Як у Ваеннай акадэміі ўжываюцца патрыёты Беларусі і “рускі мір” (фота)

Як у Ваеннай акадэміі ўжываюцца патрыёты Беларусі і “рускі мір” (фота)

На мінулых выхадных у Ваеннай акадэміі Беларусі правялі дзень адчыненых дзвярэй. Усе факультэты арганізавалі прэзентацыі з магчымасцю памацаць зброю, пасядзець у кабінах зенітных установак ды самалётаў, пакаштаваць салдацкай кашы. Не кожная ВНУ краіны можа зладзіць такую ж займальную экскурсію.

Еўрарадыё найперш цікавіць пытанне патрыятычнага выхавання будучых беларускіх афіцэраў. Па выніках экскурсіі добрых уражанняў засталося больш, чым дрэнных. Але пачнём з таго, што насцярожыла.

 

Корпус, залеплены расійскімі сцяжкамі

 

Ваенная акадэмія збольшага аформленая дзяржаўнай беларускай сімволікай. Палац упрыгожвае вялікі плакат “Защита Республики Беларусь — обязанность, священная для граждан Республики Беларусь”. Але такая карціна ў Акадэміі не паўсюль.

Курсанты паказваюць Еўрарадыё корпус “N”, дзе вучацца будучыя дэсантнікі. Уся лесвіца тут аформленая плакатамі з выявамі герояў расійскай гісторыі. Гутарка, напрыклад, пра Кутузава, Суворава, Скобелева, Брусілава і Пятра І. Усе плакаты аздобленыя расійскімі трыкалорамі. Не будзем спыняцца на тым, што некаторыя з названых палкаводцаў ды генералаў, паводле школьнага курсу нашай гісторыі, былі, хутчэй, антыгероямі. Хіт экспазіцыі — гэта савецкі маршал Жукаў, таксама змешчаны на плакаце з расійскім сцягам. Напэўна, вытворцы партрэта не ўлічылі, што Жукаў падчас Другой сусветнай вайны ваяваў у тым ліку з уласаўцамі, якія прысягнулі Гітлеру пад трыкалорам.

Што праўда, больш нідзе на тэрыторыі Акадэміі падчас экскурсіі такой карціны не назіраем. А курсанты кажуць, што папросту не звяртаюць увагі на спецыфіку вывешаных плакатаў.

Працягваем экскурсію. Выкладчыкам факультэта ваеннай разведкі, якія робяць прэзентацыю ў спартовай зале, наўпрост задаём пытанне, ці можна даверыць ім юнака, каб пасля выпуску ён быў сапраўдным афіцэрам-патрыётам.

“І не задумваўся, які сцяжок чапляць у сваім легкавіку — беларускі ці які-небудзь іншы”, — ўдакладняем.

“Значыцца так, нарадзіўся я ў Каломне. Так атрымалася, што лёс завёў сюды, і адсюль я не з’ехаў. Выконваю тут свой службовы абавязак. Так, мне цікава, што ў Расіі адбываецца. Але ж мы за што? За квітнеючую Беларусь”, — адказвае сівы палкоўнік.

“Прысягаць выпускнік будзе каму? Беларусі. Значыцца, і служыць ён будзе Беларусі”, — дадае яго не менш аўтарытэтны калега.

“А ўвогуле, спецыяльнасць у нас класная, з веданнем замежных моў”, — заканчвае адказ на пытанне палкоўнік.

“Многія ўжо не асацыююць сябе з былым СССР і Расіяй”

 

Кожны з факультэтаў Акадэміі грунтоўна падрыхтаваўся да дня адчыненых дзвярэй. Паўсюль свае спецыяльнасці красамоўна і таленавіта расхвальваюць. І складваецца ўражанне, што галоўная вайсковая ВНУ краіны па ўзроўні адукацыі не саступае іншым флагманскім універсітэтам.

Палкоўнік з авіяцыйнага факультэта апавядае, як склаліся лёсы іх былых курсантаў, якія выпусціліся 16 гадоў таму і летась сабраліся разам. Некаторыя сталі добрымі лётчыкамі і працягваюць служыць.

“А некаторыя звольніліся з войска, але ўсе працуюць у прыстойных месцах, ніхто не падымае шлагбаум на паркоўцы, — запэўнівае палкоўнік-авіятар. — Спецыялісты, якія атрымалі адукацыю па праграмаванні і радыёсістэмах, працуюць сёння ў EPAM, Itransition, у мабільных аператараў. Таму ўзровень нашай адукацыі — самы высокі. Прынамсі на авіяцыйным факультэце”.

Як у Ваеннай акадэміі ўжываюцца патрыёты Беларусі і “рускі мір” (фота)

Задаём афіцэру тое ж пытанне, што і дэсантнікам, пра патрыятызм, сцяжкі ў машынах і беларускую мову.

“У нашым войску планамерна і грунтоўна праводзіцца афіцыйная беларуская палітыка. Нягледзячы на блізкае і цеснае сяброўства з Расійскай Федэрацыяй, у нас ёсць дакладнае раздзяленне паняццяў. З кожным пакаленнем беларускасць мацнее. Многія ўжо не асацыююць сябе з былым СССР, таму што выраслі ў незалежнай краіне. Калі і сустракаюцца людзі, якія асацыююць сябе з Расіяй — гэта адзінкавыя выпадкі”, — лічыць палкоўнік-авіятар.

Датычна беларускай мовы службовая асоба расказвае пра афіцэраў, якія размаўляюць на ёй у Акадэміі падчас службы.

“Адзін ужо выйшаў на пенсію, а другі — малады хлопец, у мінулым годзе абараніў дысертацыю, стаў намеснікам начальніка кафедры. І многія калегі гэта цэняць, я б нават сказаў”.

Палкоўнік-авіятар пры гэтым адзначае, што навучанне па-беларуску ў Акадэміі пакуль не вядзецца і існуе праблема афіцыйнага перакладу статутаў на нацыянальную мову.

Некаторыя іншыя выкладчыкі патлумачылі, што “пытаннем роднай мовы і гістарычных дзеячаў пакуль у Акадэміі проста не заняліся”.

Нагадаем, што на пачатку 2015 года на сайце Мінабароны выставілі цэлы раздзел з героямі, на прыкладзе якіх павінны вучыцца беларускія салдаты і афіцэры. У спісе былі і Тадэвуш Касцюшка, і Усяслаў Чарадзей, і Канстанцін Астрожскі. Натуральна, было шмат імёнаў з савецкай эпохі і з часоў суверэнітэту. Аднак гэты патрыятычны раздзел з сайта хутка выдалілі, патлумачыўшы тым, што ён дапрацоўваецца. Працэс цягнецца ўжо больш за год.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі