Севярынец: у ВНУ жудасны недабор на платную форму навучання

Севярынец: у ВНУ жудасны недабор на платную форму навучання

Масавы ад’езд беларусаў за мяжу моцна адбіваецца на рабоце вышэйшых навучальных установаў — цяпер там назіраецца жудасны па сваіх маштабах недабор. Пра гэта ў эфіры Еўрарадыё расказала пісьменніца і настаўніца Ганна Севярынец.  

“Ад’езд ужо адбіваецца на Беларусі. Цяпер жа жудасныя недаборы ў ВНУ. Пра тое, што ёсць недабор на “бюджэт”, ужо раней паведамлялася. А, здаецца, учора [8 жніўня. — Еўрарадыё] закрыўся набор на платныя аддзяленні. І нават іх не панабіралі. Як яны [ВНУ. — Еўрарадыё] будуць жыць? Гэта грошы, гэта планы вучэбныя, гэта нагрузка выкладчыкаў. 

Тое, што людзі з’язджаюць, будзе адбівацца ў кожнай нейкай дробязі. Гэта не толькі тое, што мы згубілі вялікую частку актыўных людзей, гэта зараз будзе адбівацца на кожным моманце нашага жыцця. Гэта вялікая трагедыя”, — расказвае Севярынец.

Але пісьменніца захоўвае аптымізм і спадзяецца, што “як толькі часы пераменяцца, то беларусы вернуцца”:

“Я ўзгадваю ў звязку з гэтым гісторыю з 1921 годам, калі перад надыходам фронту людзей мільёнамі вывезлі арганізавана з фронту Першай сусветнай. Сотні тысяч збеглі самі падчас рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, але як толькі тут хоць нейкі мір усталяваўся — хай і пры Саветах, — людзі рынуліся дадому”. 

Згодна са статыстыкай Белстата, толькі за 2020 год беларусаў стала менш на 60 тысяч чалавек. Хуткасць скарачэння колькасці насельніцтва за апошні год павялічылася ў тры разы. Пры гэтым у красавіку 2021 года кіраўнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун заявіў, што масавага адтоку беларусаў за мяжу няма.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі