Вы тут

Ягор Лебядок: Зараз не хапае толькі замаху на Леніна

Ягор Лебядок / Еўрарадыё​

Ваенны эксперт Ягор Лебядок мяркуе, што падставай для новых рэпрэсій у Беларусі можа стаць імітацыя замаху на каго-небудзь з высокапастаўленых чыноўнікаў. Магчыма, нават на Аляксандра Лукашэнку. Разважаючы пра гэта, ён успамінае 1920-я, калі бальшавікі выкарыстоўвалі замах на Леніна для знішчэння рэштак белагвардзейскага руху.

— З пункту гледжання логікі схема выглядала так: мы народ ужо ўзрывалі, дзяцей падрывалі, дзіцячыя пляцоўкі, яшчэ кагосьці ... Цяпер не хапае толькі замаху на Леніна. Пасля якога адразу ж за дзень — куча ўказаў, пастаноў Саўнаркама па знішчэнні белай гвардыі. І зараз для логікі нарошчвання тэрарыстычнай пагрозы ідэйна не хапае чагосьці аналагічнага. Нейкага сімвалічнага "замаху" на Лукашэнку, кагосьці з вышэйстаячых, з яго атачэння. Я падкрэсліваю: сімвалічнага. Ні ў якім разе не заклікаю кагосьці рабіць гэта.

Эксперт мяркуе, што ў гэтай логіцы ёсць адзін важны нюанс. Любое здарэнне такога роду людзі схільныя "павесіць" на дзяржаву. Так адбылося, напрыклад, з выбухам у мінскім метро, які адбыўся 10 гадоў таму.

— Калі вядзеш тэрор супраць уласнага народа, любы выбух, любая паломка заўсёды будзе вешацца на цябе, умоўна кажучы. Усё роўна, стаяць за тэрактам сілавікі, альбо гэта сапраўды Канавалаў, альбо яшчэ хтосьці трэці, можа быць нават так, — працягвае Лебядок. — Усе ж выдатна памятаюць і пацукоў у вядры, і прарыў джыпа з тэрыторыі Украіны, і чаго там толькі не было. Пастаянна былі пагрозы, пагрозы, імітацыі пагроз. У тым ліку і "вагнераўцы", якія бегаюць у лясах. Гэта чыста палітыка тэрору. І лагічна ў такой палітыцы з кім звязваць? Ну, толькі з табой, калі ты вядзеш такую палітыку. Нават калі хтосьці зрабіў гэта іншы, не ён, усё роўна будзе атрыбуцыя на яго. 

Зрэшты, на думку Лебядка, "замах" не зменіць "балансу сіл", які склаўся ў беларускім грамадстве. Напрыклад, ён наўрад ці паспрыяе таму, каб сілавікі атрымалі больш паўнамоцтваў. Бо пасля прыняцця апошніх паправак у беларускае заканадаўства "ў іх і так паўнамоцтвы "страляй — не хачу".

З іншага боку, дзяржаўная прапаганда можа ўспомніць меседж аб "сакральнай ахвяры", які яна прасоўвала ў першыя дні пасля выбараў. Толькі ў цяперашняй сітуацыі ён будзе адлюстраваны: "ахвяра" можа быць знойдзена сярод высокапастаўленых дзяржслужачых, а "бенефецыярамі" могуць быць абвешчаныя праціўнікі Аляксандра Лукашэнкі, зацікаўленыя ў працягу вулічных пратэстаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.