Вяртанне палітэмігранта ў Беларусь — памылка, якая абернецца турмой

У гасцях добра, а дома лепш — гэта не пра цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі / unsplash.com
У гасцях добра, а дома лепш — гэта не пра цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі / unsplash.com

Нямала беларусаў здолелі выратавацца і выехаць за мяжу пасля пратэстаў 2020 года — цяпер яны фізічна недаступныя для карных органаў Аляксандра Лукашэнкі. Рэжым гэта разумее і выкарыстоўвае ўсе магчымыя спосабы, каб выкарчаваць ненавісную яму свядомую частку беларускага грамадства.

Яшчэ ў студзені Лукашэнка заклікаў "пратэстуноў" каяцца, станавіцца на калені і паўзці дадому. Бачачы, што пагрозы не дапамагаюць, памагатыя рэжыму час ад часу мяняюць тон. 5 верасня экс-начальнік Фрунзенскага РУУС Мінска (а цяпер "дэпутат") Алег Гайдукевіч ужо спяшаецца запэўніць, што беларусы не павінны баяцца вяртацца. "Ніхто тут не крыважэрны", — мякка сцеле Гайдукевіч. "У нас досыць добры прэзідэнт. Ён яшчэ і памілуе многіх, а хтосьці падпадзе пад амністыю потым".

Вынік "некрыважэрнасці" — загубленыя лёсы беларусаў, якія наіўна вырашылі вярнуцца, забыўшыся пра тое, што ў Беларусі да гэтага часу поўным ходам ідуць рэпрэсіі. Пра некаторых з гэтых людзей наш матэрыял.

 

Мама так і не ўбачыла сына

Возвращение политэмигранта в Беларусь — ошибка, которая обернётся тюрьмой
Аляксей Рэзнікаў / тэлеграм-канал праваабарончага цэнтру "Вясна"

Аляксей Рэзнікаў працаваў за мяжой. Тэрмінова вярнуўся ў Беларусь праз цяжкі стан здароўя сваёй маці. "Органы" схапілі 34-гадовага віцябляніна і абвінавацілі яго па пяці артыкулах КК: рэабілітацыя нацызму, распальванне варожасці, абраза "прэзідэнта" і прадстаўніка ўлады, а таксама глумленне над дзяржаўнымі сімваламі.

Усё гэта следства знайшло ў пастах і рэпостах Рэзнікава ва "УКантакце". Аляксей больш за чатыры месяцы знаходзіўся пад арыштам у віцебскім СІЗА і ў выніку атрымаў чатыры з паловай гады калоніі агульнага рэжыму.

Мама так і не ўбачыла сына: яна памерла праз тры дні пасля яго арышту.

 

(Не) вярнуўся да бацькоў

Возвращение политэмигранта в Беларусь — ошибка, которая обернётся тюрьмой
Журналіст і грамадскі дзеяч Павел Мажэйка / тэлеграм-канал праваабарончага цэнтру "Вясна"

Гродзенскага журналіста Паўла Мажэйку затрымалі ў жніўні 2022 года, калі ён прыехаў з-за мяжы наведаць бацькоў у Гродне. Дома ў яго адбыўся ператрус, цяпер мужчына знаходзіцца ў гродзенскай турме №1. Прычына затрымання невядомая. Магчыма, яму ўжо прад'яўлена абвінавачанне.

У сакавіку 2021 года Мажэйку затрымлівалі па справе выставы ў гродзенскім "Цэнтры гарадскога жыцця", якім ён кіраваў. Тады быў паказаны партрэт антысавецкага падпольшчыка Яўгена Жыхара. Аўтара карціны, мастака Алеся Пушкіна, улады палічылі вінаватым па артыкулах "Глумленне над дзяржаўнымі сімваламі" і "Распальванне варожасці або варажнечы". Вынік — чыноўнікі ліквідавалі "Цэнтр гарадскога жыцця", Мажэйку праз трое сутак адпусцілі, а Алесь Пушкін атрымаў 5 гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.

Да свайго затрымання ў жніўні 2022 года Павел ужо паспеў пабываць у жорнах "правасуддзя". У 2002-м яго асудзілі на два гады хіміі за "паклёп" на Аляксандра Лукашэнку.

 

Бясстрашны адвакат

Возвращение политэмигранта в Беларусь — ошибка, которая обернётся тюрьмой
Адвакат Юлія Юргілевіч / тэлеграм-канал праваабарончага цэнтру "Вясна"

У канцы жніўня ў Гродне затрымалі адваката Юлію Юргілевіч. Яна не выйшла на волю праз трое сутак пасля затрымання і цяпер знаходзіцца ў СІЗА.

Жанчына з'ехала з Беларусі пасля таго, як у лютым яе, адваката са стажам больш за 18 гадоў, выключылі са складу Гродзенскай абласной калегіі адвакатаў нібыта за сістэматычныя парушэнні заканадаўства. Дэ-факта такое рашэнне — гэта пазбаўленне адвакацкай ліцэнзіі і забарона на працу, паколькі ў Беларусі немагчыма займацца адвакацкай дзейнасцю па-за дзяржаўнымі калегіямі адвакатаў. Крыху пазней Юлія вырашыла вярнуцца ў Беларусь — і была затрыманая.

Юлія Юргілевіч вядомы і дасведчаны адвакат. Яна абараняла ў судзе цяперашніх палітвязняў Алеся Пушкіна, Арцёма Баярскага, Андрэя Аўсіевіча, Андрэя Сакалоўскага.

 

З Германіі ў беларускую турму

Возвращение политэмигранта в Беларусь — ошибка, которая обернётся тюрьмой
Яўген Блахінскі / "УКантакце"

Гродзенец Яўген Блахінскі працаваў будаўніком за мяжой. У студзені 2022 года ён вырашыў прыехаць дадому з Германіі, і на радзіме яго неадкладна прынялі "органы". Яны прымусілі мужчыну на камеру "прызнацца" ў тым, што ён у 2020 годзе нібыта ўдзельнічаў у чатах, у якіх заклікаў "да масавых беспарадкаў, забойства міліцыі, спальвання "Табакерак". У пакаянным відэа з Яўгенам "органы" прадэманстравалі скрыншоты перапісак з чатаў і польскую "Карту пабыту" Блахінскага. Мужчыну вымусілі папрасіць прабачэння на камеру і сказаць, што ён гатовы панесці пакаранне.

Зневажальныя "раскаянні" не дапамаглі вярнуцца да нармальнага жыцця ў Германіі. Цяпер гродзенца абвінавачваюць у распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы, у абразе "прэзідэнта", масавых беспарадках і ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх.

 

7 гадоў калоніі за нагу сілавіка

Возвращение политэмигранта в Беларусь — ошибка, которая обернётся тюрьмой
Павел Лінкевіч / тэлеграм-канал праваабарончага цэнтру "Вясна"

12 жніўня 2020-га Павел Лінкевіч ехаў на пазадарожніку па Баранавічах. Да яго аўто пабеглі міліцыянеры, і мужчына ў часе манеўру наехаў на нагу супрацоўніку МУС. Паводле версіі следства, зрабіў ён гэта наўмысна. За Паўлам пагналіся, але дагнаць не змаглі — ён кінуў машыну ў раёне вёскі Антонава і схаваўся. Сілавіку нібыта былі прычыненыя цяжкія цялесныя калецтвы, з якімі яго паклалі ў лякарню. Лінкевіч тым часам ужо быў у Польшчы.

У 2022 годзе Павел вырашыў вярнуцца дадому. Аказалася, што радзіма яго не забылася. 5 траўня мужчыну затрымалі і абвінавацілі па частцы 2 артыкула 147 КК — "Наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання".

Павел атрымаў 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму — столькі каштавала для яго рашэнне вярнуцца ў Беларусь. Акрамя таго, абвінавачанне запатрабавала канфіскаваць аўтамабіль і спагнаць 10 тысяч рублёў кампенсацыі на карысць сілавіка.

 

Не вытрымаў і прыехаў да дзяцей

Возвращение политэмигранта в Беларусь — ошибка, которая обернётся тюрьмой
Грамадзянін РФ і палітвязень Андрэй Новікаў / "Радыё Рацыя"

Першапачаткова актывіста Андрэя Новікава затрымалі ў чэрвені 2020-га за ўдзел у пікеце па зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую. Мерапрыемства ўлады палічылі несанкцыянаваным і пазней прад'явілі мужчыну абвінавачанне па артыкуле 342 КК, "Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак".

У лістападзе таго ж года Андрэя Новікава дэпартавалі ў Расію, забараніўшы ўязджаць на тэрыторыю Беларусі на працягу дзесяці гадоў.

Але Андрэй пайшоў насуперак прадпісанню суда і вярнуўся для таго, каб пабачыцца з жонкай і двума дзецьмі. 13 красавіка 2021 года ён зноў быў затрыманы і атрымаў артыкул 371 КК за незаконнае перасячэнне дзяржмяжы. У жніўні 2021 года Новікава прысудзілі да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

 

Адміністратар платформы "23.34"

Улады не называюць імя і прозвішча затрыманага ў Беларусі мужчыны, які, паводле версіі следства, быў адміністратарам пратэставай платформы "23.34", якая нібыта супрацоўнічала з "Чорнай кнігай Беларусі". Генпракуратура Беларусі заяўляе, што знайшла ў адабранай камп'ютарнай тэхніцы абвінавачванага персанальныя звесткі "амаль 17 тысяч службовых асоб, праваахоўнікаў і вайскоўцаў".

Памылку мужчына дапусціў тады, калі ў верасні 2021 года вярнуўся ў Беларусь. Тут яго знайшло і затрымала КДБ. Генпракуратура заяўляе пра датычнасць мужчыны "да дзейнасці экстрэмісцкіх рэсурсаў". Судзіць саракагадовага ўраджэнца Гродзенскай вобласці будуць за "распальванне варожасці" па 130-м артыкуле КК РБ.

Возвращение политэмигранта в Беларусь — ошибка, которая обернётся тюрьмой
Скрыншот з сайта праекта "23.34" / 23-34.net

— Ніякіх гарантый сёння няма, і ніякіх ілюзій не павінна быць! Так, можна ездзіць у Беларусь і ў Польшчу, але... гэта можа раптам скончыцца, і калі гэта здарыцца, у які канкрэтна момант — ніхто не ведае, піша ў фэйсбуку журналістка Любоў Лунёва. — Затрымалі Паўла Мажэйку, калі той чарговы раз паехаў праведаць бацькоў у Гродне. А хто мог ведаць, што там зачыстка цяпер датычыцца не толькі яго паплечнікаў, але і сваякоў і яго самога?

Вінаваціць могуць у чым заўгодна. Ніхто нават не пытаецца: за што? Цікавіць нумар артыкула Крымінальнага кодэкса, каб толькі ведаць, колькі "свеціць" чалавеку правесці за кратамі…

Нельга! Ну нельга цяпер туды ездзіць, калі вы вядомая асоба, асабліва калі журналіст ці грамадскі актывіст. Смярдзючая камера чакае на радзіме кожнага, хто спадзяецца: можа, абміне гэтая навала, маўляў, пабачуся са сваімі і вярнуся. Не вернешся, — робіць несуцяшальную выснову Любоў Лунёва.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі