Вы тут

З Белдзяржфілармоніі звольнілі кампазітарку Ларысу Сімаковіч

Ларыса Сімаковіч / "Радыё Свабода"

З Беларускай дзяржаўнай філармоніі звольнілі прафесійную кампазітарку Ларысу Сімаковіч, паведамляе "Радыё Свабода". 

Апошні працоўны дзень у яе быў 31 кастрычніка. Сімаковіч выйшла на сцэну, дзе гучаў яе новы твор — космамістэрыя "Край". Звальненне адбылося па прычыне "ўзросту". Да гэтага часу кантракт з 64-гадовай кампазітаркай працягвалі без праблем, прафесійных пытанняў да яе не было.

Ларыса Сімаковіч за 13 гадоў працы ў філармоніі паставіла 11 спектакляў, адкрыла новыя жанры для беларускага харавога мастацтва. Яна працавала не толькі як кампазітар і рэжысёр-пастаноўшчык, але і балетмайстр, мастацкі кіраўнік фальклорнага тэатра "Госьціца", танцорка і спявачка. На сайце Белдзяржфілармоніі адзначаецца, што "творчасць Сімаковіч узнімае адну з асноўных праблем культуры Беларусі — адраджэнне духоўнасці нацыі, вяртанне да яе ўзвышанага адчування чысціні і высокіх ідэалаў".

Паводле слоў Сімаковіч, за час працы ў філармоніі яна ўсе прадукты рабіла выключна на беларускай мове.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.