У Мінабароны паказалі, як трэніруюць "нядбайных" аграрыяў
Вайсковыя зборы / "Ваяр"
Сельскія работнікі, залічаныя ў "нядбайныя", знаходзяцца на вайсковых зборах у складзе сілаў спецыяльных аперацый. У Мінабароны паказалі, як яны адпрацоўваюць элементы тактычнай падрыхтоўкі на ваенным палігоне.
"Падчас заняткаў яны пераадолелі псіхалагічную паласу, прайшлі абкатку баявымі машынамі БТР-70мб1 і адпрацавалі эвакуацыю падраздзяленняў на бронетранспарцёрах у раён засяроджвання", — гаворыцца ў паведамленні ведамства.
У ліпені Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся адпраўляць у войска тых, хто кепска працуе на жніве. Адпраўляць іх ён загадаў на мяжу з Украінай.
Хаця такой нормы пакарання няма ні ў адным з беларускіх законаў, чыноўнікі кінуліся выконваць распараджэнне. Паведамлялася, што ў такі "чорны спіс" трапілі каля 500 чалавек. Іх забралі на вайсковыя зборы на 60 дзён.