Моцны парывісты вецер прагназуюць у Беларусі ў аўторак
Вецер, ілюстрацыйнае фота / pexels.com
У аўторак, 11 жніўня, у Беларусі ўначы будзе воблачна з праясненнямі, удзень чакаецца пераменная воблачнасць, паведамляе Белгідрамет.
На большай частцы тэрыторыі пройдуць кароткачасовыя дажджы, месцамі з навальніцамі. Вецер уначы будзе паўднёвы слабы да ўмеранага, пры навальніцах — парывісты, удзень — з пераходам на заходні ўмераны, у многіх раёнах моцны парывісты да 15-20 метраў за секунду. Сіноптыкі абвясцілі аранжавы ўзровень небяспекі.
Тэрмометры ўначы пакажуць 11-17 градусаў вышэй за нуль. Удзень чакаецца ад +19 градусаў па паўночным захадзе да +29 градусаў па паўднёвым усходзе.
12 жніўня прагназуецца пераменная воблачнасць. Будзе пераважна без ападкаў, толькі месцамі на поўначы краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, удзень магчымыя навальніцы. Вецер будзе паўночна-заходні парывісты, у асобных раёнах да моцнага. Тэмпература паветра ўначы складзе 6-13 градусаў са знакам "плюс". Удзень паветра прагрэецца да 17-24 градусаў цяпла.