Вы тут

Лукашэнка адправіў у адстаўку начальніка Генштаба Белаконева

Алег Белаконеў / nn.by

Аляксандр Лукашэнка сваім указам №439 ад 5 снежня адправіў у адстаўку першага намесніка міністра абароны — начальніка Генштаба генерал-маёра Алега Белаконева. Адпаведны дакумент з'явіўся на Нацыянальным прававым партале pravo.by.

Звальненне тлумачыцца тым, што 17 лістапада Белаконеў стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў ад Пухавіцкай акругі №65. У запас яго звольнілі з правам нашэння вайсковай формы і знакаў адрознення.

Белаконеў кіраваў Генштабам беларускага войска ад 2014 года. У 2017 годзе менавіта ён патлумачыў, чаму грамадскіх назіральнікаў не пускаюць на вайсковыя вучэнні "Захад-2017". "Ведаеце, я прайшоў усе прыступкі вайсковай адукацыі. І, прызначаючы мяне на гэтую пасаду, кіраўнік дзяржавы ўлічваў мае здольнасці і веды. Я прафесіянал. Калі ж вы мяне запросіце ў клініку, дзе праводзяць аперацыі на сэрцы, я не змагу раіць гэтым людзям. Я не змагу стварыць з такіх жа, як я, групу, якая будзе кантраляваць правядзенне аперацый. Таму не бударажце грамадскасць", — адказаў Белаконеў на ініцыятыву Андрэя Дзмітрыева і Эдуарда Пальчыса.

Паводле прагнозаў Еўрарадыё, Белаконеў мусіў абавязкова стаць дэпутатам ад Пухавічаў. Яго сапернікам па акрузе быў прадстаўнік ЛДПБ, дырэктар фірмы “Хольцмайстар” Дзмітрый Пілюк

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.