Як фанаты БАТЭ балелі за сваіх у Барселоне (фота)

Як фанаты БАТЭ балелі за сваіх у Барселоне (фота)

"Віскі сцюардэса забрала"

У чарзе па квіткі за некалькі гадзін да пачатку матча можна было пачуць шмат гісторый. Схільныя да знаёмстваў заўзятары ахвотна іх агучвалі. Напрыклад, два мужыкі ўзростам каля 40 гадоў:

"Увогуле цуд, што мы сёння тут стаім. Толькі прыляцелі, але як мы дабіраліся, то я нікому не пажадаю. Выехалі раніцай з Мінска на Літву — самалёт быў каля абеду. На мяжы нібы спачатку нармальна ўсё — тры машыны перад намі. А потым сталі колам і ўсё. Стаім. Я да памежнікаў, а ім усё адно… Карацей, у аэрапорт прыехалі за хвіліну да сканчэння рэгістрацыі. Сябра пабег да стойкі з маім пашпартам, а я шукаю дзе запаркавацца. Туды, сюды — нідзе няма. Кінуў машыну, прыбягаю, ён там ледзь не моліцца, каб зарэгістравалі на рэйс. Бяжым да самалёта. А трэба ж закупіцца, ну, вы разумееце. Я з талонамі і пашпартамі да гейта, сябра па віскі. Прыбягаю. Дзяўчына за галаву хапаецца, усё ўжо, позна. Потым пытае — "А дзе другі?" — "У д’юціку", — кажу. Крыку было… А самае крыўднае, што ў самалёце віскі забралі ў нас. Як толькі я адкаркаваў бутэльку. Сцюардэса забрала".

Як фанаты БАТЭ балелі за сваіх у Барселоне (фота)

Фанацкі сектар за сеткай

Да Барселоны, паводле афіцыйнай інфармацыі клуба, даехала каля 300 заўзятараў БАТЭ. Перакрычаць 99-тысячны "Камп Ноу" было нерэальна. Тым больш што фанацкі сектар гасцей на адным з самых вялікіх стадыёнаў Еўропы ў вельмі дзіўным месцы — высока за варотамі, амаль ля самага табло. У дадатак агароджаны дробнай сеткай. Малазразумелы крок гаспадароў стадыёна. Дакінуць нешта на поле з трыбуны ўсё адно маларэальна, а глядзець футбол з-за сеткі нашмат менш прыемна. Нідзе больш такога не даводзілася бачыць. Так што калі надумаеце паехаць у сталіцу Каталоніі на футбол, то пашукайце магчымасць трапіць у звычайны сектар.

Як фанаты БАТЭ балелі за сваіх у Барселоне (фота)

Квіткі на БАТЭ за 100 еўра

Разгром беларусам "Барселона" ўчыніла не пры аншлагу — вольныя месцы на стадыёне былі, хоць і не вельмі шмат. Яшчэ за дзень да матча квіткі можна было спакойна набыць у цэнтрах турыстычнай інфармацыі. Цана — ад 55 да 110 еўра (квіток у фанацкі сектар каштаваў 39). На рэкламных тумбах віселі афішы матча. Але "перакупы" ўсё адно з’явіліся. За некалькі гадзін да пачатку гульні ля "Камп Ноў" тусілі непрыкметныя мужычкі з прапановамі "Цікетс-цікетс".

Дагляд фанатаў як на "Трактары"

Адзін з самых непрыемных момантаў — паліцэйскі дагляд і паводзіны сцюардаў на беларускім сектары. Мяне праверылі так, як ніколі не бывала падчас матчаў Лігі чэмпіёнаў у Барысаве. І нават на мінскім сумнавядомым "Трактары" АМАП менш лютуе. Кожная кішэня паліто, нават у кашалёк зазірнуў каталонскі паліцыянт. Пры гэтым для заўзятараў "Барселоны" працэдура выглядала нашмат больш проста — ніякіх сталоў для рэчаў ды ўзмоцненага кантролю. Але самае непрыемнае чакала на сектары — сцюардаў і паліцэйскіх у поўнай амуніцыі са шлемамі і дубінкамі там было не нашмат менш, чым беларусаў. "Баяцца нас", — жартуюць фанаты.

Як фанаты БАТЭ балелі за сваіх у Барселоне (фота)

Цэны на стадыёне

"Купляйце тут, далей будзе даражэй", — заклікае гандляр фанацкай атрыбутыкай, які паставіў свой намёт ля найбліжэйшай да стадыёна станцыі метро. Памятны шалік да гульні "Барселона — БАТЭ" ў яго каштуе 13 еўра. Ля стадыёна такі ж ужо можна было набыць за 14. За брамай у фірмовай краме — за 19,90. Шалікі карысталіся попытам.

Абсалютна бясплатна можна было атрымаць сцяг Каталоніі — іх раздавалі перад гульнёй у прамым сэнсе тысячамі. Такім чынам каталонцы лішні раз збіраліся прадэманстраваць свету сваю адрознасць ад Іспаніі. Атрымалася прыгожа — час ад часу ўвесь стадыён афарбоўваўся ў вузкія аранжава-жоўтыя палоскі.

Што да піва, то на "Камп Ноў" на матчах Лігі чэмпіёнаў яго таксама не прадаюць. Толькі безалкагольнае па 3,5 еўра. Праносіць на трыбуны ніякія напоі нельга.

Як фанаты БАТЭ балелі за сваіх у Барселоне (фота)

Ці варта ехаць на футбол у Барселону

Хутчэй так, чым не. Тут гэта насамрэч папулярная гульня. Хаця некаторыя моманты крыху расчароўваюць. "Камп Ноў" па зручнасці прагляду матча і камфорту значна саступае "Барысаў-Арэне", паліцыя і ахова не дазволіць вам забыць пра сябе, а цэны могуць значна павялічыць бюджэт паездкі.

З іншага боку, сапраўдных фанатаў любімай каманды ўсё гэта наўрад ці спыніць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі