Вы тут

З чыстым сумленнем чакаем рашэння Мінска пра санкцыі — МЗС Украіны

Дзмітрый Кулеба / прэс-служба МЗС Украіны

Украіна не здзейсніла ў Беларусі ніякага зла, "таму мы з чыстым сумленнем пакідаем канчатковае рашэнне аб магчымых беларускіх санкцыях на разгляд беларускіх уладаў", заявіў напярэдадні ў эфіры ТРК Украіны ўкраінскі міністр замежных спраў Дзмітрый Кулеба.
 
''Для мяне гэта заява кіраўніка МЗС Беларусі Ўладзіміра Макея не навіна. Мы прадказалі падобны крок беларускага боку ", — сказаў таксама ўкраінскі міністр.
 
Пры гэтым Кулеба адзначыў, што беларускі бок пакуль не перадаў ніякіх сігналаў аб магчымых санкцыях супраць украінскіх чыноўнікаў.

Напярэдадні ў беларускі МЗС быў выкліканы пасол Украіны Ігар Кізіма. Яму ўручылі ноту пратэсту. Было заяўлена, што афіцыйны Мінск выказвае "рашучы пратэст у сувязі з бесперапыннай серыяй антыбеларускіх акцый у дачыненні да амбасады ў Кіеве". Каля будынка амбасады рэгулярна праходзяць пікеты. Акрамя таго, 20 лістапада беларусы і ўкраінцы ўсталявалі памятны крыж, каб ушанаваць памяць загінулых пратэстоўцаў у Беларусі.

Міністр замежных спраў Беларусі Ўладзімір Макей напярэдадні ў Мінску па выніках перамоваў з расійскім калегам Сяргеям Лаўровым таксама казаў пра Ўкраіну і яе рашэнне далучыцца да санкцый ЕС у дачыненні да Мінска. Макей назваў гэты крок недружалюбным і ацаніў "як спробу адкрытага ўмяшання ва ўнутраныя справы Беларусі". На яго думку, гэта не самастойнае рашэнне Ўкраіны. "Калі казаць адкрыта, мы разглядаем гэта як насмешку над здаровым сэнсам", сказаў Макей.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.