Гаварыць адным голасам. Чаму праблемы беларусаў ва Украіне вырашаюцца так павольна

Кіеў

Кіеў / LookByMedia

Святлана Шаціліна завяршыла сваю работу ў якасці кіраўніцы Місіі дэмакратычных сіл Беларусі ў Кіеве. У эфіры Еўрарадыё яна расказала, чаго не хапае беларусам ва Украіне, каб іх праблемы вырашаліся хутчэй, і чаму важна ім гаварыць адным голасам.

— Украіна зараз знаходзіцца ў стане вайны. Вайны, якая была пачата з тэрыторыі Беларусі. За мінулы час улады Украіны заявілі на палітычным узроўні, што гатовы прыняць беларускія дэмакратычныя сілы як бок, з якім можна мець справу. Мы павінны скласці мноства розных пазлаў: пазл структуры ОЦ, пазл АПК, пазл BELPOL, пазл унутранай разведкі і аналітыкі. Яны павінны працаваць як адзіны механізм, — упэўнена Шаціліна.

Гэта дапаможа беларусам ва Украіне гаварыць адным голасам, які будзе пачуты, а пакуль ёсць рознагалосіца, лічыць экс-кіраўніца Місіі.

— Мы павінны тлумачыць, што беларускі добраахвотнік не роўны калумбійскаму. Не проста тлумачыць, мы павінны падрыхтаваць гэта на высокім узроўні ад Аб'яднанага пераходнага кабінета і Офіса Святланы Ціханоўскай, каб паказаць Украіне, што мы выступаем адзіным голасам.

Але добраахвотнікі кажуць: "Мы самі". Валанцёры кажуць: "Мы таксама самі". Праваабаронцы кажуць: "І мы самі".

Ну дык калі мы ўсе самі па сабе, то як украінская дзяржава можа выбраць, з кім мець справу, — задаецца пытаннем Шаціліна.

Говорить одним голосом. Почему проблемы белорусов в Украине так медленно решаются

І прапануе "амбіцыі пакуль адкласці, а думаць пра справу". Яна тлумачыць, што беларуская дыяспара ва Украіне падзелена на два лагеры. Адзін падтрымлівае работу Офіса Ціханоўскай, другі задаецца пытаннем: навошта ён наогул патрэбны?

— Беларуская дыяспара ва Украіне сёння сегментаваная. Я правяла дзве плённыя сустрэчы з беларускай дыяспарай для таго, каб зразумець, якая яна. І я зразумела: ёсць тая частка дыяспары, якая падтрымлівае Офіс Святланы Ціханоўскай і разумее, што іншай Святланы ў нас няма.

А ці разумее іншая частка — напрыклад, валанцёрская? Алёна Жаркевіч [беларуская актывістка, валанцёрка, якая жыве ва Украіне. — Еўрарадыё] пытаецца ў мяне: "А навошта мне Місія? Чаму палітычная структура павінна мяне прадстаўляць?"

Мне здаецца, што мы павінны тлумачыць: з кожным рухам валанцёраў, з кожнай палітычнай структурай той жа офіс Зяленскага сустракацца не будзе, так пабудавана палітычная сістэма Украіны.

Ці ведае, напрыклад, Украіна, колькі робяць беларускія валанцёры, якія дапамагаюць ёй? Не, Украіна гэтага не ведае. Таму што валанцёры саромеюцца расказваць пра сваю справу. Проста ментальна няёмка. А Украіна не разумее, навошта вы ёй патрэбны, — тлумачыць Шаціліна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.