Вяртання Касі Камоцкай на вялікую сцэну не адбудзецца

У сацыяльных сетках з’явілася інфармацыя, што канцэрт-вяртанне Касі Камоцкай адменены. Першапачаткова выступ спявачкі планаваўся на 26 лістапада ў малой зале КЗ “Мінск”, але арганізатары не паспелі атрымаць гастрольнае пасведчанне і былі вымушаныя перанесці выступ на 10 студзеня. Праўда, паводле слоў самой спявачкі, якая цяпер знаходзіцца ў Літве, ніякіх канцэртаў на гэтым тыдні яна не планавала і пра забароны нічога не чула.


“Я сама размаўляла з кіраўніком аддзела ідэалогіі Мінгарвыканкама. Дазвол на той канцэрт быў дадзены, — тлумачыць Кася Камоцкая. — А што датычыцца пераносу, то КЗ “Мінск” падпарадкоўваецца Адміністрацыі прэзідэнта, і ім пляваць на тое, што дазваляе Гарвыканкам! Ва ўсялякім выпадку мне сказалі, што ўсё было менавіта так, але дакладна я не ведаю”.


Згодна са словамі арганізатара Паўла Кашырына, тое, што дагэтуль недзе захавалася афіша мерапрыемства, — выпадковасць. Насамрэч, хоць пра гэта і не паведамлялася, выступ Касі Камоцкай быў даўно адменены па арганізацыйных пытаннях.


“Мы планавалі перанос на 10 студзеня, але праз пару-тройку дзён ад гэтай ідэі адмовіліся, — кажа Кашырын. — На Kvitki.by старонка сапраўды дагэтуль існуе, але квіткі даўно замарожаныя. Яны проста па сваіх тэхнічных прычынах не могуць яе зняць, яна сама знікне заўтра ў 19:00. Ці працягнем працу над канцэртам — не ведаю, бо з КЗ “Мінск” у нас так і не атрымалася, іншых пляцовак не знайшлося, ну і неяк усё затухла”.


Нагадаем, выступ спявачкі павінен быў стаць першым вялікім канцэртам за апошнія 10 гадоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі