Алесь і Кася Камоцкія ўпершыню выступяць разам

22 сакавіка славуты беларускі выканаўца аўтарскай песні Алесь Камоцкі і фронтвумэн гурта “Новае неба”, рок-князёўна Кася Камоцкая ўпершыню выступяць на адной сцэне. Праўда, канцэрт будзе складацца з двух асобных сэтаў музыкаў.



“Алесь спяе песні на вершы Рыгора Барадуліна у знак памяці, а потым выканае сваю новую ірландскую праграму, — распавядае пра канцэрт Кася Камоцкая. — А я буду выконваць такую салянку са старых песень і таксама спяю некалькі зусім новых. Яшчэ я выканаю песні Алеся на вершы Уладзіміра Караткевіча”.



Як так атрымалася, што музыкі не выступалі разам, нават, у часы, калі былі жанатыя, Кася не ведае. Маўляў, ніколі не задумваліся, ды і аўдыторыі былі розныя.



Гістарычны сумесны выступ Алеся і Касі Камоцкіх адбудзецца ў мінскім Палацы культуры імя Шарко (вул.Уральская, 3). Пачатак у 19:00. Квіткі ад 60 000 да 120 000.



Даведкі: (29) 6490888.

Фота: Budzma.org