Выказваем заклапочанасць: Трамп вяртаецца, а ў Кітаі святкуюць юбілей партыі

Вельмі кароткі агляд сусветных навін / калаж Еўрарадыё
Вельмі кароткі агляд сусветных навін / калаж Еўрарадыё

У гэтым аглядзе сусветных навін мы нават знайшлі для вас адну краіну для жыцця.

Вялікаму святу — вялікая прамова

Сі Цзіньпін сёння адчытаў ледзь ці не ўсю сусветную супольнасць. У яго і падстава ёсць: Кампартыя Кітая святкуе стагадовы юбілей.

Сёння старшыня цэлую гадзіну выступаў з прамовай. З яе кожнаму павінна стаць зразумела: свой клачок зямлі ў цэнтры Азіі старшыня Сі будзе абараняць.

"Мы ніколі не дазволім нікому запалохваць, прыгнятаць або падпарадкоўваць Кітай, — сказаў старшыня Сі. — Кожны, хто адважыцца зрабіць гэта, разаб'е галаву аб Вялікую Сталёвую сцяну, пабудаваную больш чым 1,4 мільярда кітайцаў".

І не трэба вучыць кітайцаў жыццю: "ханжаскіх пропаведзяў" Кітай не пацерпіць, сказаў Сі. Якраз напярэдадні КНР крытыкавалі за задушэнне свабодалюбных настрояў у Ганконгу.

А яшчэ Кітай будзе "абараняць свой нацыянальны суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць". А гэта, хутчэй за ўсё, сказана пра Тайвань, які Кітай лічыць сваёй зямлёй.

Здаецца, ва ўсіх шчаслівых краінах спічрайтары першых асоб падобныя адзін да аднаго.

 

Самы любімы прэзідэнт

Адзін старшыня на ўсё жыццё — гэта, вядома, рамантычна. А калі мяняеш у сябе прэзідэнтаў раз на 4–8 гадоў, можаш дазволіць скласці рэйтынг кіраўнікоў дзяржавы, у якім будзе больш за сорак імёнаў.

Амерыканцы так і робяць. Рэйтынг складаюць эксперты ў галіне гісторыі. Прэзідэнтаў ацэньваюць па маральных якасцях, навыках адміністравання, здольнасці пераконваць і гэтак далей.

Аўраам Лінкальн ужо каторы раз займае ў гэтым рэйтынгу першае месца. Першы прэзідэнт ЗША Джордж Вашынгтон у гэтым рэйтынгу толькі другі.

Выражаем озабоченность: Трамп возвращается, а в Китае празднуют юбилей партии
Дональд Трамп / Белы дом

Навіна ў тым, што сёлета ў рэйтынг нарэшце трапіў і Дональд Трамп — і замацаваўся ў ім на сорак першым месцы. Не ўсё так дрэнна ў Трампе: па дары пераканання ён на 32-м месцы. Палітыка ў эканоміцы прывяла яго на 34-е. А вось у графе "маральны аўтарытэт" у 45-га прэзідэнта менш за ўсё балаў.

Франклін Пірс, Эндру Джонсан і Джэймс Б'юкенен — яны кіравалі Штатамі яшчэ ў пазамінулым стагоддзі — складальнікам рэйтынгу спадабаліся яшчэ менш за Трампа.

Мараль — мараллю, рэйтынг — рэйтынгам, А Трамп ужо заявіў, што яму давядзецца балатавацца на наступных выбарах. Не тое каб вельмі хочацца. Проста краіна патрабуе.
 

Краіна, у якой вам не захочацца быць чыноўнікам

У Казахстане вынайшлі прэзумпцыю вінаватасці. Але толькі для чыноўнікаў.

Суддзі пры разглядзе пазоваў да дзяржорганаў будуць зыходзіць з іх вінаватасці. Чыноўнікі павінны будуць апраўдвацца і тлумачыць свае рашэнні, на якія пададзены скаргі.

Так у Казахстане рэалізуюць канцэпцыю "Дзяржавы, якая чуе". Мы, здаецца, знайшлі "краіну для жыцця".

Брытні Спірс застаецца пад апекай — чаму гэта важна

На мінулым тыдні Брытні Спірс выступіла ў судзе і расказала нейкія зусім жудасныя рэчы.

Пачнем спачатку. Больш за дзесяць гадоў таму суд прызнаў саму спявачку часова недзеяздольнай. Брытні цяжка перажывала развод, сутыкнулася з псіхалагічнымі цяжкасцямі. Многія гады яе фінансамі і жыццём распараджаліся бацька, менеджар і адна прыватная фірма.

З 2019 года Джэймс Спірс перастаў кантраляваць асабістае жыццё дачкі: у яго пачаліся праблемы са здароўем. Цяпер гэтым займаецца менеджар спявачкі.

Брытні зноў пайшла ў суд і сказала: яна хоча пакінуць апякунства толькі за прыватнай фірмай.

На мінулым тыдні спявачка абвінаваціла сваю сям'ю і каманду ў хлусні, расказала, што яе прымушалі працаваць супраць яе волі. Калі яна адмовілася ад удзелу ў адным з шоу, яе прымусілі прымаць літый. Па словах былой поп-зоркі, ёй забаранялі зноў выйсці замуж і завесці дзяцей. Забаранялі нават заставацца сам-насам у машыне з маладым чалавекам, з якім сустракаецца.

"Я няшчасная і кожны дзень плачу", — сказала Брытні ў судзе.

Выражаем озабоченность: Трамп возвращается, а в Китае празднуют юбилей партии
Брытні Спірс на канцэрце ў 2013 годзе

Прыхільнікаў у сацсетках гэта не проста ўразіла, а напалохала. Пачалася цэлая кампанія — "Вызваліце Брытні". Скончылася яна прыкладна тым самым, чым кампанія "Вызваліце Асанжа". Суд адмовіў.
 

Смяротная спякота

У Канадзе сапраўдная катастрофа. Тэмпература паднялася да 49,5 градуса. Загінулі 486 чалавек.

СААЗ кажа, што цеплавыя хвалі — адны з самых небяспечных стыхійных бедстваў. Але яны не атрымліваюць належнай увагі, таму што не прыносяць відавочных разбурэнняў і смерцяў. Што ж, цяпер гэта не так, усё ўжо цалкам відавочна.

Канадскі кліматолаг Дэвід Філіпс кажа, што мы наўрад ці можам развярнуць рост тэмператур назад. Але мы можам падрыхтавацца да цеплавых хваль, а яшчэ лясных пажараў і паводак, якія таксама становяцца вынікам глабальнага пацяплення. І падрыхтавацца — гэта ўжо добры пачатак.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі