Вы тут

Ярмошына: Ціханоўскі небяспечны для дзяржавы і грамадства

Сяргей Ціханоўскі / З архіву Еўрарадыё

Старшыня ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына 17 ліпеня ў жывым эфіры Еўрарадыё заявіла, што не забярэ са Следчага камітэта заяву, якую напісала на блогера Сяргея Ціханоўскага. "Гэты чалавек небяспечны і для дзяржавы, і для грамадства, — кажа Ярмошына. — І не па маёй заяве, але і па тых дзеяннях, якія ён прадпрымаў. Я думаю, грамадства гэта ўбачыць, калі будзе ісці суд".

Пра тое, што старшыня ЦВК падала заяву ў СК на Ціханоўскага, стала вядома ў сярэдзіне чэрвеня. У яго дзеяннях яна пабачыла пагрозу для сябе (падчас аднаго з стрымаў Сяргей Ціханоўскі анансаваў "прыход у госці" да Лідзіі Ярмошынай). Была распачата крымінальная справа, артыкул — "Перашкода ажыццяўленню выбарчых правоў..." (арт. 191 КК). Па ім блогеру пагражаюць грамадскія працы, або штраф, або папраўчыя працы — да двух гадоў, або абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў, альбо пазбаўленне волі на тыя ж тры гады.

Ціханоўскі знаходзіцца за кратамі з 29 траўня. Яго абвінавачаюць па некалькіх артыкулах КК. Сярод іх —  "арганізацыя і падрыхтоўка групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак".

Ярмошына таксама заявіла, што група Ціханоўскага накіроўвала збор подпісаў на... змену ўлады.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.