Як 25-е "Басовішча" "ўзарвалі" 25 дзяцей з Вольскім і кампаніяй

"У мяне два першыя канцэрты на "Басовішчы" былі класныя - у 90-м і 91-м гадах, — узгадвае Лявон Вольскі. — Потым было шмат правальных. Таму што іх ставілі ў тры гадзіны раніцы, а ў 3:30 прыходзіла паліцыя за сцэну і казала, што трэба "завязваць". У 99-м годзе быў суперканцэрт N.R.M. А сённяшні выступ гэта мой чацвёрты класны канцэрт на "Басовішчы", дзякуючы дзецям".

Інтрыга сёлетняга "Басовішча" — супольны праект дзіцячага AB-BA Orkiestra з Беластоку і беларускіх рокераў на чале з Лявонам Вольскім — сапраўды становіцца галоўнай падзеяй фэсту. Ідэя праекту належыць лідару Zero-85, мастаку і колішняму арганізатару "Басоў" Юрку Асенніку:

"Аднойчы я глядзеў канцэрт Gorillaz, калі яны ўпершыню выступалі не як кардонныя намаляваныя постаці, а ўжывую. І яны выйшлі на сцэну з дзецьмі для песні "Kids with Guns". І ў момант, калі гучала гэтая песня, я ўяўляў сабе, як будзе супер зрабіць падобны праект з беларускімі песнямі. І калі гаворка зайшла пра юбілей, я падкінуў ідэю дзяўчынам AB-BA".

AB-BA Orkiestra — гэта 25 дзяцей з беластоцкай пачатковай гімназіі №4, якія вывучаюць беларускую мову. Іх апякунка, настаўніца беларускай мовы і адна з араганізатарак першых "Басоў", Аліна Ваўранюк кажа, што дзяцей у праект не адбіралі, а проста распавялі пра яго і сказалі, што да яго можа далучыцца кожны, хто мае жаданне.

"Я ўвогуле ад пачатку страшэнна зайздросціла дзецям. Сам факт таго, што на рэпетыцыі прыязджае Вольскі, што ён распавядае ім, як спяваць, што з імі спявае Памідораў, нарэшце, Ігар Варашкевіч, на мяне саму гэта робіць вялізнае ўражанне. І таксама я сёння сказала дзецям, што дзякуючы ім я першы раз таксама ўлезла на сцэну "Басовішча" і разам з імі спявала "Тры чарапахі", — смяецца Аліна, якая не прапусціла за 25 гадоў ніводны фэст.

Пачынаюць дзеці і Лявон пад акампанемент мясцовых музыкаў  з "Зямлі". Адзін за другім на сцэну выходзяць Ігар Варашкевіч, Юрка Асеннік, Крыстафор Сяскевіч з гурта "Кардон" з 90-х, Аляксандр Памідораў. Гучаць "Слуцкая брама" і "Будзь разам з намі", хіты з 90-х "Радыяцыя" і "Шызафрэнія", "Партызанская" і "Дым", ляпісаўская "Не быць скотам" і "Тры чарапахі".

"Тут шмат песень не хапае: "Прэзідэнт, ідзі дамоў", "Мы на сэрцы золатам вышывалі краты", "Чужаніцы", ніводнай песні гарадзенскіх гуртоў: "Кальян", Deveation, песень "Жыгімонта Вазы" - тут іх месца", — наракае Юрка Асеннік. Аліна Ваўранюк дадае, што тут абавязкова павінна быць улісаўская "Радыё Свабода", але Слава Корань адмовіўся ад удзелу ў праекце і не дазволіў дзецям спяваць свае песні. Еўрарадыё музыка патлумачыў свой учынак тым, што не хоча мець з цяперашнім фэстам нічога агульнага.

Тым не менш стваральнікі новага праекту спадзяюцца, што да 30-годдзя "Басовішча" праект будзе дапрацаваны.