З-за дэвальвацыі ў Расіі адпачыць у Егіпце ўдваіх можна за 300 долараў

Расійскі рубель таннее нават не па днях, а па гадзінах. Гэта адбілася на турыстычнай сферы Расіі, якой актыўна карыстаюцца беларускія турфірмы: выкупляюць туры ў аператараў і прадаюць іх у нас. Паведамляюць нават пра банкруцтва некаторых расійскіх аператараў.

Даведваемся, ці закране расійскі крызіс беларускі турызм.

“У нас пакуль усё па-старому, не зачыняемся. Усе забраніраваныя туры дзейнічаюць”, — адказваюць у беларускім “Тэз-туры”.

Кошты на гарачыя туры з Масквы ўпалі ў 2,5 разы, падлічваюць у кампаніі “Атлас свету”:

“Можна паляцець у Эміраты за 400 долараў на дваіх, у Індыю 600 долараў на тыдзень. Але маленькая глыбіня продажаў, набываюць туры на люты, на лета — не”.

Банкруцтва буйных расійскіх тураператараў тут не прадракаюць, але не выключаюць спынення продажу тураў.

Буйныя тураператары, у якіх патокі ў Турцыю і Егіпет, стаяць моцна. Але попыт зніжаны, яны скарацілі палётную праграму. Некаторыя праграмы ў рэгіёнах здымаюць пасля Новага года. Банкруцяцца цяпер 2 невялікія тураператары, але Беларусь з імі не працуе”, — даводзяць у “Атласе свету”.

У “Экстра туры” не заўважылі, каб аператары адмянялі рэйсы, але ў іх таксама паніжаныя кошты з вылетам з Масквы.

“Кошты да Новага года і пасля — розныя. Танней — пасля святаў. Але ніхто нічога не адмяняе, кошты ўпалі, бо патаннела паліва”.

Ёсць рызыкі для турыстаў, адразу кажа рэдактар газеты “Турызм і адпачынак” Ліля Кобзік. Бо беларускія турфірмы завязаныя на расійскія. Яна прадракае банкруцтва дробных тураператараў.

“Ляцець з Расіі няма каму, таму кошты рухнулі. У Егіпет на дваіх на 10 дзён можна за 300 долараў з’ездзіць. Але адчуваецца рызыка. Невядома, як павернецца гэтая сітуацыя. Турызм застанецца, але ўмовы будуць перабудоўвацца. Для беларускага турызму — роля назіральніка. Як яны перабудуюць сваю сістэму, так мы будзем падладжвацца”.

Яшчэ ў жніўні ў Расіі збанкрутавалі адразу 5 тураператараў. Гэтую хвалю эканамічных праблем у Расіі называлі першай, цяпер чакаюць трэццю з-за рэзкага падзення рубля.

Фота: tourvegypt.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі