Лёнік Тарасевіч: Першае “Басовішча” больш нагадвала студэнцкую сустрэчу

Напярэдадні юбілейнага фэсту адны з яго першых арганізатараў — вядомы польскі мастак беларускага паходжання Лёнік Тарасевіч і музыка, лідар гурта ULIS Слава Корань, прыгадваюць, з чаго пачыналася і чым жыло “Басовішча”.

Еўрарадыё: Што падштурхнула да стварэння фестывалю “Басовішча” і можа прыгадаеце, чыя гэта была ідэя?

Слава Корань: У 1989 годзе мы з гуртамі ULIS і “Мроя” былі на Беласточчыне, гралі канцэрт на стадыёне. Менавіта пасля таго выступу паўстала пытанне, каб стварыць беларускі фэст, дзе б узялі ўдзел беларускія гурты. І на наступны год такі фэст быў зроблены з дапамогай “Беларускага аб’яднання студэнтаў” Польшчы, а таксама Лёніка Тарасевіча.

Шмат людзей было задзейнічана ў арганізацыі, але я цяпер усіх не назаву. Не магу ўзгадаць, хто выдаў гэтую ідэю. Але, мабыць, яна проста лунала ў паветры. Дарэчы, Вітаўт Мартыненка ўвесь час кажа, што гэта ён прыдумаў.

Кася Камоцкая, 1992 год

Лёнік Тарасевіч: “Басовішча” ўзнікла натуральным чынам. Думаю, што пачалося ўсё яшчэ са студэнцкіх рэйдаў. Тое, што прапанавала нам беларускае грамадска-культурнае таварыства са сваімі фестывалямі, было ўжо штучным, смешным і такім прапагандысцкім. Таму самі студэнты гэта ўсё і прыдумалі. Самы пачатак стварэння фестывалю адбываўся без мяне, я далучыўся праз год. Гэта была натуральная патрэба нешта пачаць, а першае “Басовішча” больш нагадвала студэнцкую сустрэчу, чым нешта прафесійнае.

Еўрарадыё: Як абралі фестывальную пляцоўку? Чаму менавіта ўрочышча “Борык” стала месцам правядзення фэсту?

Слава Корань: Недалёка ад гэтага месца жыве Лёнік Тарасевіч. Наколькі я памятаю, ужо тады былі лаўкі і невялікая сцэна, бо там і раней нешта ладзілася. Гэта была невялічкая пляцоўка і менавіта на ёй мы правялі першы фэст. Нават дагэтуль існуе альтанка з тых часоў, толькі цяпер у ёй прадаюць піва.

Лёнік Тарасевіч: Гэтае месца абралася натуральна, бо ў гэтай гміне заўжды адбываліся мерапрыемствы. У той час у Гарадку існавала беларускае дэмакратычнае аб’яднанне, таму тут мы мелі найменшыя праблемы для правядзення фестывалю. Тым больш, што наша асяроддзе вельмі кансерватыўнае. Калі што-небудзь з’яўляецца ў першы раз, і людзі, і тым больш улады з недаверам на гэта глядзяць.

Еўрарадыё: Як абіралі самых першых удзельнікаў фэсту?

Слава Корань: Тады беларускіх гуртоў было вельмі мала, таму прыязджалі тыя, якія існавалі. Адначасова з рок-гуртамі былі і барды, і вясельныя гурты. Адзін такі гурт быў з Гродна. Не магу прыгадаць назву, але на “Басовішчы” ён карыстаўся вялікай папулярнасцю. Першая публіка на фестывалі была такая разнастайная! Было шмат пажылых людзей, якія танчылі пад гэтыя вясельныя песні. Што тычыцца рок-музыкаў, то спачатку былі ULIS і “Мроя”.

Лёнік Тарасевіч: Першае “Басовішча” — гэта людзі, якія былі папулярнымі ў тагачасным беларускім асяроддзі на Беласточчыне. Такімі зоркамі былі Віктар Шалкевіч, Сяржук Сокалаў-Воюш, Кася Камоцкая. Музыкі проста запрашаліся арганізатарамі без усялякіх конкурсаў і адбораў. Мы тады не выбіралі — не было з чаго.

"Палац"

Еўрарадыё: Ці шмат беларусаў прыязджала на першыя фестывалі?

Слава Корань: Я не думаю, што было шмат беларусаў. Гэтыя фестывалі былі вельмі камернымі. У асноўным збіралася мясцовая публіка. Гурты прыязджалі за свой кошт, жылі ў намётах ці ў школе, на матах — дзе заўгодна.

Лёнік Тарасевіч: А мне здаецца, беларусаў заўжды было шмат. Асабліва гэта было бачна па сцягах.

Еўрарадыё: Можа быць, прыгадаеце, якім быў бюджэт першых фэстаў? І хто ўвогуле фінансаваў тады “Басовішча”?

Слава Корань: Удзельнічала мясцовая гарадская адміністрацыя, нешта даваў БАС (“Беларуская аб’яднанне студэнтаў” Польшчы, — Еўрарадыё). Больш нічога не было. Да 1992 года не было ні конкурсаў, ні прэмій.

Еўрарадыё: Як і калі з’яівлася ідэя правесці конкурс на “Басовішчы”?

Слава Корань: Можна сказаць, што конкурс з’явіўся на “Басовішчы” у 1992 годзе. Спачатку былі проста прызы для гуртоў.

Лёнік Тарасевіч: Калі “Басовішча” пачало хутка развівацца, прыкладна ў 1993 годзе, частка людзей, якая займалася фэстам, была ад яго адхіленая. А новы фармат мяне ўжо не вельмі цікавіў.

Еўрарадыё: Прыкладна да 2005-2006 года стаўка на “Басовішчы” рабілася выключна на беларускую мову, а цяпер усё больш акцэнт ставіцца на музыку. Як вы да гэтага ставіцеся? І ці ёсць цяпер нейкі фармат у “Басовішча”, ці можна яго параўнаць з тым, якім ён быў раней.

Слава Корань: “Басовішча” было вельмі разнастайным. Першыя гады адчувалася больш цёплая і камерная атмасфера. Беларуская мова ўвогуле была першай і галоўнай ідэяй гэтага фестывалю. Прыкладна у сярэдзіне 1990-х з’явілася шмат беларускамоўных гуртоў, узнікла нейкая канкурэнцыя, прызы за выступ. Тады яшчэ на “Басах” былі добрыя хэдлайнеры, добрая апаратура, добрае святло і добрыя польскія хэдлайнеры. На той момант адносіны беларускіх гуртоў з апаратурай былі не такімі дакладнымі. І таму польскія калектывы гучалі вельмі добра ў параўнанні з нашымі. Потым усё змянілася, і беларускія гурты сталі гучаць аднолькава з польскімі. Не ведаю, чаму, але ў пэўны момант зніклі добрыя польскія хэдлайнеры. Можа, з'ехалі куды ў Еўропу.

ULIS і Віктар Шалкевіч

Што тычыцца мовы, то згодна з ідэяй павінна была быць беларуская мова, на ёй мусілі быць і праграмы гуртоў. Так павінна было і заставацца. Гэта давала развіццё беларускай мове ў беларускай моладзевай культуры. А цяпер гэтага няма, як і няма добрых беларускамоўных гуртоў. Ёсць некалькі, але іх можна пералічыць па пальцах.

Лёнік Тарасевіч: Раней гурты, якія спявалі па-руску, адмыслова запісвалі 1-2 песні на беларускай мове, каб трапіць на “Басовішча”. Не ведаю, што там адбываецца цяпер. Я думаю, мы так хочам, каб усё было па-беларуску, але гэтага няма ў такой колькасці. Не мусіць быць беларускім толькі тое, што на беларускай мове. Як і не мусіць быць усё польскае на польскай.

 

Еўрарадыё: У якія гады на вашу думку быў пік фестывалю?

Слава Корань: На жаль, свайго піку фестываль дасягнуў тады, калі ім займаліся больш прафесійныя арганізатары. Але гэта быў і пік, і заняпад. Пік — адносна публікі, бо там збіралася 7-10 тысяч чалавек. З іншага боку, тыя арганізатары, на мой погляд, кепска ставіліся да беларускіх музыкантаў. Быў пэўны сабатаж: беларускія гурты ставіліся ў кепскі час, а польскія гурты гучалі лепей, пад іх лепей адладжвалася апаратура. Але што тычыцца прафесійнага падыходу — гэта было тады, прыкладна, у сярэдзіне 1990-х гадоў і ў 2000-я.

Потым тыя людзі сышлі, і да арганізацыі фэсту далучыліся студэнты-непрафесіяналы, якія не ведаюць, як арганізаваць фэст і як яго ўтрымаць. І таму гэта ўсё паступова стала менш прафесійна і ўсё больш стала нагадваць дзіцячую пясочніцу.

Лёнік Тарасевіч: Я чалавек суб’ектыўны, і на маю думку, інтэлектуальны ўзровень ў “Басовішча” быў пакуль выступаў ULIS. Фальклорныя і поп-гурты як не цікавілі мяне раней, так і не цікавяць сёння.

Еўрарадыё: Ці могуць студэнты ствараць канкурэнтаздольны фестываль і ці вытрымлівае “Басовішча” канкурэнцыю сёння?

Слава Корань: Пра гэта ўжо даўно гаварылася і арганізатарам, і “БАСаўцам”. Але яны не жадаюць прыслухоўвацца. Ім больш нічога не трэба. Ёсць грошы, якія ім дае Міністэрства ўнутраных спраў, а фэст мусіць мець шмат грошай. “Басовішча” ніколі не шукала фінансаванне самастойна.

Лёнік Тарасевіч: Цяпер гурты шмат гастралююць сваімі сіламі, у гэтым плане сітуацыя вельмі змянілася. Для таго ж, каб выступіць у Польшчы, музыкам ужо даўно не трэба шукаць шлях менавіта праз “Басовішча”. Так як і не варта чакаць, што “Басовішча” будзе іншым. Больш трэба глядзець не на музыку, як на форму, якая будзе рэпрэзентаваць беларускасць, а аналізаваць цэлае пакаленне маладых людзей.

Ilo&friends

Еўрарадыё: То бок, на вашу думку, праблема ўсё ж менавіта ў падыходзе да фестывалю?

Слава Корань: Так, гэты фэст дэградаваў і стаў такім фэстам для шкаляроў — з аднаго боку з-за арганізатараў, з іншага — з-за ўдзельнікаў. Узровень як беларускіх, так і польскіх калектываў на “Басовішчы” знізіўся. І цяпер ён стаў такім местачковым фестывалем, які робіцца Беларускім аб’яднаннем студэнтаў — беларускім асяроддзем на Беласточчыне. Там няма прафесійнага падыходу.

Лёнік Тарасевіч: Фестывалем займаюцца маладыя людзі, якія не могуць прыдумаць ніякай новай формы для “Басовішча”, а старая была прыдуманая 25 гадоў таму!

Еўрарадыё: Якім бы магло быць ідэальнае “Басовішча”, на вашу думку? Пра што вы марыце ў сувязі з “Басовішчам”?

Слава Корань: Насамрэч, я ўжо ні пра што не мару ў сувязі з “Басовічшам”, таму што нешта там зрабіць ужо немагчыма. На фестывалі аднолькавы падыход, і ён ніколі не зменіцца.

Быў час, калі фестываль “Басовішча” выйшаў на пік. Брэнд спрабавалі выкупіць, а фэстам хацелі заняцца прафесіяналы. Але студэнты яго не прадалі. Гэта быў іх шанец. “Басовішча” магло стаць іншым фестывалем, але яго арганізатары гэтага не зрабілі. І сёлета я адмовіўся ад супрацоўніцтва з “Басовішчам”, таму што яно не развіваецца, і цяпер ужо нічога не зменіцца.

Лёнік Тарасевіч: Я сваё зрабіў. Стараўся, каб гэта выглядала прынамсі як у 1993 годзе. Думаю, што яшчэ ніколі “Басовішча” не дасягнула таго ўзроўню. На сённяшні дзень я займаюся іншымі справамі і чытаю кніжкі — я ўжо не буду маладым. Гэта сённяшнія маладыя арганізатары фестывалю мусяць рабіць, што яны хочуць, каб мець тое, што хочуць.

Фота: Courtesy Photo

svaboda.org