Забараніць нельга дазволіць: як у Еўропе рэгулююць электрасамакаты

Забараніць нельга дазволіць: як у Еўропе рэгулююць электрасамакаты

З распаўсюджаннем электрасамакатаў у Мінску з’явілася шмат людзей, якія на вялікай хуткасці ездзяць на іх па тратуарах і дарогах. У беларускім заканадаўстве няма аніводнай згадкі гэтага транспартнага сродку. І гэта прыводзіць да прававых калізій. Адзін з апошніх прыкладаў — вялізарны штраф і пазбаўленне правоў (па ч. 1 арт. 18.16 КаАП) за кіраванне самакатам у нецвярозым стане.

Беларуская ДАІ ўжо падрыхтавала змены ў Правілы дарожнага руху наконт электрасамакатаў, ровараў і скутараў. А пакуль яны не набылі моц, Еўрарадыё паглядзела, як рэгулюецца рух электрасамакатаў у суседзяў Беларусі і ў іншых краінах Еўропы. Магчыма, беларускім заканадаўцам варта было б прыгледзецца да замежнага вопыту.

Што кажа беларускае заканадаўства цяпер?

У Беларусі кіроўцы электрасамакатаў трапляюць у здарэнні, якія заканчваюцца не толькі падзеннем і разбітымі каленкамі, але і больш сур’ёзнымі траўмамі. А нядаўна камера фотафіксацыі ўвогуле злавіла на дарозе кіроўцу электрасамаката, які ехаў з хуткасцю 75 км/г.

Згодна з беларускімі ПДР, электрасамакат павінен лічыцца транспартным сродкам. У падпункце 2.69 пункта 2 гаворыцца, што транспартны сродак — гэта прылада, прызначаная для руху па дарозе і перавозкі пасажыраў, грузаў ці ўсталяванага на ім абсталявання. Існуе і паняцце механічнага транспартнага сродку — гэта транспартны сродак, які прыводзіцца ў рух рухавіком. Тэарытычна электрасамакаты можна было б аднесці да мапедаў, аднак у падпункце 2.27 пункта 2 ПДР ёсць дакладная фармулёўка: “механічны транспартны сродак, які прыводзіцца ў рух рухавіком з рабочым аб’ёмам да 50 куб. сантыметраў і мае максімальную канструктыўную хуткасць не больш за 50 км/г”. Электрасамакаты не трапляюць ў гэтую катэгорыю, бо электрычныя рухавікі не маюць паняцця “аб’ём”.

У новых ПДР з’явіцца тэрмін “сродак персанальнай мабільнасці”. Да іх аднясуць электрасамакаты, монаколы, гіраскутары і падобныя прылады, максімальная канструктыўная хуткасць якіх не будзе перавышаць 25 км/г. ПДР будуць прызнаваць кіроўцаў такіх прылад пешаходамі, а значыць, выезд на дарогу ім будзе забаронены. Пры наяўнасці веладарожкі “самакатчыкам” трэба будзе ехаць менавіта па ёй. 

Абмежаванне закране і магутнасць электрарухавіка прылады. Калі яна будзе перавышаць 250 Вт, то сродак персанальнай мабільнасці аўтаматычна будзе лічыцца мапедам. А гэта значыць: узрост кіроўцы ад 16 гадоў, правы катэгорыі АМ, шлем, тэхагляд, страхоўка, а таксама забарона руху па тратуарах.

Праблема ў тым, што амаль усе самыя папулярныя мадэлі электрасамакатаў маюць магутнасць ад 250 Вт да 350 Вт. Гэта значыць, хутка іх уладальнікам давядзецца атрымліваць правы АМ?..

Забараніць нельга дазволіць: як у Еўропе рэгулююць электрасамакаты

У Расіі абмежаванняў няма, Украіна змяніла ПДР у 2011 годзе, а ў Польшчы прынялі сучасны закон

У Расіі, як і ў Беларусі, хочуць змяніць існуючыя ПДР. Агулам у РФ за 2018 год адбылося 39 ДТЗ з удзелам электрычных транспартных сродкаў. 

Першы сур’ёзны інцыдэнт з электрасамакатам адбыўся яшчэ ў 2017 годзе. Тады ў выніку сутыкнення жанчына атрымала цяжкую траўму пазваночніка і шэсць месяцаў правяла ў бальніцы, аднак справа так і “павісла”. Следчыя проста не ведалі, як рэгістраваць здарэнне: па законах проста адбылося сутыкненне двух пешаходаў. А на пачатку 2019 года нават была заведзена першая крымінальная справа супраць мужчыны, які на электрасамакаце насмерць збіў 88-гадовага пенсіянера. 

Над прапановамі па “сродках персанальнай мабільнасці” працуе Навуковы цэнтр бяспекі дарожнага руху. А пакуль не ўсе даследаванні завершаныя, расійскія чыноўнікі прапануюць забараніць пракат тэхнікі, якая можа разганяцца больш чым на 20 км/г, а электратранспарт з рухавіком магутнасцю больш за 250 Вт прыраўняць да матацыклаў.

Забараніць нельга дазволіць: як у Еўропе рэгулююць электрасамакаты
Электрасамакаты ў Маскве / mos.ru

Ва Украіне змены ў ПДР датычна электратранспарту ўвялі яшчэ ў 2011 годзе. Там механічным транспартным сродкам прызнаецца той, у якім усталяваны рухавік магутнасцю больш за 3 кВт. Так, калі электраровар ці самакат мае магутнасць ад 3 да 4 кВт, то кіроўцу спатрэбяцца правы катэгорыі А1, калі больш за 4 кВт — катэгорыі А (матацыклы).

Польшча заканадаўча прыраўняла электрычная самакаты да веласіпедаў. Цяпер на такіх прыладах нельга разганяцца больш чым на 25 км/г, ездзіць можна толькі па веладарожках, а карыстацца прыладай могуць дзеці, старэйшыя за 10 гадоў. Пры гэтым падлеткі ва ўзросце ад 10 да 18 гадоў мусяць атрымаць адмысловую “роварную карту”.

Еўропа: поўная забарона, буйныя штрафы, абмежаванне хуткасці да 6 км/г, абавязковыя шлемы

Адзін з галоўных “франтоў”  рэгуляцыі электрасамакатаў у Еўропе — Парыж. У чэрвені 2019 года на вуліцах сталіцы Францыі было каля 20 000 (з большага арэндных) прылад — больш, чым ва ўсіх ЗША.

Муніцыпальныя ўлады клапоцяцца аб бяспецы пешаходаў з дапамогай буйных штрафаў — праехацца па тратуары, напрыклад, “каштуе” 135 еўра. Плануюцца і абмежаванні па хуткасці ў залежнасці ад зон. У большасці гарадскіх зон будзе дзейнічаць абмежаванне ў 20 км/г, а там, дзе вялікі трафік пешаходаў, — 8 км/г. Таксама гарадскія ўлады плануюць скараціць колькасць кікшэрынгавых кампаній да трох і кантраляваць колькасць электрычных самакатаў. Ужо ў верасні закон плануецца распаўсюдзіць на ўсю Францыю з магчымым павелічэннем штрафаў аж да 1500 еўра.

У Берліне, сталіцы Германіі, электрасамакаты цалкам легалізавалі ўсяго два месяцы таму. Ужо хутка на вуліцах горада з’явяцца спецыяльныя парковачныя зоны, дзе трэба будзе пакідаць “сродкі персанальнай мабільнасці”. Усё з-за таго, што прылады часта пакідаюць абы-дзе, што стварае хаос на вуліцах. 

 

Забараніць нельга дазволіць: як у Еўропе рэгулююць электрасамакаты
Кікшэрынг у Берліне / Reuters

Паліцыя Берліна пачне больш пільна сачыць за самакатчыкамі: забаронена, напрыклад, на адной прыладзе катацца ўдваіх ці кіраваць прыладай у небяспечнай манеры. Па статыстыцы, толькі з сярэдзіны чэрвеня ў інцыдэнтах з самакатамі пацярпела 34 чалавекі.

У Вялікабрытаніі сітуацыя з самакатамі самая, бадай што, зразумелая. Ездзіць па тратуарах тут забаронена, а на дарогі таксама выязджаць нельга, бо да такіх транспартных сродкаў нельга прымяніць “дарожныя” законы і неабходную страхоўку, правы і налогі. То-бок фактычна ездзіць на электрычных прыладах можна толькі ў парках ды на прыватнай тэрыторыі.

Забарона на рух па тратуарах дзейнічае па законе… 1835 года! 72 Highway Act 1835 не дазваляе перасоўвацца па пешаходнай зоне на любой жывёле ці транспартным сродку.

У Іспаніі пакуль што няма дзейных агульнанацыянальных законаў. У розных гарадах адбываецца сапраўдная мешаніна з абмежаваннямі і дазволамі для электрасамакатаў. Напрыклад, у Мадрыдзе шлемы абавязковыя толькі для падлеткаў да 16 гадоў, а ў Барселоне — для ўсіх. Таксама ў Мадрыдзе нельга ездзіць на электрапрыладах па тратуары, затое па дарозе можна рухацца з хуткасцю аж да 30 км/г.

Забараніць нельга дазволіць: як у Еўропе рэгулююць электрасамакаты
На вуліцах Мадрыда / Reuters

Не так даўно ў Барселоне самакатчык насмерць збіў 92-гадовую жанчыну. Супраць кіроўцы першапачаткова завялі справу за ненаўмыснае забойства, але ў выніку ўсё скончылася толькі штрафам — не хапала законаў, якія б спрацавалі ў дадзеным выпадку.

У Бельгіі таксама ўсё складана з законамі і рэгуляцыяй: кожны з 19 муніцыпалітэтаў дзяржавы мае ўласныя абмежаванні, у некаторых існуюць штрафы за перавышэнне хуткасці. Паводле афіцыйнай статыстыкі, у бальніцы сталіцы Бельгіі кожны дзень трапляе ў сярэднім два чалавекі, якія атрымалі траўмы падчас паездак на самакаце.

Італія вырашыла праблему з рэгуляцыяй: электрычны персанальны транспарт дазволены, на дарогах нельга ездзіць хутчэй за 30 км/г, у пешаходных зонах хуткасць абмежавана да 6 км/г.

Для Нідэрландаў вялікай праблемы з электрасамакатамі не існуе: там амаль усе ездзяць на звычайных роварах, таму нейкіх абмежаванняў не ўводзілі. Адзіная забарона — выезд на праезную частку.

Славенія рыхтуецца абмежаваць максімальную хуткасць да 25 км/г, але толькі на дарогах. На тратуарах хуткасць руху не павінна будзе перавышаць тэмп звычайнай хады.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі