Вы тут

З мінскага мастацкага музея знікла карціна Куінджы

"Бярозавы гай" Архіпа Куінджы, 1901 год​

31 студзеня наведвальнікі Нацыянальнага мастацкага музея ў Мінску звярнулі ўвагу, што са сцяны знікла карціна Архіпа Куінджы "Бярозавы гай". Расійскі мастак напісаў яе ў 1901 годзе, яна ўваходзіць у пастаянную экспазіцыю нашага мастацкага музея.

Тыдзень таму працу Куінджы "Ай-Петры. Крым" скралі на вачах у наведвальнікаў Траццякоўскай галерэі ў Маскве, таму знікненне яго карціны ў мінскім музеі ўсхвалявала аматараў мастацтва. Няўжо гісторыя паўтарылася?

Карціна Архіпа Куінджы "Ай-Петры. Крым", выкрадзеная з Траццякоўскай галерэі

"Карціна не знікла, яе не ўкралі, — супакойвае Еўрарадыё намеснік генеральнага дырэктара па навуковых пытаннях Аляксей Харак. — Яна знаходзіцца на выставе прац мастака ў Траццякоўскай галерэі, якая будзе доўжыцца да 17 лютага. Мы прадстаўляем на ёй яшчэ два творы — "Ноч на Дняпры" і "У тумане". Калі выстава скончыцца, карціны вернуцца ў Беларусь".

"Ноч на Дняпры", 1882 год

Ці не баяцца ў мінскім музеі, што беларускую карціну таксама могуць скрасці, і як ўспрынялі крадзеж у Маскве?

"Вядома, кальнула, але мы не перажываем, — працягвае намеснік гендырэктара. — "Бярозавы гай" — занадта вялікая карціна, каб яе выпадкова скрасці. Пасля гэтага выпадку ў Траццякоўцы ўзмацнілі кантроль. Ведаю, што там ставілася пытанне аб даглядзе людзей на ўваходзе і выхадзе. Мы таксама абмеркавалі з персаналам меры засцярогі, агледзелі усю экспазіцыю і праверылі, ці надзейна захоўваюцца творы".

"Бярозавы гай" Архіпа Куінджы, 1901 год​

27 студзеня ў Маскве з Траццякоўскай галерэі скралі карціну Архіпа Куінджы "Ай-Петры. Крым". Злодзей зайшоў у выставачную залу, на вачах у людзей выцягнуў палатно з рамы і ўцёк. Наведвальнікі вырашылі, што гэта супрацоўнік музея — ахоўнікі былі выкліканыя ў залу толькі праз некалькі хвілін пасля выкрадання.

На працягу дня падазраванага вылічылі і затрымалі. Карціну вярнулі ў музей. "Ай-Петры. Крым" Куінджы ацэньваецца больш як у 1 мільён долараў.

Працы з фонду Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі трапляюць на выставы ў Траццякоўку штогод. Па словах кіраўніцтва, здарэнне не стане прычынай адмаўляцца ад удзелу ў іх, але цяпер шмат што залежыць і ад таго, як будуць ахоўвацца выстаўленыя творы.

Больш важных падзей тыдня ў выніковай праграме ЕЎРАЗУМ: