Як улады размаўляюць з людзьмі мовай помнікаў

Майстэрня ў музеі Заіра Азгура ў Мінску. Фота: museums.by
Майстэрня ў музеі Заіра Азгура ў Мінску. Фота: museums.by

Аляксандр Лукашэнка марыць ператварыць Беларусь у IT-краіну. Мінск павінен стаць сталіцай гэтага праекта, але, ці магчыма гэта? Горад завіс паміж савецкім мінулым і нявызначанай будучыняй, і, па меншай меры пакуль, не вельмі адпавядае стылістыцы IT.

Абмяркоўваем трансфармацыю постсавецкай прасторы і сутычку мінулага і будучыні ў сучасным горадзе з Аляксеем Макаркіным, першым віцэ-прэзідэнтам маскоўскага Цэнтра палітычных тэхналогій.

Як Аляксандр Неўскі ў Віцебску "адказвае" князю Альгерду

Еўрарадыё: Як палітычныя тэхналогіі, якімі вы займаецеся, звязаныя з помнікамі?

Как власти разговаривают с людьми языком памятников

Аляксей Макаркін: Часткова гэта хобі, але часткова і праца. Трэба разумець, што помнікі не ўсталёўваюцца самі сабой. Усё адбываецца з ухвалы дзяржаўнай улады. І праз помнікі яна імкнецца правесці свае ўяўленні пра тое, што такое "добра", а што такое "дрэнна", якая гісторыя з'яўляецца "адэкватнай" і "правільнай", якія вобразы актуальныя ў цяперашні час. У сучаснай Расіі, да прыкладу, па манументах можна вызначыць ідэалогію, якая з'яўляецца дамінуючай. Дзяржаўная ідэалогія забароненая Канстытуцыяй, але нейкая дамінуючая ідэалогія ўсё ж ёсць.

Еўрарадыё: То бок дзяржаўныя ўлады праз помнікі размаўляюць з людзьмі?

Аляксей Макаркін: Фактычна, так дзяржава дае насельніцтву розныя сігналы. Што добра і правільна. Гэтыя "мэсэджы" могуць насіць розны характар. У сучаснай Расіі персанажы помнікаў — гэта дзеячы савецкага часу, хоць і старанна адабраныя. Напрыклад, ваеначальнікі часоў Вялікай Айчыннай вайны. І, у той жа час, шмат персанажаў, помнікі якім ставілі яшчэ ў XIX — пачатку ХХ стагоддзя. Адноўленыя некаторыя знішчаныя манументы таго часу.

Напрыклад, помнікі Аляксандру Неўскаму стаяць сёння не толькі ў гарадах, якія звязаныя з яго імем, такіх, як Пераяслаў-Залескі, але і ў гарадах дзе ён не княжыў, ніколі не праязджаў, і да якіх ён наогул не мае ніякага дачынення. Гэта сімвал расійскага патрыятызму, рэлігійнасці і антызаходніцтва.

Еўрарадыё: Дарэчы, помнік Аляксандру Неўскаму ёсць у Віцебску.

Аляксей Макаркін: Акурат тут ёсць сувязь — жонка Аляксандра Неўскага была адтуль. Помнік у Віцебску вельмі цікавы. Звычайна Аляксандр выяўлены ў якасці палкаводца-пераможцы. Напрыклад, на кані, як у Санкт-Пецярбургу. Калі сродкі на каня адсутнічаюць, ён павінен быць у шлеме, з іншымі атрыбутамі пераможцы. А ў Віцебску помнік падкрэслена міралюбівы, сямейны. Жонка-княгіня побач, а свайго старэйшага сына Васіля князь трымае на руках. Дарэчы, вядома, гэты помнік — у пэўным сэнсе альтэрнатыва помніка князю Альгерду, які быў пастаўлены ў Віцебску крыху раней. З ім усё больш складана. З аднаго боку, гэта князь на сакаліным паляванні, а паляванне — гэта не ваенны рытуал. Але, з іншага боку, ён на кані і ў даспеху.

Еўрарадыё: Жартуюць, што Альгерд не выпадкова паказвае рукой на ўсход, у бок Масквы.

Аляксей Макаркін: Я разумею.

Как власти разговаривают с людьми языком памятников
Помнік Аляксандру Неўскаму ў Віцебску. Фота: vitebsk.center

Расія паказвае: князь Уладзімір — не ўкраінскі, а расійскі

Еўрарадыё: У ідэалогіі сучаснай Беларусі вайна мае вялікае значэнне. Але я нешта не ўзгадаю, каб у нас у апошні час ўсталёўваліся помнікі савецкім палкаводцам. Чым, на ваш погляд, гэта тлумачыцца?

Аляксей Макаркін: Пытанне даволі складанае. Я думаю, што Расія ўспрымае сябе, у першую чаргу, як пераможцу ў вайне. А Жукаў, Ракасоўскі — гэта, адпаведна, тыя героі, якія выйгралі вайну. Вядома, мы ўзгадваем пра ахвяры, пра ўвесь гэты жах вайны. Але ў меншай ступені. Калі мы паглядзім на мемарыял на Паклоннай гары — гэта вельмі выразна мемарыял краіне, якая выйграла вайну. Што да Беларусі, тут іншы вобраз вайны. Тут тэма ахвярнасці важнейшая, чым тое, што Чырвоная армія дайшла да Берліна. Калі мы паглядзім на галоўны беларускі вайсковы мемарыял — Хатынь — гэта мемарыял тым людзям, якія загінулі.

Еўрарадыё: Што яшчэ можна "сказаць" помнікам?

Аляксей Макаркін: Яскравы прыклад — помнік князю Уладзіміру ў цэнтры Масквы. Яго спачатку хацелі паставіць на ўскраіне горада, але на вяршыні — на Вараб'ёвых гарах. Але там пачаліся праблемы з экалогіяй, была небяспека апоўзня. Таму яго ўзвялі на Баравіцкім ўзгорку, побач з Крамлём. Гэта такі сігнал. Калі традыцыйна лічыцца, што князь Уладзімір — украінскі персанаж, і галоўны манумент Уладзіміру стаіць у Кіеве над Дняпром, то Расія паказвае — не, князь Уладзімір — расійскі. І такім чынам забірае сабе.

Как власти разговаривают с людьми языком памятников
Помнік Уладзіміру Вялікаму ў Маскве. Фота: strana.ua

У гэтым святле сітуацыя з помнікам Альгерду ў Віцебску выглядае яшчэ цікавейшай. Бо Літва цяпер актыўна прасоўвае сябе як пераемніца Вялікага княства Літоўскага, і на тэму таго, чыя гэтая гісторыя, беларусы нямала спрачаюцца з літоўцамі. Што тады помнік Альгерду ў Віцебску, як не наша заяўка на тое, што мы і ёсць ВКЛ?

Чаму Мінск не змяняецца? Стымулу няма!

Еўрарадыё: Давайце паразмаўляем пра Мінск. Як на ваш погляд, гэта "савецкі" горад?

Аляксей Макаркін: "Савецкі".

Еўрарадыё: Як вы гэта вызначылі для сябе?

Аляксей Макаркін: Для таго, каб горад стаў "еўрапейскім", патрэбны сур'ёзны стымул. Бо грамадская свядомасць кансерватыўная. Людзі заўсёды хочуць працягваць хадзіць па тых жа вуліцах, па якіх хадзілі дзецьмі, па якіх хадзілі іх бацькі. Людзі падазрона ставяцца да зменаў. Яны хочуць, каб у школах былі тыя ж падручнікі, што і ў іх. Для змен павінен быць стымул. Калі мы возьмем краіны цэнтральнай Еўропы — яны мяняліся вельмі складана, але ў іх было жаданне патрапіць у Еўрасаюз. Гэта наймагутнейшы магніт. І быў кансэнсус эліт на гэты конт.

Еўрарадыё: Таму Вільня і Варшава змяніліся так хутка?

Аляксей Макаркін: І Вільня, і Варшава, і Прага. А калі ты не змяняешся, ты сам сябе пачынаеш успрымаць як нейкую архаічную правінцыю. Так, першапачаткова новы вобраз выклікае пратэст. Але, як толькі пачынаюцца перамены, тут жа з'яўляюцца прыхільнікі, праекты, у якія ўцягваецца ўсё больш удзельнікаў. І новы вобраз становіцца звыклым, зручным і цікавым.

Еўрарадыё: То бок, у Мінска няма жадання мяняцца? Волі, якая б падштурхнула яго наперад?

Аляксей Макаркін: Стымулаў няма. Як толькі з'явіцца стымул, тут жа з'явіцца і жаданне. Глядзіце, калі казаць пра еўрапейскую перспектыву, то абмяркоўваецца пытанне ўступлення ў Еўрасаюз Сербіі, Албаніі. Наўрад ці гэта пытанне бліжэйшага часу, але тым не менш. Пры гэтым ніхто не кажа пра еўрапейскую перспектыву Беларусі. Геаграфічна яна побач, але палітычна — зусім іншая.

Как власти разговаривают с людьми языком памятников
Аляксей Макаркін. Фота: politconservatism.ru

Знос помнікаў — гэта цэнзура гісторыі

Еўрарадыё: Ці можна быць "савецкім" горадам і сталіцай IT-краіны адначасова?

Аляксей Макаркін: Калі захоўваць савецкую стылістыку ў недатыкальнасці, то нічога не выйдзе. IT-стылістыка сур'ёзна ад яе адрозніваецца. Але я б не замыкаўся толькі на архітэктуры.

 

Сучасная IT-культура — гэта культура волі. Ва ўсіх сферах.

Напрыклад, калі айцішнік прытрымліваецца сексуальнай арыентацыі, "няправільнай" з пункту гледжання большасці, то для традыцыйнага грамадства ён ізгой. А ў сучасным грамадстве ён цалкам прымальная фігура, і ніхто ў яго нічога не пытаецца. У яго ёсць права, свабода выказвання.

Еўрарадыё: А калі ўсё ж казаць пра архітэктуру і помнікі?

Аляксей Макаркін: Ніхто не прапануе знішчаць старую архітэктуру. Гэта глупства, гэта вандалізм. Але стаўленне да архітэктурных помнікаў становіцца больш вольным, можна сказаць, іранічным. Яскравы прыклад: цяпер у найбуйнейшых музеях, класічных, імперскіх, такіх, як Версаль, побач з творамі мастацтва XVII-XVIII стагоддзяў выстаўляюцца сучасныя інсталяцыі. І гэта выдатна! З аднаго боку, гаворка ідзе пра нейкую пераемнасць. З іншага — гэта адыход ад пампезнага высокага стылю. Праўда, аўдыторыя рэагуе супярэчліва. Як гэта: Версаль, Людовік XIV — і раптам нейкія інсталяцыі!

Еўрарадыё: Гэта як у Мінску побач з помнікам Леніну паставіць помнік... ну, робату, напрыклад.

Аляксей Макаркін: Так, нешта накшталт таго. Тады, вядома, шмат у каго ўзнікнуць пытанні. Але ўсё ж я кажу, што для прасоўвання сучаснай культуры зусім не абавязкова прыбіраць старое. Яго трэба ўбудоўваць у іншы кантэкст.

 

Как власти разговаривают с людьми языком памятников
Нямецкія салдаты ў Мінску. Помніка Леніну няма на звыклым месцы — яго знеслі ў першыя дні вайны.

Еўрарадыё: Аднак, многія краіны ідуць па іншым шляху. Ва Украіне зносяць помнікі Леніну і пераназываюць горада. У Літве ў прынцыпе ўсе помнікі савецкай эпохі прыбралі з вуліц і звезлі ў музей пад Друскенікамі.

Аляксей Макаркін: Я б не ставіўся да гэтага як да нейкага ўніверсальнага працэсу: альбо ўсе помнікі прыбраць, альбо ўсё пакінуць. Помнікі, не звязаныя з мясцовай традыцыяй і тыя, якія не маюць значэння як арт-аб'екты, цалкам магчыма прыбіраць. Але калі помнік ўбудаваны ў гісторыю населенага пункта, яго можна і пакінуць. Бо інакш адбываецца цэнзура гісторыі, з яе адбіраецца старонка. Патрэбны індывідуальны падыход.

Возьмем сітуацыю, калі бальшавікі прыйшлі да ўлады. У 1918-м годзе выйшаў дэкрэт аб тым, што трэба здымаць помнікі царам. Але яны не разбурылі помнік Пятру I працы Фальконэ. Пакінулі нават помнік цару, якога яны асабліва ненавідзелі, — Мікалаю I, пастаўлены Клодтам насупраць Ісакіеўскага сабора. Таму што гэта значныя помнікі для гісторыі і мастацтва.

Адкуль столькі жадаючых паставіць помнік Сталіну?

Еўрарадыё: Але вось помнік Леніну на цэнтральнай плошчы горада — гэта атавізм ці норма жыцця?

Аляксей Макаркін: Трэба глядзець, што гэта за помнік. Калі за ім нічога няма, акрамя чарговага ідала, то атавізм. А калі з ім звязаная нейкая гісторыя і традыцыя... Я не ўпэўнены, што трэба побач з ім ставіць робатаў, але былі б дарэчныя нейкія таблічкі з тлумачэннямі. Магчыма, экспазіцыя пра тое, як ён узводзіўся, што было знішчана для расчысткі месца пад яго, як ён у розныя эпохі ўпісваўся ў гарадское асяроддзе.

Еўрарадыё: У першыя дні вайны фашысты знеслі мінскі помнік Леніну, а потым, па легендзе, рабілі з яго шайбы і тут жа, на плошчы, гулялі ў хакей. Але потым ён вярнуўся на сваё месца. У адрозненне ад помніка Сталіну, які стаяў у Мінску на Кастрычніцкай плошчы. Мне здаецца, улады маюць размаўляюць з людзьмі, і ўсталёўваючы помнікі, і адмаўляючы ў іх устаноўцы. Але чаму столькі людзей цяпер выказваецца за аднаўленне помнікаў Сталіну?

Аляксей Макаркін: У першую чаргу, гэта помнікі камуністычнай субкультуры. У Расіі іх у асноўным (за рэдкім выключэннем) ставяць на прыватнай тэрыторыі. Напрыклад, нейкі камуністычны актывіст валодае заводам або аўтастаянкай, і там яго ставіць. А калі помнік Сталіну ставіць дзяржава, яна імкнецца ўключыць яго ў нейкі гістарычны кантэкст. Напрыклад, Сталін — Рузвельт — Чэрчыль. Бюст Сталіну збіраюцца паставіць у Маскве, але ў кантэксце, што гэта ўсё кіраўнікі — ад Рурыка да Ельцына, а ён — адзін з.

Как власти разговаривают с людьми языком памятников
Фота: novayagazeta.ru

Але я думаю, што зварот да постаці Сталіна — гэта не толькі камуністычная субкультура, не толькі архаіка. Гэта шмат у чым пратэст. Супраць сучаснай бюракратыі, сучаснай карупцыі. Бо Сталін паўстае ў выглядзе суровага аскетычнага правадыра, які караў чыноўнікаў, хадзіў у адным шынялі, у якога не было рахункаў у замежных банках. У 1970-я людзі таксама апелявалі да Сталіна. Маўляў, "вось Сталін прыйшоў бы і пакараў". Сталінізм — гэта, вядома, пачварная з'ява, але гэта і з'ява нізавога пратэсту.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі