Вы тут

"Вясна" адзначаная прэміяй за міжнароднае разуменне і прымірэнне

Цырымонія ўручэння прэміі мусіла прайсці ў Гамбургу ў канцы лістапада, але яе адмянілі праз COVID / spring96.org​

Беларускія праваабаронцы з незарэгістраванага цэнтра "Вясна" сталі лаўрэатамі прэміі Марыян Дэнхаф за міжнароднае разуменне і прымірэнне. Яшчэ адным лаўрэатам гэтага года стаў нямецкі палітык Герхарт Баўм.

Пра рашэнне журы было вядома яшчэ ў ліпені. У канцы лістапада ў нямецкім драматычным тэатры ў Гамбургу мусіла адбыцца цырымонія ўручэння прэміі, аднак яе адмянілі праз каранавірус.

Але арганізатары апублікавалі рэліз. У ім прыводзіцца цытата з прамовы старшыні парламенцкай групы Бундэстага Bündnis 90 / Die Grünen Катрын Герынг-Экардт. Яна адзначыла, што "дэмакратычная апазіцыя ў аўтарытарных сістэмах залежыць ад асвятлення падзей для сусветнай грамадскасці, таму што ў цемры дыктатуры растуць хутчэй, чым пры святле". "Вясна" ў гэтым сэнсе робіць вельмі шмат — 25 гадоў прыцягвае ўвагу да жорсткага абыходжання і парушэнняў правоў чалавека ў краіне.

Парламентарка таксама нагадала пра палітвязняў, якіх у Беларусі ўжо больш за 800.

"Уручэнне прэміі Марыян Дэнхаф — гэта нашаее абяцанне: ніхто з гэтага спісу не будзе забыты", — адзначыла яна.

Прэмія Марыян Дэнхаф уручаецца ўжо 19-ы раз. Сёлета лаўрэатаў вызначалі нямецкае выданне DIE ZEIT, фонд ZEIT Foundation Ebelin and Gerd Bucerius і Фонд Марыян Дэнхаф.  Лаўрэаты таксама адзначаныя грашовай прэміяй у 20 тысяч еўра.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.