Якіх герояў прыводзяць у прыклад беларускім салдатам?

Анексія Крыма расійскімі войскамі паказала, што і беларусам варта трымаць руку на пульсе.

Украінская рэгулярная армія аказалася на першым этапе небаяздольнай, нашпігаванай агентамі. Высветлілася, што многія вайскоўцы не лічылі жоўта-блакітны сцяг сваім і адкрыта здраджвалі, пераходзілі на бок апанента.

Відаць, многіх сёння цікавіць, што ў выпадку нападу зрабіла б армія беларуская.

Аналізуем склад камандавання нашых Узброеных сілаў. Міністр Юрый Жадобін нарадзіўся ў Днепрапятроўску. Начальнік Генштаба Алег Белаконеў — у Прыморскім краі. Намеснік міністра Міхаіл Пузікаў — на Браншчыне, яшчэ адзін намеснік, Віталь Кірэеў, — у Магадане. Усе гэтыя генералы ў маладыя гады заканчвалі не нашы вайсковыя вучылішчы. Толькі намеснік міністра Ігар Лацянкоў — з Гомельшчыны.

Цікавімся ў Мінабароны, як ведамства ставіцца да такой сітуацыі.

“Асноўным фактарам баяздольнасці арміі Міністэрства абароны лічыць у першую чаргу прафесіяналізм вайскоўцаў, а не месца іх нараджэння і нацыянальнасць”, — паведамляе Еўрарадыё Леанід Касінскі, начальнік упраўлення маральна-псіхалагічнага забеспячэння галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы.

Пацікавілася Еўрарадыё і праблемай патрыятычнага выхавання нашых вайскоўцаў. На гэта Леанід Касінскі патлумачыў, што яно праводзіцца на прыкладах Вялікай Айчыннай вайны.

Навошта беларускія вайскоўцы чапляюць на машыны георгіеўскія стужкі?

Беларускі ўнёсак у перамогу над нацызмам несумненны. З гэтай прычыны БССР стала краінай-заснавальніцай ААН у 1945 годзе. Але ж, як вучылі ў школе, гісторыя Беларусі не складаецца толькі з Другой сусветнай вайны. Толькі іншыя нашы выбітныя военачальнікі, як князь Вітаўт і Канстанцін Астрожскі, часам трапляюць у афіцэраў нашага Генштаба ў апалу. Гэта не здзіўляе: вучылі нашых генералаў абсалютна іншай гісторыі.

Так, палкоўнік Уладзімір Макараў (начальнік упраўлення інфармацыі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Мінабароны) называе ў сваіх артыкулах легендарную Аршанскую бітву 1514 года “суцэльнай перамогай Польскай кароны”. Прытым што кіраваў аб’яднаным войскам ВКЛ і Польскай кароны наш зямляк Канстанцін Астрожскі — нашчадак тураўскіх князёў. Маскоўскае войска тады мела трохразовую колькасную перавагу і пацярпела на нашай зямлі паразу.

“Ніхто ніколі не адмаўляў і не будзе адмаўляць больш як 1000-гадовую гісторыю вялікага беларускага народа, — выказвае сваю пазіцыю для Еўрарадыё Уладзімір Макараў. — Але я разумею, што вы хочаце навязаць глыбінныя супярэчнасці паміж ВКЛ і Маскоўскім княствам, паміж Беларуссю і Расіяй, паміж Польшчай і Беларуссю. А мы працуем над тым, каб аб’ядноўваць. Менавіта ў сённяшнім фармаце, калі мы атрымалі суверэнітэт, незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць. І, напрыклад, што тычыцца Польшчы, мы можам знайсці столькі супярэчнасцяў, столькі крыўдаў! Але ў нас ёсць нешта агульнае, якое перавешвае тысячаразова ўсе ўзаемныя крыўды. Гэта звязана з тым, што мы разам перамаглі фашызм”.

Генерал-маёр Караеў: “Даручу сваім ідэолагам падняць гістарычны пласт і выкарыстаць яго як апору”

Пытанне пра тое, на якіх прыкладах выхоўваюцца беларускія салдаты, задаём і камандуючаму ўнутранымі войскамі МУС Беларусі Юрыю Караеву. Гутарка адбылася ў межах жывой лініі для грамадзян.

“Самыя яркія прыклады патрыятызму, як ні дзіўна, — гэта Вялікая Айчынная вайна. Народ змагаўся не за камуністычны рэжым, не за савецкую ўладу, як нам спрабавалі выкладаць, а за сваю беларускую зямлю, — кажа генерал-маёр. — Таксама ў нас салдаты выхоўваюцца на прыкладзе тых герояў, якія абаранялі краіну ў старажытнасці ад іншаземных захопнікаў. Хоць тут ёсць і неадназначныя пытанні. Напрыклад, калі разглядаць вайну 1812 года, тут гісторыя падзяляецца. Нехта ваяваў на баку Напалеона, нехта — на баку Расійскай імперыі. І там, і там былі свае героі”.

“Хто з нашых дзеячаў мінулых стагоддзяў мог бы натхніць беларускага салдата?”

Юрый Караеў: “Я ўпершыню чую такое пытанне, я задумаюся і даручу сваім ідэолагам гэты пласт падняць і выкарыстоўваць як дадатковую апору. Ці нават не дадатковую, а калі-небудзь яна стане асноўнай. Таму мы яго павывучаем, для сябе нешта адкрыем і як вашу падказку ўспрымем”.

Наконт сучасных герояў Юрый Караеў прывёў у прыклад ганаровых салдат, якія ёсць у кожнай часці.

“У гомельскай брыгадзе, якой я камандаваў, ганаровы салдат — Іван Пеняцькоў. За часамі Вялікай Айчыннай вайны ён падбіў некалькі танкаў, фарсіраваў Дняпро. У вайсковай часці ў Баранавічах, напрыклад, служыў Сяргей Свянцецкі. Ён загінуў пасля ўдару заточкай, хоць сваімі дзеяннямі спыніў пабег зэкаў са спецвагона. Гэта прыклад для звычайных салдат. А для мяне як для выпускніка факультэта Генштаба Вайсковай акадэміі ўзорам з’яўляюцца такія людзі, як кіраўнік Генштаба у часы Вялікай Айчынай вайны Аляксей Антонаў”.

Ваенны эксперт: “Людзі будуць абараняць Беларусь, калі асэнсуюць каштоўнасць незалежнасці”

Аляксандр Алесін, вядомы ваенны эксперт, лічыць, што наяўнасць у кіраўніцтве нашай арміі небеларусаў адбілася б на баяздольнасці выключна ў выпадку вайны з Расіяй. Калі б нападалі з Захаду, гэта не стала б праблемай.

“Але самае галоўнае — негатоўнасць грамадства ў выпадку нападу ваяваць з усходнім суседам. Трэба памяняць усю ідэалагічную і духоўную абстаноўку ў грамадстве. Павінная быць перабудаваная ўся выхаваўчая праца са школы і нават дзіцячага садка. А Расія ўскоснымі шляхамі будзе перашкаджаць такім уплывам, выкарыстоўваючы рычагі ўплыву, агентаў уплыву, пранікненне сваіх СМІ ў нашу прастору. У многім менавіта расійскія медыі фармуюць грамадскую думку ў нашай краіне, а не дзяржава. На іх ТБ працуюць прафесіяналы і нават самую нягодную ідэю там падаюць у даступным выглядзе”.

Еўрарадыё: “Што павінна здарыцца, каб беларускі салдат мог ваяваць з любым сапернікам, які б спакусіўся на нашу незалежнасць?”

Аляксандр Алесін: “Ролю сыграла б фармаванне нацыянальнай свядомасці беларусаў як асобнай нацыі. З’явіліся б людзі, якія б асэнсоўвалі саму каштоўнасць незалежнасці і былі б гатовыя абараняць Беларусь ад любога ворага. Несумненна, у выхаванні беларусаў ёсць вялікі прабел. Нават мне ва ўніверсітэце Вялікае Княства Літоўскае падавалі як кароткі эпізод, як недарэчнасць. Павінен быць разумны баланс паміж тым перыядам і подзвігамі Вялікай Айчыннай вайны”. 

Фота belarmy.by, mil.by, specnaz.sb.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі