З-за свіной чумы сапсавалі новую дарогу, за якую змагаліся некалькі гадоў

На Глыбоччыне ўжо некалькі гадоў не могуць адрамантаваць дарогу да вёскі Дзеркаўшчына. Прычына простая — у бюджэце няма грошай. Гэта вёска адна з найбольшых у раёне. Побач знаходзіцца свінатаварны комплекс “Маліноўшчына”, дзе працуюць у асноўным вяскоўцы. Шмат жыхароў вёскі таксама мусяць ездзіць на працу ў райцэнтр — Глыбокае. Дарога і да свінакомплексу, і да Глыбокага — адна, разбітая. Жыхарам Дзеркаўшчыны даводзіцца кожны дзень разбіваць свой уласны транспарт аб дрэнную дарогу або трэсціся па ямінах у рэйсавым аўтобусе.

Сёлета ўлады абяцалі адрамантаваць дарогу, былі нават выдзеленыя грошы, а раённая газета напісала, што дарогу вяскоўцам зробяць. Аднак дзяржаўных грошай хапіла толькі на трэцюю частку дарогі. Вяскоўцы пайшлі шукаць дапамогі ў кіраўніка раёна Алега Морхата. Адна з жанчын Наталля расказала Еўрарадыё пра сустрэчу з кіраўніком раёна:

Ужо проста немагчыма ездзіць, “хуткая” да нас не хоча ехаць, наперадзе зіма, аўтобусы не паедуць, як заўсёды, на працу дабірацца трэба, натуральна, людзі скардзяцца, таму мы і пайшлі”.

Паводле слоў жанчын, кіраўнік раёна іх выслухаў і скантактаваўся з дарожнікамі, але высветлілася, што сродкі на рамонт скончыліся:

Ён патэлефанаваў дырэктару асфальтавага завода, удакладніў, колькі было зроблена, колькі яшчэ неабходна зрабіць. Аказваецца, на гэты кавалачак, што яны паклалі, пайшло 4 мільярды рублёў. Яшчэ 8 мільярдаў неабходна, каб дарабіць кавалак, што застаўся. Грошай, натуральна, няма, і браць няма адкуль. Паабяцалі зрабіць у наступным годзе”.

Кіраўнік раёна абяцаў стварыць экспертную камісію, якая мусіць ва ўсім разабрацца, і даць жыхарам адказ. Але жанчыны не вераць абяцанням, працягвае Наталля:

Штосьці я сумняваюся, што справа зрушыцца з мёртвай кропкі. Яшчэ мы паслухаем свайго дэпутата, што ён нам скажа: калі зноў нас будуць карміць абяцанкамі, будзем звяртацца вышэй, збіраць подпісы, штосьці рабіць”.

Дэпутат Глыбоцкага райсавета Леанід Барыла, які жыве ў Дзеркаўшчыне, сам кожны дзень вымушаны ездзіць па разбітай дарозе. У мінулым годзе ён звяртаўся нават да Уладзіміра Андрэйчанкі, дэпутата Палаты Прадстаўнікоў па гэтай выбарчай акрузе. Дзякуючы звароту грошы да восені ўдалося знайсці, але рамонтныя работы перанеслі на вясну. Тым часам асфальт падаражэў, і сродкаў на рамонт не хапіла, расказвае дэпутат райсавету Леанід Барыла:

Да пачатку года, па-першае, падаражэў сабекошт самога асфальту працэнтаў на 10 — адпаведна, гэта адлегласць паменшылася. Грошай і спачатку не хапала на ўсю працягласць дарогі, але планавалася выкарыстаць сродкі, адведзеныя на ямачны рамонт”.

Пакуль жыхары вёскі збіраюць подпісы пад зваротам да ўладаў, адрамантаваную частку дарогі пашкодзіў свінакомплекс. Побач з ім паставілі блок-пост, і, калі перацягвалі металічную будку, сапсавалі дарогу. Ці адкажа кіраўніцтва гаспадаркі за гэты выпадак, пакуль невядома.

Спецыяльна для праваабарончай праграмы “Кардыяграма”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі