За вылучэнне Лукашэнкі сабралі 500 тысяч подпісаў

За вылучэнне Аляксандра Лукашэнкі кандыдатам на пасаду прэзідэнта яго ініцыятыўная група сабрала ўжо больш за 500 тысяч подпісаў. Такую лічбу ў каментары агенцтву БЕЛТА назваў кіраўнік групы старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда. Падпісныя лісты, па яго словах, ужо здадзеныя ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі. Орда дадаў, што ініцыятыўная група працягне працу, каб маглі падпісацца ўсе ахвочыя.  

Другое месца па колькасці сабраных подпісаў зараз займае ініцыятыўная група Сяргея Гайдукевіча. Яе кіраўнік Алег Гайдукевіч кажа, што на чацвер 30 ліпеня было сабрана 55 тысяч подпісаў. Наступны падлік галасоў, па яго словах, адбудзецца заўтра, 6 жніўня. Група Гайдукевіча плануе да 15 жніўня здаць 120 тысяч подпісаў.

Ініцыятыўная група Віктара Цярэшчанкі заяўляе, што на 4 жніўня у іх было больш за 52 тысячы подпісаў за прэтэндэнта. Аднак у гэтай лічбе, па словах кіраўніка групы Алега Несцеркава, не ўлічаныя галасы ў рэгіёнах.

За лідэра Беларускай патрыятычнай партыі Мікалая Улаховіча сабралі каля 47 тысяч подпісаў. Яго ініцыятыўная група чакае, што пік подпісаў настане пасля 10 жніўня, калі людзі актыўна пачнуць вяртацца з адпачынкаў.

За вылучэнне Таццяны Караткевіч, паводле апошніх звестак, сабрана каля 43 тысяч подпісаў. Аднак падпісныя лісты ў тэрытарыяльныя выбаркамы група пакуль не здавала, кажа яе кіраўнік Андрэй Дзмітрыеў.

За лідара Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку сабралі каля 30 тысяч подпісаў. Палітык кажа, што гэтая лічба — без подпісаў, сабраных пры пакватэрным абыходзе.

Таксама пра 30 тысяч подпісаў кажуць і ў групе кіраўніка Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" Сяргея Калякіна.

Прэтэндэнтка ў прэзідэнты Жанна Раманоўская не агучвае колькасць сабраных подпісаў.

Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты будзе доўжыцца да 21 жніўня ўключна.

Фота: БЕЛТА

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі