Вы тут

За допіс у Твітары пра "авіяпірацтва" Лукашэнкі жанчыне пагражае шэсць гадоў

За допіс у Твітары жанчыне пагражае шэсць гадоў зняволення / pixabay.com

Пракуратура Брэста накіравала ў суд крымінальную справу на 58-гадовую замежніцу В. Жанчыну вінавацяць у паклёпе на Аляксандра Лукашэнку, спалучаным з абвінавачаннем яго ў цяжкім злачынстве (ч. 2 арт.367 Крымінальнага кодэкса), паведамляе прэс-служба Генпракуратуры.

Паведамляецца, што 23 траўня жанчына са свайго мабільніка размясціла ў Твітары фота Лукашэнкі і допіс пра тое, што ён учыніў "акт тэрарызму і авіяпірацтва".

У гэты дзень у Нацыянальным аэрапорце "Мінск" быў прымусова пасаджаны самалёт авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільню. З борта самалёта былі знятыя блогер Раман Пратасевіч і яго дзяўчына Сафія Сапега. У першыя хвіліны прэс-служба Лукашэнкі паведаміла ў Тэлеграм-канале, што самалёт быў пасаджаны па яго асабістым распараджэнні. Аднак пазней гэты допіс быў выдалены.

Падчас папярэдняга следства абвінавачаная жанчына сваю віну не прызнала. Яе ўзялі пад варту. Ёй пагражае да шасці гадоў зняволення.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.