Вы тут

"З-за агароджы ізалятара даносіўся пах кавы, пад агароджай валяліся дрэды"

Затрыманыя на акцыях пратэсту выходзяць з ізалятара на Акрэсціна 14 жніўня 2020 года / Васіль Фядосенка / Reuters

Надзея — адна з вязніц Акрэсціна. 11 жніўня каля поўначы разам з сяброўкай яе затрымалі ў раёне ГЦ "Рыга". Дзяўчыне 35 гадоў, яна замужам.

Надзея не гатовая расказаць гэтую гісторыю на відэа. Але вельмі хоча, каб усе прачыталі, праз што за два страшныя дні давялося прайсці ёй і многім іншым беларускам.

 

"Сукі, морды ў зямлю, рукі за галовы"

 

Я жыву ля універсаму "Рыга", які звычайна працуе 24 гадзіны на суткі, і мы даволі часта ходзім туды ўначы, калі менш людзей. Зразумела, мы ведалі, што напярэдадні там адбывалася сутычка пратэстоўцаў з АМАПам, але 11-га жніўня увечары наваколле выглядала даволі мірна.

Да "Рыгі" мы падышлі ўтраіх — з сяброўкай і мужам. Акуратна выглянулі з-за рага — там, як звычайна ў гэты час, стаяла чалавек дваццаць. Адзін мужчына на парапеце размахваў яшчэ савецкім сцягам ПДВ. Усё было ціха. Удалечыні паказаліся аўтазакі. Мы развярнуліся і пайшлі ў бок дома — праз сквер па вуліцы Усходняй.

Далей усё адбывалася хутка. Нам напярэймы выехаў сіні мікрааўтобус. Усе, хто быў каля "Рыгі", пабеглі, і мы таксама. Муж кажа, што выразна чуў стрэлы і крыкі: "Сукі, морды ў зямлю, рукі за галовы". Сяброўка спатыкнулася і ўпала, я дапамагла ёй падняцца, забавіліся. У гэты час на нас напалі два сілавікі. Гэта быў менавіта напад. Чаму? Імя? Пасада? Што адбываецца? Не было слоў: "Вы затрыманыя". Яны лаяліся матам. Мяне дубінкай стукнулі па сцягне. Я села на зямлю і апусціла галаву. Пачала клікаць свайго мужа, каб зразумець, ці ёсць ён сярод затрыманых, але мне жорстка загадалі замаўчаць. Павялі ў бок мікрааўтобуса. Потым некалькі разоў перакідвалі з машыны ў машыну.

Гэтыя фота Надзея зрабіла 16 жніўня падчас Маршу свабоды. Бус без нумароў. 11 жніўня ў раёне "Рыгі" з такога буса выскачылі сілавікі, якія напалі на дзяўчыну і яе сяброўку

Загадалі спяваць гімн Беларусі

 

Апынулася ў спецтранспарце з дзвюма лаўкамі па баках і пустым месцам усярэдзіне. Калі нас туды запіхвалі, там ужо былі людзі: мужчыны ляжалі тварам уніз. На іх раўлі і білі дубінкамі за любы рух галавы. Білі жорстка, асабліва калі ў чалавека была з сабой нейкая сімволіка. Хтосьці плакаў і прасіў прабачэння.

На хлопцаў пачалі складаць наступны пласт мужчын. Дзяўчат раскідвалі па лаўках. У мяне пад нагамі было два хлопцы. Было адчуванне, што адзін з іх ужо не жывы. Хлопец ціха адгукнуўся, калі я пачала яго клікаць.

Машына кранулася. За тое, што я стала на іх глядзець, мяне стукнулі дубінкай па галаве. Тут у нас адабралі тэлефоны і загадалі спяваць гімн Беларусі. Ну, мы сталі спяваць. "Мы, беларусы — мірныя людзі" — чаму не? Паўсюдна валяліся аднадоларавыя купюры. Яны іх ці самі раскідалі, ці ў кагосьці з кашалька дасталі і раскідалі і раўлі матам: "Колькі вам заплацілі?"

Падчас перасадкі мы павінны былі крычаць "Я люблю АМАП". Наступны аўтазак — са стаканамі. У кожным стакане па 5 чалавек. Нам нельга было падымаць галовы. Але мая сяброўка разгледзела ў аднаго з амапаўцаў нашыўку 015. У "стаканах" мы даехалі да ізалятара на Акрэсціна. Да суда мы не ведалі, дзе знаходзімся.

Гэтыя фота Надзея зрабіла 16 жніўня падчас Маршу свабоды. Аўтазакі і бусы без нумароў на вуліцах Мінска побач з аўтамабілямі, з якіх беларусы махаюць бел-чырвона-белымі сцягамі

"У туалет не пускалі. Мы выкарыстоўвалі люк са сцёкам"

 

Ніхто не думаў, што з намі будуць настолькі жорстка абыходзіцца, што наогул да такога беззаконня ўсё можа дайсці. Гэта было нечакана. Калі мяне затрымлівалі, крычалі, што нас расстраляюць, І я адважылася запярэчыць, што, хлопцы, гэта наогул артыкул. Але ў аўтазаку я пачала сумнявацца, што яны жартуюць наконт расстрэлу…

Прывялі ў калідор, паставілі тварам да сцяны. Па некалькі чалавек адпраўлялі на агляд. Прымусілі зняць станікі з костачкамі, усе ўпрыгажэнні. Нейкім цудам у мяне засталіся акуляры, і дзяўчаты ў камеры потым прасілі карыстацца. Потым нас, 28 чалавек, адвялі ў прагулачны дворык. Гэта такое памяшканне з бетоннай падлогай, бетоннымі сценамі. Зверху — сетка, праз яе відаць неба і масткі, па якіх ходзяць наглядчыкі. У куце — люк са сцёкам. Дзве камеры назірання.

Перад аглядам паспелі папіць вады, якая была з сабой. Больш нармальнай вады мы не бачылі. У туалет не пускалі. У нецэнзурных выразах сказалі рабіць гэта на месцы. Тады мы сталі выкарыстоўваць у якасці туалета люк са сцёкам: станавіліся кардонам, засланяючы дзяўчыну ад камер і назіральнікаў, і так па чарзе хадзілі.

Садзіцца было нельга. Ды і потым, калі на гэта забілі, сядзець на бетоннай падлозе было немагчыма. Я стаяла, а мая сяброўка, якая не магла стаяць — ёй пашкодзілі калена пры затрыманні і далей пры транспартыроўцы, — сядзела ў мяне на ступнях, каб не змерзнуць. Нейкая дзяўчынка дала ёй куртку, у прыбіральню мы неслі яе на руках. Клікалі доктара, але нас не чулі.

Гэтыя фота Надзея зрабіла 16 жніўня падчас Маршу свабоды. Аўтазак, вадамёт, амапавец і вада, якую валанцёры ставілі ў цэнтры, каб людзі маглі папіць, таму што было вельмі спякотна

Іх твары нічога не адлюстроўвалі

 

Суд быў прызначаны на 15:00. Нас выводзілі па некалькі чалавек. Я цягнула сяброўку — яе нага моцна распухла, адно калена было ў тры разы большае за другое. Завялі ў калідор. Паміж камерамі стаяў стол і два крэслы. За імі — суддзя і сакратар. Гэта былі мужчына і жанчына, досыць маладыя людзі. Іх твары нічога не адлюстроўвалі. Хаця ў нейкі момант мне падалося, што жанчыне было няёмка за тое, што адбываецца.

Дакументы справы не паказалі. І да гэтага часу я іх не бачыла. У пратаколе было пазначана, што мяне затрымаў нейкі міліцыянер у гадзіну ночы. Я звярнулася да суда, прасіла дапамогі, сказала, што сяброўцы патрэбен доктар і што нас ігнаруюць. Мне фармальна зачыталі мае правы. Я сказала, што маю чалавечае права папіць вады і не буду з імі размаўляць, пакуль мне не дадуць піць. Прынеслі ваду, хоць і казалі, што вада — гэта справа ІЧУ, а не суда. Гэта была бутэлька з-пад фруктовага напою з вадой з-пад крана. Калі я яе убачыла, падумала, што гэта і ёсць фруктовы напой, здзівілася і парадавалася. Але там апынулася хлараваная жудасная вада. У камеры потым мы гэтую ваду адстойвалі. Але я так баялася чым-небудзь заразіцца, што піла ваду з-пад крана, не з бутэлькі.

Рашэнне суда ніхто не агучыў — прывезлі новую партыю людзей. Нас адправілі назад у прагулачны дворык. Маім суседкам зачытвалася на судзе, што яны нібыта крычалі "Здохні, вусатая пачвара". А мне зачыталі, што я выказвала нязгоду з дзейнай уладай. Нешта лёгкае, і я думала, што з такой фармулёўкай не павінны даць 10 сутак. Да таго моманту я ўжо дрэнна цяміла: паспаць, паесці, пасядзець, папіць у мяне не было магчымасці. Прайшло 15 гадзін з моманту майго затрымання. Пад турмой валанцёры крычалі час, і гэта вельмі дапамагала і маральна падтрымлівала.

Гэтыя фота Надзея зрабіла 16 жніўня падчас Маршу свабоды. Адзін з плакатаў мірнага пратэсту

У чатырохмеснай камеры было 36 чалавек

 

Я не ведала, дзе мой муж. Чула крыкі мужчын. Думала, што гэта можа быць ён. У яго доўгія валасы, і я баялася, што да яго будуць вельмі жорсткія. Яшчэ ў аўтазаку аднаму з хлопцаў са словамі, што мужыку не належыць насіць доўгія валасы, абрэзалі іх проста там і выкінулі на скрыжаванні.

Пасля суда нам прынеслі адну бутэльку вады на ўсіх. У адной з дзяўчат пачаліся крытычныя дні. Дасталі з кішэняў ахоўныя маскі, насоўкі... Ёй прыйшлося даказваць наглядчыкам, што вада неабходная, — паказваць кроў. Тады прынеслі ваду падмыцца — тры літры, два з іх каб памыцца, і гэтая дзяўчына вырашыла пацярпець, аддаўшы ўсю ваду нам.

Праз пару гадзін прыйшоў мужчына. Пастроіў ля сценкі. Маю сяброўку і яшчэ адну дзяўчыну, у якой былі таксама праблемы з нагой, павялі — іх забрала хуткая. А нас падзялілі напалам — па 13 чалавек — і павялі ў камеру на трэцім паверсе. Там ужо былі дзяўчаты. Гэта была чатырохмесная камера: два двухпавярховыя ложкі, туалетная кабінка, ракавіна, стол, тумбачка, закрытае кратамі акно з маленькай шчылінкай. Было вельмі душна. У пікавы момант мы налічылі ў камеры 36 чалавек. Наглядчыкі пастаянна кагосьці адводзілі і прыводзілі. Як мы змяшчаліся там — незразумела. Сядзелі на ложках па некалькі чалавек, стаялі, сядзелі пад сталом. Каб прайсці ў туалет, выстройваліся ў пэўным парадку, каб можна было адчыніць дзверы.

Гэтыя фота Надзея зрабіла 16 жніўня падчас Маршу свабоды

Узялі за валасы і білі галавой аб плітку

 

У камеры былі вельмі розныя людзі — жанчыны ад 20 да 50 гадоў. Былі дзяўчаты, з якімі б я наўрад ці пасябравала ў звычайным жыцці. Была дзяўчынка-панк, якая не ўпершыню трапіла ў ізалятар. У выніку ўсіх адпусцілі, а яе пакінулі яшчэ на 15 сутак з фармулёўкай: "Табе не прывыкаць, яшчэ пасядзі". Была прыгожая і актыўная дзяўчына, якая нешта сказала наглядчыкам, пасля чаго яе ўзялі за валасы і білі галавой аб плітку. Твар застаўся цэлы. Але гучала і выглядала ўсё гэта вельмі страшна. Яна ішла з БЧБ-сцягам на плячах, калі яе схапілі. У аўтазаку пазначылі чырвонай фарбай…

Праз злёгку прачыненае акенца можна было назіраць за вуліцай. Я бачыла лаўку, на якой часам хтосьці сядзеў... У нейкі момант там з'явіліся праваслаўныя святары, якія, мабыць, прасілі нас адпусціць. Але людзей пад вокнамі перыядычна разганялі.

Потым у мяне забалела галава. Баялася, што гэта наступствы ўдару дубінкай. Стрэс, духата... Мы спрабавалі паспаць. Рассцілалі пад ложкамі коўдры і па чарзе туды залазілі. Аказалася, што там праходзіць вентыляцыя і ёсць хоць нейкае паветра. Але паспаць за двое сутак так і не ўдалося.

Да пападання ў камеру нас ніхто не карміў. Ды і есці ніхто не хацеў. Мы не ведалі, што будзе далей. Я патрабавала, каб мяне азнаёмілі з рашэннем суда, але на гэта ніхто не звяртаў увагі.

Абмяркоўвалі, што з кім адбылося. Што нам пагражае. Яшчэ ў прагулачным дворыку мы з сяброўкай спрабавалі спяваць, але дзяўчаты былі настолькі запалоханыя, што нас абрывалі і прасілі не высоўвацца і паводзіць сябе ціха. Я не паводзіла сябе шумна, а проста перыядычна заклікала да законнасці. 

Па адной нас выводзілі ў калідор на размову. Думаю, гэта быў супрацоўнік КДБ. Ён пытаўся пра абставіны затрымання, хто я, кім працую, і сказаў, што, калі пападуся наступны раз, усё будзе значна горш.

Гэтыя фота Надзея зрабіла 16 жніўня падчас Маршу свабоды

Яна крычала, кідалася на нас і драпалася

 

У камеры разам з намі была жанчына з белай гарачкай. Яна не давала спаць. Хадзіла коламі ў гэтай вузкай прасторы, усіх распіхваючы локцямі. Момантамі паводзіла сябе крыху цішэй, але потым крычала, кідалася на нас і драпалася. Выглядала, што яна спрабуе выйсці з кватэры пакурыць або ў краму, патрабавала, каб мы ёй адчынілі дзверы, лічыла, што мы нейкія сваякі мужа, якія яе трымаюць пад замком. У другі дзень яна вырашыла, што мы ўсе лялькі, якіх трэба спаліць. Калі яна занадта ўрывалася ў асабістую прастору, хтосьці зрываўся і яе адштурхоўваў ад сябе. Былі паненкі, якія агрэсіўна ёй адказвалі. Хтосьці спрабаваў з ёй дамаўляцца. Мы шмат разоў прасілі ёй выклікаць доктара — яна пакрывалася потам, было відаць, што ёй дрэнна. І нам было страшна, што яна там проста памрэ, было яе шкада, нягледзячы на тое, што ўсе спрабавалі яе адштурхнуць.

Да таго ж яна вельмі дрэнна пахла. Да таго ж яна абгадзілася, і стала яшчэ горш.  Адна са старэйшых вязніц дапамагла ёй памыцца. Прыйшла санітарка. Вывела гэтую жанчыну на калідор і спытала, дзе тая знаходзіцца. Жанчына адказала, што знаходзіўся ў лесе, пасля чаго яе са словамі "Ну і ідзі ў свой лес" засунулі назад у камеру. На нашы просьбы яе ўціхамірыць адказвалі: "Я адзін, а вас больш за трыццаць. Вось і ўціхамірце. Мы не будзем супраць, калі ў яе з'явіцца парачка фінгалаў". Для мяне прысутнасць гэтай жанчыны была адным з самых сур'ёзных выпрабаванняў. Не мець магчымасці паесці, схадзіць у прыбіральню я ўспрымала нармальна, таму што часта бываю ў паходах. Пасля ўсяго, што адбывалася ў горадзе, была нейкая маральная гатоўнасць трапіць на суткі. Але вось гэта... У нейкі момант я прылегла. І яна паспрабавала мне сесці на твар, бо не бачыла мяне. Я была ў акулярах. Ускочыла, схапіла яе за рукі і трымала... Гэта складана.

 

Дзяўчына выйшла з ізалятара на Акрэсціна 14 жніўня 2020 года / Васіль Федасенка / Reuters

Пад агароджай валяліся дрэды. Наглядчыкі хадзілі і збіралі іх

 

На наступны дзень нас пакармілі. Кожнай выдалі кубак салодкай моцнай гарбаты, кавалак батона і талерку аўсянкі. А 14-й гадзіне вывелі з камеры, павялі ў дворык, паставілі тварам да сцяны. Не білі. Нават жартавалі. Гэта былі канваіры. Была зразумелая размова і адчуванне, што яны былі "сярэдняга меркавання". Разумелі, што многія трапілі сюды выпадкова.

Мы стаялі гадзіну. З-за агароджы даносіўся пах кавы, пад агароджай валяліся пасмы валасоў, дрэды. Наглядчыкі хадзілі і збіралі іх.

Нас загрузілі ў аўтазак, канваіры супакойвалі дзяўчат, якія рыдалі. Далі вады. Сказалі, што павязуць у Жодзіна. А потым зайшоў мужчына ў чорнай масцы з зубастай мордачкай і сказаў вяртацца ў камеру.

Увечары пасля 21:00 нас сталі выпускаць. Пастроілі тварам да сцяны на чацвёртым паверсе. Праз двухдзённае стаянне мая спіна зусім "здала". Адрэналін, на якім я трымалася ўвесь гэты час, упаў. Стаяла і ёрзала, спрабавала выпрастацца. Дзяўчына побач паклікала персанал. Мне дазволілі сесці на зямлю. А потым нават на крэсла. Нас ніхто не прыніжаў, не біў, мы гаварылі зноў з нейкімі людзьмі. 

Не ведаю, хто гэта быў. Падпісалі паперу, што паінфармаваныя пра артыкулы за ўдзел у беспарадках. Нас павялі ўніз па рэчы. У камеры пакінулі дзяўчынку-панка, жанчыну з псіхозам і яшчэ маленькую далікатную дзяўчыну. На чацвёртым паверсе яна паглядзела на наглядчыка ў масцы з мордачкай і сказала: "Хачу вас запомніць". Ён сказаў, добра, застанешся на 15 сутак. Яе завуць Юля, я за яе перажываю.

Аддалі рэчы, якія забралі там, на Акрэсціна. Сказалі, што, калі хочам атрымаць тэлефоны і іншыя рэчы з аўтазака, трэба заставацца яшчэ на суткі. Дзяўчаты, у якіх не было ключоў ад кватэры, плакалі. Мы выйшлі з варот. Нас чакалі людзі.

Надзея плача

Аказалася, што людзі стаяць вельмі ціха. Мора людзей, мора агнёў, плакатаў. Прапануюць гарбату, ваду, пакурыць, патэлефанаваць. Людзі кінуліся разбіраць "тых, хто выжыў", а я шукала сваіх. Мне прапанавалі патэлефанаваць. Я не памятала ні аднаго тэлефона. Валанцёры знайшлі мужа ў сацсетках. Убачыла, што ён быў анлайн дзве хвіліны таму. Зразумела, што сабака не памёр ад голаду, і што муж мяне шукае. Ён чакаў мяне ў Жодзіне, маё імя значылася ў спісах там.

...Пра такое я чытала ў кнізе "Шантарам" Грэгары Дэвіда Робертса — пра турму ў Індыі, і думала, як жа такое магчыма вынесці... Цяпер у нас вельмі вялікі страх. Мы з'ехалі жыць да сяброў. Пазаўчора паміж вокнамі, якія свяціліся, перад нашым домам стаяў чалавек. Ці то ён падслухоўваў, ці то падглядаў... Можа, ён не звязаны з гэтым усім, але стан такі, што хочацца схавацца… 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.