Як мы шукалі тэкст "дэкрэта аб ПВТ 2.0"

Галоўны будынак "Парка высокіх тэхналогій". Фота: park.by
Галоўны будынак "Парка высокіх тэхналогій". Фота: park.by

Праект "дэкрэта аб ПВТ 2.0" стаў прадметам вострай дыскусіі ў грамадстве яшчэ да апублікавання. Не ў апошнюю чаргу менавіта таму, што дакумент да гэтага часу не апублікаваны для грамадскага абмеркавання. Незалежны аналітык Сяргей Чалы лічыць гэта відавочнай прыкметай таго, што ў дэкрэта "падвойнае дно":

"Апроч усяго карыснага, хутчэй за ўсё, кантрабандай працягваецца нейкая штука, важная для абмежаванага кола асоб, якая мае вялікія шанцы быць зарубленай, калі яе выцягнуць на яркае святло".

Ці павінныя ўлады выставіць дэкрэт на грамадскае абмеркаванне?

У законе "Аб прэзідэнце Рэспублікі Беларусь", артыкулы 28-32 якога прысвечаныя прыняццю дэкрэтаў, пра гэта няма ні слова. Інакш кажучы, адказ: фармальна не павінныя.

Практыка ж паказвае, што адны дэкрэты (напрыклад, рэзанансныя дакументы аб спрашчэнні ўмоў для бізнесу або аб абароце тытунёвых вырабаў, якім плануецца забараніць курэнне на балконах і прыраўняць электронныя цыгарэты да звычайных) выстаўляюцца для грамадскага абмеркавання, а іншыя (напрыклад, "дэкрэт аб дармаедах") — не.

У адказе з ПВТ — ні слова пра тэкст дэкрэта

"Заказчыкам" дэкрэта аб перазагрузцы ПВТ выступае адміністрацыя "Парка высокіх тэхналогій". Топ-менеджар VP Capital Беларусь (якая спрыяла распрацоўцы дакумента) Мікалай Маркоўнік, абараняючы дэкрэт, заўважае, што любы ахвочы мае права звярнуцца ў Адміністрацыю ПВТ са сваімі ідэямі: "Адміністрацыя ПВТ, відавочна, будзе толькі радая новому, свежаму погляду на праект".

Маўляў, гучней за ўсіх крычаць тыя, хто нічога не робіць, а паўдзельнічаць у распрацоўцы дэкрэта нескладана — было б жаданне. Вядома ж, пасля заявы Маркоўніка знайшліся ахвочыя пазнаёміцца ​​з праектам дакумента. Але ў адміністрацыі ПВТ ім... адмовілі!

"Мы напісалі: "Просім даць праект дэкрэта, які распрацоўваецца, для ўнясення прапаноў і заўваг". І атрымалі адказ за подпісам намесніка дырэктара ПВТ Аляксандра Марцінкевіча: "Добры дзень! Просім накіраваць свае прапановы па пытаннях, якія Вас цікавяць, альбо прапановы па вырашэнні наяўных праблем на наш адрас на [email protected]". То бок ні слова пра сам дэкрэт ён не напісаў", — распавядае Еўрарадыё прадстаўнік адной з мінскіх кампаній.

Как мы искали текст "декрета о ПВТ 2.0"
Мікалай Маркоўнік. Фота: TUT.by

"На дадзеным этапе тэкст для публікацыі ў СМІ не перадаецца"

Еўрарадыё таксама звярнулася ў "Парк высокіх тэхналогій" з просьбай прадставіць тэкст праекта дэкрэта.

"Адміністрацыя перадала дэкрэт на ўзгадненне ў Савет Міністраў. Дакумент яшчэ не ўзгоднены, — адказалі нам у аддзеле маркетынгу ПВТ. — Калі гэта адбудзецца — звяртайцеся ў Саўмін, тады будзе яго афіцыйная публікацыя. А на дадзеным этапе тэкст для адкрытай публікацыі ў СМІ не перадаецца . Гэта працоўны дакумент".

У адказ на слушную заўвагу аб тым, што калі дэкрэт будзе афіцыйна апублікаваны, абмяркоўваць яго будзе ўжо позна, нам параілі звярнуцца з пісьмовымі запытамі ў адміністрацыю ПВТ і ў Савет Міністраў.

Што ж, можа, у Саўміне пашанцуе больш?

"Калі працоўны варыянт [праекта дэкрэта] не выносіцца на грамадскае абмеркаванне на pravo.by, мы яго не маем права рассылаць нікому, апрача зацікаўленых [ведамстваў]", — кажа прэс-сакратар прэм'ер-міністра Уладзіслаў Сычэвіч.

Расказаць, з якой прычыны дакумент не выстаўляецца на грамадскае абмеркаванне, Уладзіслаў Сычэвіч пагадзіўся толькі ў адказ на пісьмовы запыт.

Еўрарадыё падрыхтавала адпаведныя звароты ў адміністрацыю ПВТ і ў Саўмін.

Што думаюць самі айцішнікі?

У нефармальнай размове з Еўрарадыё вядомы прадстаўнік IT-індустрыі выступіў за грамадскае абмеркаванне праекта дэкрэта. Паводле яго слоў, нічога "кантрабанднага" ў дакуменце няма, і не зусім зразумела, чаму ўлады не хочуць выстаўляць яго напаказ:

"Мы лічым, што [праект дэкрэта] трэба публікаваць, і гэта няправільна, што яго абмяркоўваюць у закрытым рэжыме".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі