Як Ціханоўская і Лукашэнка павіншавалі беларусаў з Новым годам

Як Ціханоўская і Лукашэнка павіншавалі беларусаў з Новым годам

Сустракалі 2021 год беларусы адразу з двумя зваротамі: ад Святланы Ціханоўскай і ад Аляксандра Лукашэнкі. Еўрарадыё паслухала абодва і распавядае вам асноўнае.

Ціханоўская: мы ідзем разам

Ужо шмат разоў было сказана, што 2020 быў складаным. Багатым на цяжкасці і турботы для ўсяго свету, але асабліва для Беларусі. І гэта так. Аднак год таксама падараваў нам шмат надзеі і натхнення. У гэтым годзе многае змянілася, але галоўная змена — гэта мы самi, — кажа Ціханоўская.

Шмат увагі Святлана Ціханоўская надала таму, як беларусы аб'ядналіся цягам 2020-га: ад дапамогі медыкам да сумесных пратэстаў.

Асобна спынілася Ціханоўская на тым, якія розныя беларусы зараз змагаюцца за адну мэту: і студэнты, і пенсіянеры, і журналісты, і рабочыя і г.д. Галоўнае, па словах палітыка, тое, што "мы іздем разам".

Наш шлях адвечны: мы ж выйшлі са сваіх дамоў, каб вярнуцца дадому. Кожны з нас выйшаў, каб усе мы вярнулі сабе наш агульны дом, — кажа Ціханоўская. — Таму што дом — гэта месца, дзе мы — гаспадары. Дом — гэта месца, дзе жыве народ, а не народзец. Гэта месца, дзе мы і нашыя родныя ў бяспецы, адкуль не хочацца з’язжаць і куды хочацца вяртацца. Дом — гэта месца, дзе цэняць і любяць усіх і кожнага: і тых, хто хоча перамен, і тых, хто яшчэ сумняваецца. Гэта месца сустрэчы і паразумення. Дом — гэта месца, якое мы заслужылі.

Напрыканцы сваёй прамовы Ціханоўская пажадала ўсім жыць разам у сваім доме — у свабоднай Беларусі.

— Жадаю нам заставацца такімі ж шчырымі, адкрытымі і неймавернымі. Жадаю нам яшчэ больш моцы, нашым родным — здароўя, нашым сэрцам — супакою і веры. Жадаю, каб у новым годзе ўсе, каго нам так не хапае, вярнуліся дадому.

Лукашэнка: перагорнем старонку

Адыходзячы год быў яркім і своеасаблівым. Ён прымусіў беларусаў шукаць адказы на спрадвечныя пытанні: "Хто мы?", "Што будзе з намі, нашымі дзецьмі?", "Куды мы ідзём?" і "Чаго мы хочам?" — кажа ў звароце Лукашэнка.

Потым ён распавядае аб барацьбе з каранавірусам і дасягненнях краіны: то-бок, аб тым, што Беларусь стала "ядзернай дзяржавай" і "зрабіла крок у космас".

Але самае галоўнае — мы захавалі харчовую бяспеку. І ў той час, калі людзі ў багатых краінах выстраіліся ў кіламетровыя чэргі за кавалкам хлеба, нашы сяляне забяспечылі беларусаў неабходнымі прадуктамі харчавання, — кажа ён.

Далей — пра людзей у пагонах, медыкаў і, вядома, год малой радзімы.

Вы ведаеце, некаторыя з нас, сутыкнуўшыся з выклікамі высакоснага года, хочуць вярнуцца ў Беларусь, якой яна была годам раней, — працягвае Лукашэнка. — Я, вядома, рады, што вы ацанілі дасягнутае, але вяртацца ў мінулае мы не будзем. У нас няма часу ісці назад і праходзіць пройдзенае. Мы абавязкова створым Беларусь будучага, і яна будзе лепшая за цяперашнюю. Для гэтага трэба проста адправіць 2020-ы ў гісторыю. Але не забыць яго ўрокі. Нам усім, хто бачыць свет па-рознаму, трэба ўсвядоміць, што ў нас адзіная каштоўнасць — кавалачак зямлі ў цэнтры Еўропы.

Лукашэнка прапанаваў "перагорнуць старонку пройдзенага" і "пісаць новую главу незалежнай Беларусі".

Давайце будучы год зробім годам народнага адзінства. Будзем жыць сваім розумам, ствараць каштоўнасці сваімі рукамі. Берагчы, даражыць і любіць так, як могуць толькі беларусы — разумная, талерантная, накіраваная ў будучае нацыя! І калі мы хочам "людзьмі звацца", мы гэта зробім!

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі