Пацвердзілася смерць беларуса ў Італіі
Уладзімір Алдохін / threads.com/@aldokhinatatiana
Пацвердзілася смерць беларуса Уладзіміра Алдохіна, які ў верасні знік у Італіі. Пра гэта ў сацсетках напісала ягоная маці Таццяна.
"На маё няўцешнае гора, інфармацыя, што мой сыночак патануў, пацвердзілася. /.../ Дзякуй, сыночак мой, што калісьці абраў мяне ў мамы і ўсе гады быў маім самым любым і любячым, шчырым, надзейным, спагадлівым і верным сябрам. Ты маё сэрца, мая душа, маё святло, маё ўсё! Як гэта перажыць і як далей жыць", — напісала Таццяна Алдохіна.
33-гадовы Уладзімір Алдохін перастаў выходзіць на сувязь 13 верасня. Праз дзесяць дзён пра яго знікненне напісаў у сацсетках адзін з рэдактараў беларускай Вікіпедыі Уладзіслаў Чаховіч, з якім яны былі школьнымі сябрамі.
Праз некалькі дзён у Італіі знайшлі цела мёртвага мужчыны. Маці не змагла паехаць на апазнанне. Таму для праверкі ў сваякоў Алдохіна ўзялі тэст ДНК і адправілі ў Італію.