Вы тут

Выбары 2019: парламент мары vs рэальны прагноз Еўрарадыё — Брэсцкая вобласць

Каго ў Брэсце выбірае Дрэйк, чытайце ніжэй.

Сёлетняя парламенцкая кампанія такі крыху здзівіла аматараў прагнозаў. Апазіцыйныя дэпутаткі Алена Анісім і Ганна Канапацкая, якім прадказвалі працяг дэпутацкіх мандатаў, нават не былі зарэгістраваныя ў якасці кандыдатак! І ўсё ж Еўрарадыё рызыкне зрабіць свой прагноз. Але крыху іншым чынам. 

Мы ўважліва вывучылі спіс кандыдатаў, улічылі самаадводы і “чырвоныя карткі” ад выбарчых камісій і найперш вызначыліся з тымі, за каго б самі прагаласавалі ў кожнай з акруг. Пераважная большасць фаварытаў — маладыя, адукаваныя, дзёрзкія — з якімі Палата прадстаўнікоў ажыла б. Але ёсць і старая гвардыя — кандыдаты з вялікім кандыдацкім досведам.

Увага! Выбар рэдыкцыі можа не супадаць з канчатковым рашэннем Цэнтрвыбаркама! Таму мы вызначылі і 110 кандыдатаў, якія, на нашую думку, маюць найбольшыя шанцы быць абранымі ў дэпутаты (у тэксце яны пазначаныя як кандыдаты-спойлеры). Шукайце сваю акругу — а далей вашая справа: пагаджацца з нашым выбарам ці не!

Брэсцкая вобласць: 

Брэсцкая-Заходняя выбарчая акруга № 1

У першай брэсцкай акрузе толькі два кандыдаты, і мы выбралі дырэктара фірмы “БУДМІР ЗАХАД” 1981 года нараджэння Уладзіміра Курыловіча з Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці.

Кандыдат-спойлер: Леанід Брыч

brich.of.by

Перамога ж, магчыма, дастанецца дзейнаму дэпутату 1958 года нараджэння з Беларускай патрыятычнай партыі.

 

Брэсцкая-Цэнтральная выбарчая акруга № 2

А вось у другой акрузе Брэста конкурс ужо шэсць кандыдатаў на дэпутацкае месца. Наш фаварыт — пенсіянер па інваліднасці 1970 года нараджэння з БСДП (Грамада) Дзмітрый Марчанка. Спадзяёмся, што ён зможа адстойваць праз парламент правы людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Кандыдат-спойлер: Марына Васько

 

Фота з сацыяльных сетак.

На нашу думку, пераможа ў гэтай акрузе намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 2. Яшчэ адзін педагог, які стане чыноўнікам. 

Іншыя сапернікі: намеснік дырэктара фірмы, інжынер-будаўнік, загадчык склада і пенсіянер з ЛДПБ. 

 

Брэсцкая-Усходняя выбарчая акруга № 3 

Ганна Канюс 

Фота з сацыяльных сетак.

Тут мы абралі б дырэктара асветніцкай сацыяльна-інфармацыйнай установы “Роўнасць і справядлівасць” 1978 года нараджэння з БСДП (Грамада). Калі ўжо ў беларускай дзяржаве вялікія праблемы з роўнасцю ды справядлівасцю, хай хаця б парламентарыям пра гэта раскажуць. 

Кандыдат-спойлер: Анатоль Дашко 

tomin.by

Найбольш імаверны пераможца выбараў — цяперашні дэпутат Палаты прадстаўнікоў.

Іх сапернікі: прадстаўніца інтытута нерухомасці, майстар аўтазапраўкі, настаўніца вясковай школы, ваенны пенсіянер, дырэктар брэсцкай школы. Тут жа балатаваўся інстаграм-кандыдат Уладзіслаў Сыса, але яго не зарэгістравалі з-за варшаўскага дыплома.

 

Брэсцкая-Пагранічная выбарчая акруга № 4

Ігар Маслоўскі 

Фота з сацыяльных сетак.

Яму 49 гадоў, працуе дырэктарам прыватнай адукацыйнай сацыяльна-інфармацыйнай установы “За свой горад”, сябра БСДП (Грамада).

Кандыдат-спойлер: Яўген Зайцаў

БЕЛТА

Хутчэй за ўсё, пераможа ў акрузе яго аднагодак, ваенны камісар Брэсцкай вобласці. Ваенных у парламенце не шмат, але зусім без іх наўрад ці ўлады абыдуцца.

Акрамя іх, тут балатуюцца інжынер-аграметэаролаг, дырэктар смеццеперапрацоўчага завода, выкладчык тэхнічнага ўніверсітэта і мантажнік трубаправодаў.

 

Баранавіцкая-Заходняя выбарчая акруга № 5 

Андрэй Пярвушын — малады індывідуальны прадпрымальнік 1988 года нараджэння. Няхай сабе і прадстаўляе праўладную ЛДПБ, але мы за маладосць.

Кандыдат-спойлер: Ігар Хлабукін 

mchs.gov.by

Яшчэ адзін сілавік, на гэты раз начальнік Баранавіцкага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях 1973 года нараджэння. Прадстаўнік МНС у парламенце павінен быць.

Акрамя іх, балатуюцца яшчэ пяць чалавек: намеснік фіндырэктара прыватнай фірмы, менеджар фірмы, 69-гадовы ІП з Партыі БНФ, настаўніца англійскай мовы і апазіцыйны камуніст, які часова не працуе.

 

Баранавіцкая-Усходняя выбарчая акруга № 6

Тут Еўрарадыё выбірае беспартыйнага прадпрымальніка 1979 года нараджэння Дзмітрыя Аўгуста, дырэктара прыватнай фірмы па аказанні паслуг “АНДАТРА”. 40 гадоў — добры ўзрост, калі і жыццёвы досвед ёсць, і сіл ды энергіі дастаткова.

Кандыдат-спойлер: Павел Папко 

Павел Папко — справа. Фота з сацыяльных сетак.

Найбольш імаверны пераможца ў акрузе — прарэктар па выхаваўчай рабоце Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта 1983 года нараджэння.

Сапернікі: слесар, спецыяліст па дакументаабароце, дырэктар школы і сябра АГП, які часова не працуе.

 

Баранавіцкая сельская акруга № 7

Фёдар Лосік

nashkraj.by

Тут з трох кандыдатаў выбраць няма каго. Але мы спынілі свой выбар на пенсіянеру з ЛДПБ 1952 года нараджэння. Якая-ніякая, але апазіцыя.

Кандыдат-спойлер: Людміла Жалнерчык 

sb.by

Пераможа ж на выбарах, хутчэй за ўсё, начальнік аддзела Брэсцкага абласнога ўпраўлення Следчага камітэта 1964 года нараджэння.

Трэці і апошні кандыдат у акрузе — намеснік дырэктара Ганцавіцкага ЖКГ.

 

Белавежская выбарчая акруга № 8

Фёдар Петрусевіч 

Фота з сацыяльных сетак.

Ваенны пенсіянер 1954 год нараджэння, сябра БСДП (Грамада). Калі ўжо будуць у парламенце праўладныя ваенныя, то хай бы быў і апазіцыянер.

Кандыдат-спойлер: Жанна Стаціўка

Але змагацца яму давядзецца з дзейнай дэпутаткай 1968 года нараджэння з Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці. Пра шанцы і гаварыць нічога не хочацца.

Сапернікі: першы сакратар раённага БРСМ і загадчык лабараторыі “Гефесттэхнікі”.

 

Пружанская выбарчая акруга № 9

Тут мы выбіраем чарговага індывідуальнага прадпрымальніка Міхаіла Новіка, няхай і 1956 года нараджэння. Ён прадстаўляе Аб’яднаную грамадзянскую партыю.

Кандыдат-спойлер: Аляксандр Ляўчук 

А стане дэпутатам, магчыма, галоўны ветэрынарны ўрач Аранчыцкай птушкафабрыкі 1985 года нараджэння. Што ж, патрэбныя і такія людзі ў парламенце!

Іншых кандыдатаў у акрузе даволі шмат: пенсіянер-камуніст, дырэктар фірмы, інжынер фірмы, прадстаўнік “Белтэлекама” і пенсіянер-апазіцыянер.

 

Днепра-Бугская выбарчая акруга № 10

Віктар Кавалюк

virtualbrest.by

Зноў усяго тры кандыдаты на акругу, і мы прапануем педагога дадатковай адукацыі з Брэста 1964 года нараджэння. Можа, сябра БСДП (Грамада) здолее навучыць дэпутатаў чаму-небудзь новаму? 

Кандыдат-спойлер: Святлана Барташ 

drogichin.by

Сапернік у Віктара сур’ёзны — 50-гадовая старшыня Драгічынскага раённага Савета дэпутатаў з Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці. Дасведчаная чыноўніца, якіх любяць у парламенце. 

 

Івацэвіцкая выбарчая акруга № 11

Раіса Гарбач

БЕЛТА

У Івацэвічах таксама знайшлося толькі тры ахвотныя стаць дэпутатам. Нам бы хацелася, каб у парламент трапіла дырэктар Івацэвіцкага гісторыка-краязнаўчага музея гісторык 1961 года нараджэння з Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці.

Кандыдат-спойлер: Наталля Голуб

Фота з сацыяльных сетак.

Але найбольш імаверны дэпутат ад Івацэвічаў — сябра праўладнай кампартыі 1987 года нараджэння, першы сакратар раённай арганізацыі БРСМ.

Па-за бортам застаецца 65-гадовы пенсіянер з БСДП (Грамада).

 

Кобрынская выбарчая акруга № 12

Наталля Галаніна

Фота з сацыяльных сетак.

Ад Кобрына Еўрарадыё абірае намесніцу дырэктара ТАА “ДЭ-ПА” 1980 года нараджэння. Яна прадстаўляе БСДП (Грамада). Але шанцаў у яе амаль няма.

Кандыдат-спойлер: Васіль Дземідовіч

Супрацьстаіць ёй і яшчэ тром кандыдатам дэпутат Палаты прадстаўнікоў 1961 года нараджэння. Яго і абяруць на другі тэрмін з высокай доляй імавернасці.

Іншыя сапернікі: машыніст экструдара з ЛДПБ, студэнт аграрнага ўніверсітэта і дырэктар кобрынскай дзіцячай вёскі.

 

Лунінецкая выбарчая акруга № 13 

Годны кандыдат у Лунінцы — кансультант па інвестыцыйных пытаннях 1993 года нараджэння з ЛДПБ Аляксандр Шкут. Эканамістаў у парламенце шмат не бывае.

Кандыдат-спойлер: Анатоль Насеня

А супрацьстаіць яму таксама эканаміст, але не прыватнага прадпрыемства, а з дзяржаўнага “Спецжалезабетона”.

Змагаюцца за дэпутацкае крэсла ў Лунінцы таксама слесар, старшыня прафсаюзнай арганізацыі і будаўнік.

 

Пінская гарадская выбарчая акруга № 14

Аляксандр Асоскаў

p-v.by

Калі ў Лунінцы фаварытамі эканамісты, то ў Пінску мы абралі юрыстаў. Еўрарадыё вылучыла б у парламент юрыст-кансультанта ў прыватнай юрыдычнай фірме “Асоскаў і Ка” 1991 года нараджэння з ЛДПБ.

Кандыдат-спойлер: Аляксандр Амельянюк 

А галоўны яго сапернік, як і астатніх кандыдатаў, — старшыня суда Пінскага раёна і горада Пінска 1964 года нараджэння. Малаімаверна, што ён не здолее перамагчы.

Таксама тут балатуюцца інжынер, рабочы і галоўны ўрач Пінскай дзіцячай бальніцы.

 

Пінская сельская акруга № 15

У гэтай акрузе ў нас атрымалася супадзенне. З найбольшай імавернасцю выбары тут выйграе дырэктар дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра “Світанак” 1968 года нараджэння Валянціна Бягеба. І яна ж трапіла ў наш пул. 

Іншыя кандыдаты: інжынер і старшыня сельсавета.

 

Столінская выбарчая акруга № 16

Сяргей Мазан

 

Фота з сацыяльных сетак.

Шэф-повар 1989 года нараджэння з БСДП (Грамада) прыцягнуў да сябе нашу ўвагу не толькі ўзростам, але і незвычайнай для дэпутата прафесіяй.

Кандыдат-спойлер: Аляксандр Бабаловіч

house.gov.by

Асноўны яго сапернік — дзейны дэпутат парламента 1964 года нараджэння.