчас Другой Сусветнай вайны вучыўся ў беларускай гімназіі ў Вільні. А калі я запытала ў мэра пра гэты факт, ён сказаў, што нічога пра гэта не ведае і што трэба размаўляць з яго бацькам і дачкой".

Пры гэтым, па словах Глагоўскай, у 2007-м на адкрыцці ў Гданьску памятнага знака да 125-годздзя з нараджэння Янкі Купалы, палітык узгадваў пра свае беларускія карані.

"Адкрыццё помніку Янкі Купалы ў Гданьску ў 2007 годзе адбывалася пад патранатам мэра. Тады Адамовіч прызнаўся, што ён мае беларускае паходжанне. А потым у прыватнай размове палітык распавёў, што калі быў малы, то бабуля вадзіла яго ў праваслаўную царкву ў Гданьску, бо сама была праваслаўнай", — дадала Алена Глагоўская.

Некалькі гадоў таму Адамовіч прыязджаў у Беларусь, дзе наведаў Смаргонь і Ашмяны, мясціны з якіх паходзілі ягоныя сваякі. Аднак апошнім часам палітык адкрыта не распавядаў пра свае сувязі з Беларуссю.

"Калі ён пачаў афіцыйна прызнаваць свае беларускія карані, то гэта выклікала непрыхільнасць у польскім грамадстве. Вядома, з палітычнага пункту гледжання, спецыяльна да гэтага ён не прызнаваўся", — мяркуе Алена Глагоўская.

Па яе словах, мэр Гданьска быў нетыповым пылітыкам. Ён ніколі не меў аховы і спакойна размаўляў з людзьмі на вуліцы. А ў паводзінах больш нагадваў беларуса, чым паляка. 

У Варшаве і Гданьску ды ў іншых гарадах сёння а 18-й гадзіне пачнецца акцыя салідарнасці "Стоп гвалту". Яна была запланавана, пакуль Павел Адамовіч яшчэ быў жывы.

 

Больш важных і цікавых навінаў у праграме “Еўразум” за 14.01

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі