Выбары 2019: парламент мары vs рэальны прагноз Еўрарадыё — Віцебская вобласць
Сёлетняя парламенцкая кампанія такі крыху здзівіла аматараў прагнозаў. Апазіцыйныя дэпутаткі Алена Анісім і Ганна Канапацкая, якім прадказвалі працяг дэпутацкіх мандатаў, нават не былі зарэгістраваныя ў якасці кандыдатак! І ўсё ж Еўрарадыё рызыкне зрабіць свой прагноз. Але крыху іншым чынам.
Мы ўважліва вывучылі спіс кандыдатаў, улічылі самаадводы і “чырвоныя карткі” ад выбарчых камісій і найперш вызначыліся з тымі, за каго б самі прагаласавалі ў кожнай з акруг. Пераважная большасць фаварытаў — маладыя, адукаваныя, дзёрзкія — з якімі Палата прадстаўнікоў ажыла б. Але ёсць і старая гвардыя — кандыдаты з вялікім кандыдацкім досведам.
Увага! Выбар рэдыкцыі можа не супадаць з канчатковым рашэннем Цэнтрвыбаркама! Таму мы вызначылі і 110 кандыдатаў, якія, на нашую думку, маюць найбольшыя шанцы быць абранымі ў дэпутаты (у тэксце яны пазначаныя як кандыдаты-спойлеры). Шукайце сваю акругу — а далей вашая справа: пагаджацца з нашым выбарам ці не!
Віцебская вобласць:
Віцебская-Горкаўская выбарчая акруга № 17
Першы наш кандыдат з Віцебска — дырэктар турыстычнага комплексу "Лучэса" Дзмітры Ягораў 1978 года нараджэння. Хай прасоўвае праз парламент турыстычную прывабнасць Беларусі. Магчыма, пасадзейнічае пашырэнню бязвізу для замежнікаў.
Кандыдат-спойлер: Віктар Нікалайкін
Але ж у гэтай акрузе балатуецца і старшыня Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта. Малаімаверна, што нехта з кандыдатаў, сярод якіх таксама камерсант-камуніст, сябра Партыі БНФ, які не працуе, і дырэктар фірмы з ЛДПБ, зможа стварыць яму канкурэнцыю.
Віцебская-Чкалаўская выбарчая акруга № 18
Ірына Яскевіч
У гэтай акрузе маладых кандыдатаў увогуле няма, таму мы выбіраем дырэктара фірмы “Віцебскі дзелавы партнёр” з Аб’яднанай грамадзянскай партыі 1963 года нараджэння.
Кандыдат-спойлер: Таццяна Аўтухова
Магчымай пераможцай выбараў нам бачыцца дырэктар сярэдняй школы № 45 1965 года нараджэння. Чарговы педагог з тых, хто забяспечвае ўладам перамогі на выбарах, пройдзе ў парламент.
Сапернікі: немалады юрыст з БНФ, дырэктар фірмы з АГП і намеснік дырэктара Віцебскай ТЭЦ.
Віцебская-Чыгуначная выбарчая акруга № 19
Максім Навумовіч
Тут нам найбольш падабаецца прадстаўнік “праўладнай апазіцыі” (Ліберальна-дэмакратычнай партыі) 1981 года нараджэння. Ён працуе намеснікам дырэктара прадпрыемства “Элект” і намеснікам дырэктара фірмы “Данко”. Дасведчаны кіраўнік-прыватнік, якому няма яшчэ і 40 гадоў.
Кандыдат-спойлер: Святлана Горваль
Найбольш магчымы будучы дэпутат ад акругі — дырэктар Віцебскага ўнівермага 1986 года нараджэння. Кіраўнікі буйных крамаў заўсёды былі блізкімі да ўлады.
Іх сапернікі: апазіцыйная камуністка, кіроўца, маркетолаг і рамеснік.
Віцебская-Кастрычніцкая выбарчая акруга № 20
Кандыдатаў шмат, але годных выбару Еўрарадыё — не.
Кандыдат-спойлер: Аляксей Ягораў
Рэктару Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта 50 гадоў, самы час стаць дэпутатам парламента.
Астатнія кандыдаты: сакратар гаркама БРСМ, інжынер-будаўнік ды пенсіянер з партыі “Справядлівы свет”, які сёлета быў адным з заяўнікаў акцыі “Несмяротны полк” у Віцебску, якую мясцовыя ўлады не дазволілі.
Гарадоцкая выбарчая акруга № 21
Рыгор Фядзькоў
Няхай і немалады (1954 года нараджэння), прафесар выяўленчага мастацтва Віцебскага дзяржуніверсітэта зможа прывіць пачуццё прыгожага тым дэпутатам, у якіх яго пакуль што няма.
Кандыдат-спойлер: Ірына Палякова
Прафсаюзны дзеяч 1979 года нараджэння, раённы прафсаюз — пры наяўнасці лаяльнасці да ўлады добрая пляцоўка для старту ў парламент.
Таксама тут балатуюцца чыноўнік райвыканкама і беспрацоўны сябра БСДП (Грамада).
Докшыцкая выбарчая акруга № 22
Ігар Цеплякоў
Мы абралі яшчэ аднаго індывідуальнага прадпрымальніка, гэтым разам з ЛДПБ. Лепш хай былі б прадпрымальнікі ў парламенце, чым чыноўнікі!
Кандыдат-спойлер: Уладзімір Андрэйчанка
Але ў Ігара Цеплякова шанцаў няма. Па яго акрузе балатуецца дзейны старшыня Палаты прадстаўнікоў.
Астатнія аўтсайдэры акругі: маці, якая даглядае дзіця з абмежаванымі магчымасцямі, і прафсаюзны дзеяч.
Лепельская выбарчая акруга № 23
Наш выбар — начальнік канструктарскага аддзела ТАА “Гідрапрэс” 1988 года нараджэння Андрэй Грэчка, сябра Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці.
Кандыдат-спойлер: Ігар Мартынаў
Безумоўны фаварыт у акрузе — дзейны дэпутат Палаты прадстаўнікоў 1965 года нараджэння.
У Лепелі набралося ажно 7 кандыдатаў. Астатнія: дырэктар школы, пенсіянер, тэхнолаг, дырэктар фірмы і кадравік.
Наваполацкая выбарчая акруга № 24
Вольга Дамаскіна
У Наваполацку нашыя сімпатыі на баку дырэктара інфармацыйна-культурнага цэнтра “ІніцыАрт” з Партыі БНФ.
Кандыдат-спойлер: Дзяніс Карась
А перамогу атрымае, магчыма, прадстаўнік галоўнага мясцовага прадпрыемства — “Нафтана”.
Таксама балатуюцца інжынер аховы працы, дырэктар завода, беспрацоўны, архітэктар і дырэктар фірмы.
Аршанская гарадская выбарчая акруга № 25
У Оршы нашу ўвагу прыцягвае намеснік дырэктара па вытворчасці будаўнічай кампаніі “Самтэ” 1961 года нараджэння Сяргей Пракапчук, які прадстаўляе АГП. Хай будзе больше людзей ад бізнесу ў парламенце!
Кандыдат-спойлер: Іна Крачак
А амаль гарантавала сабе месца ў парламенце загадчыца гарадскога радзільнага дома Аршанскай цэнтральнай паліклінікі 1964 года нараджэння.
Іх сапернікі: пенсіянер-камуніст, інжынер, беспрацоўны і два намеснікі дырэктараў фірмы — дзяржаўнага ТАА і прыватнай.
Аршанская-Дняпроўскага выбарчая акруга № 26
Гэты кандыдат не такі ўжо і малады і не з апазіцыі, але прываблівае сваёй прафесіяй. Дырэктар філіяла “Беларусбанка” Віталь Васюкоў зможа растлумачыць дэпутатам асаблівасці фінансавых праектаў законаў.
Кандыдат-спойлер: Віталь Чудовіч
Але толькі ў тым выпадку, калі здолее перамагчы дзейнага дэпутата Віталя Чудовіча, якога называюць стаўленікам уладаў.
Іх сапернікі: фізрук, менеджар, дацэнт і рабочы.
Полацкая гарадская выбарчая акруга № 27
Андрэй Мамякоў
Такі малады (год нараджэння — 1990-ы), а ўжо начальнік камерцыйнага аддзела “Гідрапрэса”! Бяром!
Кандыдат-спойлер: Святлана Адзінцова
А вось улады, на нашу думку, возьмуць намесніцу галоўнага доктара Полацкай цэнтральнай гарадской бальніцы 1964 года нараджэння.
Акрамя вышэйзгаданых кандыдатаў у Полацку балатуюцца пенсіянер-камуніст, дырэктар Дома культуры і ахоўнік банка.
Полацкая сельская выбарчая акруга № 28
На бязлюддзі і дзяк чалавек, як той казаў. Таму тут выбіраем сябра ручной Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці 1979 года нараджэння Івана Япішына, намесніка дырэктара транспартнай фірмы.
Кандыдат-спойлер: Мікалай Шаўчук
Усё роўна Івану Япішыну нічога не свеціць, бо разам з ім балатуецца старшыня Полацкага раённага выканаўчага камітэта.
Іх сапернікі: старшыня сельскага Савета дэпутатаў, прыёмшчык-адпраўнік і ваенны з ЛДПБ.
Пастаўская выбарчая акруга № 29
Чым больш жанчын у парламенце, тым лепш. Выбіраем дырэктара транспартнай кампаніі з ЛДПБ 1980 года нараджэння Алену Васілеўскую.
Кандыдат-спойлер: Вера Жук
Для ўладаў, аднак жа, найбольш выгадным кандыдатам выглядае мацёрая чыноўніца, начальніца ўпраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Шаркаўшчынскага райвыканкама.
Акрамя іх, у Паставах балатуюцца прафсаюзны дзеяч і камуніст-прадпрымальнік.
Сенненская выбарчая акруга № 30
Міхаіл Чамурака
Ну і апошнім у Віцебскай вобласці Еўрарадыё прапануе звярнуць увагу на індывідуальнага прадпрымальніка з АГП 1983 года нараджэння, які займаецца будаўніцтвам калодзежаў. Чалавек з рукамі з таго месца ніколі не зашкодзіць камадзе годных дэпутатаў!
Кандыдат-спойлер: Аляксандр Дубаў
Паглядзелі — і хопіць, а цяпер сустракайце будучага дэпутата — намеснік генеральнага пракурора Беларусі Аляксандр Дубаў.
Згадаем на ўсялякі выпадак і іншых сенненскіх кандыдатаў: старшыня сельскага выканкама, прадпрымальнік-камуніст і менеджар-юрыст.