На eBay выставілі на продаж "парадную фуражку Лукашэнкі"

Галаўныя ўборы нібыта ад Лукашэнкі

Галаўныя ўборы нібыта ад Лукашэнкі / eBay

На амерыканскай гандлёвай платформе eBay з'явіліся ў продажы аксесуары, якія нібыта належалі Аляксандру Лукашэнку. Адзін з прадаўцоў прапануе купіць два галаўныя ўборы і пагоны параднай ваеннай формы беларускага кіраўніка, заўважыла выданне "Зеркало".

Агулам карыстальнік з нікам DuetBelor прадае на eBay некалькі тысяч рэчаў. Пераважная большасць — гэта ўзнагароды, манеты, часткі ваеннай формы або іншыя падобныя лоты з СССР, постсавецкіх краін ці былога сацыялістычныга блока.

Чатыры прадметы, як сцвярджае прадавец, належалі Лукашэнку.

Напрыклад, пакупнікам прапануюць лот пад назвай "парадная фуражка прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі". Гэта галаўны ўбор 59-га памеру. Прадавец хоча за яго мінімум 1750 долараў. У якасці доказу да здымкаў лота прымацаваныя фота Лукашэнкі ў фуражцы. Праўда, шыццё на фуражцы, выстаўленай на eBay, усё ж такі крыху адрозніваецца.

Таксама прадавец прапануе кепі колеру хакі 60-га памеру. Лот праходзіць пад назвай "новая летняя палявая кепка прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі". Купіць гэтае кепі прапануюць за 600 долараў.

Акрая таго ахвочым прапануюць купіць палявыя і парадныя пагоны з дзяржгербам Беларусі, якія нібыта таксама належалі Лукашэнку — за 599 і 500 долараў адпаведна.

Пазначана, што прадавец знаходзіцца ў ЗША, на сайце ён з 2002 года.

Таксама гэты ж прадавец прапануе іншыя тавары, звязаныя з Беларуссю. Напрыклад, палявыя пагоны генерал-маёра (33 долары), значок дэпутата Вярхоўнага Савета БССР (355 долараў), значок "За службу" ад Службы бяспекі Лукашэнкі (110 долараў) і нават памятны знак на 190-годдзе СІЗА №1 у Беларусі (55 долараў).

На eBay выставілі на продаж "парадную фуражку Лукашэнкі"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.