У Мінабароны Беларусі прызналі героямі Касцюшку і Астрожскага
На сайце ведамства з'явіўся раздзел з прозвішчамі гістарычных дзеячаў, якіх трэба ставіць у прыклад беларускім салдатам і афіцэрам
У чэрвені 2014-га Еўрарадыё крытыкавала Міністэрства абароны за адсутнасць грунтоўных ідэалагічных арыенціраў. У прыватнасці, здзіўляла, што ў складзе камандавання Узброеных сіл быў толькі адзін этнічны беларус. А звычайныя салдаты, якіх цягам службы цкавалі выключна на “заходняга ворага”, не ведалі нават, на якіх герояў арыентавацца, з каго браць прыклад.
Якіх герояў прыводзяць у прыклад беларускім салдатам
Ад моманту публікацыі у нашай арміі адбыліся змены. Міністрам абароны стаў беларус Андрэй Раўкоў. А на сайце Мінабароны з’явіўся раздзел, прысвечаны беларускім героям розных эпох.
Пачынаецца спіс Усяславам Чарадзеем — полацкім князем і выбітным вайсковым тактыкам. Заканчаецца — курсантам ваеннай акадэміі Дзмітрыем Гвішыяні, які ў 1999 годзе каля Драгічына кінуўся тушыць пасажырскі цягнік і гераічна загінуў. Цікава, што на другім месцы ў спісе герояў — гетман Канстанцін Астрожскі. Адзначана 63 перамогі яго войска над татарамі і разбіццё маскоўскага войска пад Оршай.
“Як узор удалай тактыкі змагання з намнога перасяжнымі сіламі ворага ў еўрапейскія хрэстаматыі ўвайшла бітва на рацэ Крапіўна ў 1514 годзе”, — даецца каментар пра гэтую культавую гістарычную падзею пад партрэтам гетмана.
Ёсць у спісе генерал Тадэвуш Касцюшка — сын беларускай зямлі, які стаў нацыянальным героем Беларусі, Польшчы і ЗША.
Прысутнічаюць у пераліку і военачальнікі Расійскай імперыі, з якой Касцюшка ваяваў, напрыклад Якаў Кульнеў, які з баямі прайшоў усю заходнюю Беларусь, падаўляў паўстанне ў Польшчы. З часоў Расійскай імперыі прадстаўлены, напрыклад, Казімір Чарноўскі — адзін з першых вынаходнікаў падводнага карабля.
З часоў СССР прадстаўлены адзін з першых касманаўтаў планеты Пётр Клімук, авіяканструктар Павел Сухой, кіраўнік Генштаба Узброеных сіл СССР у 1945 годзе Аляксей Антонаў, бацька савецкай "дэсантуры" Васіль Маргелаў. Што ні выбітны дзеяч — этнічны беларус.
Спіс герояў беларускага Міністэрства абароны выглядае грунтоўным і пазнавальным. Праўда, пакуль не прадстаўлены ў ім наш вялікі князь Вітаўт, які ў 1410 годзе разбіў крыжакоў (адна з найважнейшых бітваў у гісторыі сярэднявечнай Еўропы). Няма Кастуся Каліноўскага, які першым з ваяроў назваў беларусаў беларусамі, пачаў прасоўваць нашу мову ў СМІ і змагаўся за ідэю суверэнітэту і незалежнасці. Напэўна, сённяшнія часы Каліноўскаму б спадабаліся. Няма ў спісе легендарнага партызанскага камандзіра Васіля Каржа — блізкага сябра маршала Жукава. Але не ўсё адразу!
Спіс гістарычных дзеячаў размешчаны на сайце mil.by у раздзеле “Ваенная энцыклапедыя”.
Узнікае пытанне, ці хопіць у беларускіх зампалітаў кампетэнтнасці, каб дасціпна і аб’ектыўна патлумачыць салдатам і афіцэрам веліч і значнасць гэтых беларускіх герояў.