Яшчэ адна электронная плацежная сістэма заблакавала беларусаў
Лагатып кампании Skrill / Skrill
Беларусы трапілі пад забарону ў яшчэ адной электроннай плацежнай сістэме — Skrill. Карыстальнікі з Беларусі атрымліваюць паведамленні, што "санкцыйныя абмежаванні ўплываюць на магчымасць прадастаўляць паслугі ў вашай краіне", заўважыла выданне "Беларусы і рынак".
Пры гэтым паведамленні пра закрыццё акаўнтаў прыходзяць не загадзя, а ў той жа дзень. У выніку да іх немагчыма атрымаць доступ і вывесці грошы.
Вывесці грошы з заблакаванага акаўнту магчыма толькі праз перавод на рахунак у банку, адкрытым на імя ўладальніка акаўнту. Аднак скарыстацца можна таксама не ўсякім банкам: беларускія і расійскія ўстановы для такіх мэтаў не пасуюць — зноў жа праз санкцыі.
Skrill — электронная плацежная сістэма, заснаваная ў Лондане. Для беларусаў яна ўжо з 2022 года працавала з абмежаваннямі — напрыклад, нельга было зарэгістраваць новы акаўнт.